Праца судовых экспертаў часам незаўважная, але менавіта яна часта становіцца вырашальнай у аднаўленні справядлівасці. Сёння на дапамогу спецыялістам Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз прыходзяць новыя тэхналогіі, якія дазваляюць значна аблегчыць і паскорыць працэсы экспертных даследаванняў, удасканальваюцца метады, дзякуючы чаму на месцы злачынства заўсёды выяўляюцца нават самыя невідавочныя сляды, а значыць, і пазбегнуць пакарання злачынцу немагчыма. Аднак судовыя эксперты задзейнічаны сёння і ў зусім «незлачынных» справах, без якіх немагчыма прадставіць сучаснае жыццё, — генетычная экспетыза па ўстанаўленні сваяцтва і роднасных сувязяў ці, напрыклад, экспертыза маркіровачных абазначэнняў аўтамабіля, якая дазваляе ўстанавіць, ці змяняўся яго VІN-нумар.
Па біялагічных слядах
З моманту стварэння самастойнага экспертнага ведамства, а яму сёлета спаўняецца 13 гадоў (22 красавіка 2013 года Прэзідэнт Беларусі падпісаў Указ № 202 аб стварэнні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз), у ведамстве актыўна ўкараняюцца новыя тэхналогіі.
— Мы выкарыстоўваем сучаснае лабараторнае абсталяванне і праграмнае забеспячэнне, што дазваляе больш дакладна і хутка праводзіць судовыя экспертызы, — кажа начальнік упраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Мінскай вобласці палкоўнік юстыцыі Андрэй ХАРЧАНКА. — Гэтыя новаўвядзенні не толькі павышаюць якасць працы, але і садзейнічаюць выяўленню прычын і абставін супрацьпраўных дзеянняў, якія складаюць аснову доказнай базы па крымінальных справах для ўстанаўлення ісціны і прыцягнення вінаватых да адказнасці.
Як вядома, апошнім часам менавіта біялагічныя сляды, якія злачынца пакідае на месцы, дазваляюць устанавіць яго асобу. Прычым дзякуючы найноўшым методыкам, а таксама існуючаму матэрыяльна-тэхнічнаму аснашчэнню, экспертам-генетыкам удаецца зрабіць гэта ў самыя кароткія тэрміны.
- У якасці аднаго з прыкладаў можна прывесці выпадак, калі з магазіна ў Стаўбцоўскім раёне зніклі грошы і таварна-матэрыяльныя каштоўнасці. Следча-аператыўная група ўстанавіла, што зламыснік пракраўся ў гандлёвую залу, адціснуўшы металічныя лісты і вырваўшы дошкі з тыльнага боку будынка. Падчас агляду месца здарэння спецыяліст Стаўбцоўскага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз на пашкоджанай сцяне магазіна выявіў і канфіскаваў сляды рэчыва бурага колеру. Судовыя эксперты-генетыкі ўстанавілі, што дадзеныя сляды з’яўляюцца біялагічным матэрыялам — крывёй, з якой было вылучана ДНК злачынцы.
У ходзе праверкі па ўліку даных ДНК судовымі экспертамі была ўстаноўлена асоба правапарушальніка. Дзякуючы гэтаму неўзабаве мужчына быў затрыманы.
Сучасныя магчымасці
Сярод прыярытэтных задач судовых экспертаў сёння — укараненне новых відаў і падвідаў экспертыз, а таксама распрацоўка новых і ўдасканаленне існуючых методык экспертнага даследавання. Да канца года ва ўпраўленні тэхнічных экспертыз упраўлення па Мінскай вобласці пачнуць правядзенне новага для Міншчыны віду экспертызы — судовай відэатэхнічнай (лічбавых відэаграм). Такое даследаванне праводзіцца па матэрыялах праверак і крымінальных справах з мэтай устанаўлення сапраўднасці відэазапісу, прыкмет мантажу і іншых змен, вырабленых на любой прыладзе. Падобныя даследаванні дазволяць забяспечыць ці ж абвергнуць дакладнасць відэазапісу і такім чынам павысіць іх доказнае значэнне.
Сёлета судовыя эксперты аддзела культуралагічных экспертыз таксама пачнуць праводзіць яшчэ адну новую для Мінскай вобласці судовую культуралагічную экспертызу статычных і дынамічных выяў, якія змяшчаюць знакі і сімвалы. Пакуль такія экспертызы праводзяцца толькі ў Навукова-практычным цэнтры Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.
У грамадзян жа сёння даволі высокая цікавасць да генетычнай экспертызы па ўстанаўленні сваяцтва і роднасных сувязяў пры вырашэнні маёмасных пытанняў. Шырока запатрабаваны псіхолага-псіхіятрычныя экспертызы, якія праводзяцца ў мэтах вызначэння здольнасці асобы разумець значэнне сваіх дзеянняў і кіраваць імі. Правядзенне падобных экспертыз вельмі важна перад здзяйсненнем любога юрыдычна значнага дзеяння: напрыклад, пры продажы або куплі маёмасці, складанні завяшчання і пры іншых грамадзянска-прававых здзелках
Не менш запатрабаванай з’яўляецца экспертыза ідэнтыфікацыйных маркіровачных абазначэнняў транспартных сродкаў, якая дазваляе ўстанавіць, ці змяняўся ідэнтыфікацыйны нумар аўтамабіля. Правядзенне такой экспертызы перад набыццём любых транспартных сродкаў надзвычай важнае, асабліва пры выяўленні прыкмет сур’ёзнага кузаўнога рамонту ці каразійных змен. Аналагічна рэкамендуецца паступіць і пры сумненнях у сапраўднасці дакументаў на транспартны сродак, якія могуць з’явіцца, напрыклад, калі прадавец занадта лёгка ідзе на неабгрунтаванае істотнае зніжэнне кошту аўтамабіля.
Удасканальваецца і матэрыяльна-тэхнічная база экспертнага ведамства, што дае магчымасць праводзіць судова-медыцынскія экспертызы на якасна новым узроўні. У пачатку бягучага года ў Жодзіне пасля правядзення комплекснай рэканструкцыі быў уведзены ў эксплуатацыю шматфункцыянальны будынак судова-медыцынскага прызначэння. Рэканструкцыя будынка была выканана ў поўным аб’ёме: абноўлены інжынерныя сеткі, створаны сучасныя спецыялізаваныя памяшканні і працоўныя зоны.
Дзякуючы гэтаму экспертны комплекс стаў шматфункцыянальным і адпавядае актуальным патрабаванням судовай медыцыны. Новыя ўмовы дазваляюць праводзіць судова-медыцынскія экспертызы ў адносінах як да жывых асоб, так і цел памерлых, што істотна павышае даступнасць і эфектыўнасць экспертных паслуг не толькі для горада Жодзіна, але і найбліжэйшых раёнаў.
Алена КРАВЕЦ
Фота ўпраўлення ДКСЭ па Мінскай вобласці