Top.Mail.Ru

Чым адметны ўніверсальны пагрузчык «АМКАДОРА»?

Поўны цыкл вытворчасці, пастаўкі паміж прадпрыемствамі, складаная лагістыка і амаль стапрацэнтнае імпартазамяшчэнне — менавіта так працуюць заводы холдынга «АМКАДОР». Адзін з іх — «Ударнік» — самае што ні на ёсць сэрца кампаніі, адзін з галоўных яго зборачных цэнтраў. Тут збіраюць універсальны пагрузчык W500C, адзначаны ў пачатку года найвышэйшай узнагародай — Дзяржаўным знакам якасці. Чаму прызнанне атрымала гэта мадэль, у чым яе асаблівасці і перавагі, даведаліся карэспандэнты газеты «Звязда».


Стаўка на сваё

Гісторыя «АМКАДОРА» бярэ пачатак 1 лютага 1927 года, калі пачала работу фабрыка дзіцячых цацак «Адраджэнне». З часам вытворчасць пашыралася, асвойваліся новыя тэхналагічныя нішы, папаўняўся пералік вырабаў — і сёння тэхніка «АМКАДОРА» ахоплівае практычна ўсе сферы жыцця краіны. Дарожнае будаўніцтва, лясная і сельская гаспадаркі, камунальная сфера — усюды задзейнічаны машыны холдынга.

— На заводзе «Ударнік» мы выпускаем франтальныя ўніверсальныя пагрузчыкі грузападымальнасцю ад паўтары да пяці з паловай тон. Асноўныя сферы прымянення — дарожнае будаўніцтва і сельскагаспадарчая прамысловасць. На нашым канвееры ідзе зборка як серыйных машын, так і пагрузчыкаў новай лінейкі, новых мадыфікацый. Дарэчы, тут арганізаваны поўны цыкл вытворчасці: ад раскрою металу да фінальнай зборкі. У тэхналагічны ланцужок уключаны нарыхтоўчы, зварачны, механічны цэхі, цэх зборкі, а таксама ўчасткі гальванікі і афарбоўкі. Усе дэталі, вузлы і кампаненты, якія потым усталёўваюцца на канвееры, вырабляюцца менавіта тут, на «Ударніку», — расказвае намеснік генеральнага дырэктара ТАА «АМКАДОР МАШ» — кіруючая кампанія» холдынга Андрэй Крышталь.


Стаўка робіцца на ўласныя, айчынныя камплектуючыя — каля 90–95 % кампанентаў і вузлоў, якія ставяцца на гэту тэхніку, вырабляюцца ў Беларусі на заводах «АМКАДОРА», адзначыў Андрэй Крышталь. Мінскі маторны завод пастаўляе рухавікі, а астатнія элементы, якія адсутнічаюць, паспяхова імпартуюцца з Расіі. Да такога прынцыпу работы кампанія прыйшла свядома: па-першае, гэта змяншае залежнасць ад замежных імпарцёраў. Па-другое, холдынг атрымлівае максімальны кантроль над гатовым прадуктам, гарантуючы такім чынам яго выніковую высокую якасць — тое, чым беларускія тавары славяцца на ўвесь свет.

З павагай да спажыўца

Пацвярджэннем эфектыўнасці такой стратэгіі стала атрыманне адной з машын кампаніі Дзяржаўнага знака якасці. Гонару па выніках 2025-га быў удастоены ўніверсальны пагрузчык W500C, які выйшаў на рынак у тым жа годзе. Пры праектаванні навінкі інжынеры дэталёва вывучылі водгукі тых, хто працаваў на папярэдняй версіі — пагрузчыку 352С, — і максімальна ўлічылі ўсе пажаданні, падзяліўся начальнік цэнтра перспектыўнага развіцця ААТ «АМКАДОР» — кіруючая кампанія холдынга» Віталь Пышынскі:

— На вытворчасць пагрузчыка — ад самага моманту паступлення металу на нарыхтоўчы ўчастак — патрабуецца каля месяца. Але непасрэдна працэсу вытворчасці папярэднічала шмат работы. Мадэль стала вынікам работы ўсяго калектыву: маркетолагаў, канструктараў, тэхнолагаў вытворчасці. Над канцэпцыяй працавала цэлая каманда спецыялістаў: праводзіліся маркетынгавыя даследаванні рынку, вывучаліся запатрабаванні і пажаданні спажыўцоў, а якасць мадэлі праектавалася ўжо на этапе яе стварэння.


Вядома, на кожным этапе вытворчасці не абысціся без сістэмы кантролю якасці. Як расказаў Віталь Пышынскі, яшчэ да запуску ў серыю збіраюць доследны ўзор, выпрабоўваюць яго, аналізуюць — усё ў цеснай звязцы з рабочымі і майстрамі цэхаў. 

Прыёма-здатачныя выпрабаванні машына праходзіць і перад тым, як адправіцца да пакупніка. Правяраюць якасць афарбоўкі, яе стойкасць, каробкі перадач і масты тэсціруюць на заводах-вытворцах. «А калі пагрузчык ужо цалкам сабраны, яго чакае абкатачны стэнд, дзе правяраюць грузападымальнасць, тармазную сістэму, — адзначыў Віталь Пышынскі. — Толькі пасля цэлага комплексу мерапрыемстваў у дакументацыю ставяць адпаведныя адзнакі — і машыну можна выпускаць на рынак, да спажыўца».

Па сучасных тэхналогіях

Дарэчы, новая машына атрымала трансмісію новага пакалення, яе грузападымальнасць вырасла да пяці тон, а аб’ём каўша дасягнуў трох кубічных метраў. Разам з эксплуатацыйнай масай падцягнуліся і дынамічныя характарыстыкі, а гэта прамы ўплыў на прадукцыйнасць і эфектыўнасць. Павялічылі і аб’ём паліўнага бака да 250 літраў, у выніку чаго машына можа працаваць даўжэй без дазаправак — важкі аргумент для камунальнікаў, будаўнікоў і прамыслоўцаў, якія часцей за іншых эксплуатуюць падобную тэхніку.


Сярод плюсаў — і гідрамеханічная перадача новага пакалення з электронным кіраваннем, а таксама сучасны, стыльны дызайн машыны. «Дызайн пагрузчыка змянілі цалкам, — адзначыў Віталь Пышынскі. — Прыйшлі да еўрапейскіх стандартаў: на W500C усталявана пластыкавае абліцоўванне, якое працуе на вонкавы выгляд пагрузчыка і яго канкурэнтаздольнасць». Кампаноўку перасабралі, кабіну зрабілі прасторнай. Агляд — выдатны, а значыць, камфортная і бяспечная работа аператару забяспечана.

Дарэчы, аб спажыўцах. З таго часу як мадэль AMKODOR W500C запушчана ў вытворчасць, яна толькі пацвярджала сваю канкурэнтаздольнасць у самых розных галінах — ад сельскай гаспадаркі да будаўніцтва. Адсюль і высокі попыт на тэхніку ў краінах ЕАЭС і не толькі — мадэль запатрабаваная, напрыклад, у Нікарагуа. Дарэчы, для афарбоўкі пагрузчыкаў, якія адпраўляюцца ў такія гарачыя рэгіёны, выкарыстоўваецца двухкампанентная фарба. Такое пакрыццё лепш пераносіць перапады тэмператур і больш устойлівае да абразіўнага ўздзеяння пяску і ветру.


Геаграфію паставак плануецца пашыраць. У планах кампаніі і завода «Ударнік» у прыватнасці і рэканструкцыя нарыхтоўчага, зварачнага і зборачнага цэхаў, а таксама планавая замена абсталявання, якое выпрацавала свой рэсурс і маральна састарэла. Да 2030 года прадпрыемства мае намер абнавіць фарбавальную і сушыльную камеры: новы комплекс будзе працаваць як канвеерная лінія з укараненнем сучаснай сістэмы падрыхтоўкі паверхні. Асноўная задача — павялічыць прадукцыйнасць і дамагчыся больш высокай якасці пакрыцця.

Аміна НАЗАРАВА
Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю