Top.Mail.Ru

Чым адзначыўся чацвёрты дзень рэспубліканскай грамадска-культурнай акцыі ў сталіцы

«Марафон адзінства» не мог працаваць у сталіцы ў тым жа фармаце, у якім працаваў у іншых гарадах, — адзначыў прадстаўнік рабочай групы па арганізацыі і правядзенні акцыі, дырэктар ТАА «Музычная медыякампанія» Андрэй Гузель. Яно і не дзіўна: насельніцтва мегаполіса — пятая частка ўсёй краіны. У сталіцы мерапрыемствы праходзяць на працягу пяці дзён. І кожнае — уражвае.


Тымбілдынг па-беларуску

«НЯсумная НЯлекцыя» ўчора сабрала студэнтаў Мінскага дзяржаўнага каледжа паліграфіі на сустрэчу з першым намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Наталляй Пяткевіч. Высокая госця не толькі падзялілася з прысутнымі расповедамі аб сваім жыцці, сям’і, станаўленні ў прафесіі, але і шчыра адказала на ўсе пытанні. Пасля размовы з маладымі людзьмі яна адзначыла, што «Марафон адзінства» дае кожнаму ўдзельніку магчымасць адкрыць для сябе Беларусь: «У карпарацыях ёсць тымбілдынг. „Марафон адзінства“ — гэта тымбілдынг у маштабах краіны. Гэтае мерапрыемства паспрыяла згуртаванасці беларусаў. Тут прысутнічае элемент асабістага, душэўнага, бо не ў кожнай аўдыторыі хочацца гаварыць шчыра, але калі ты бачыш, што гэта патрэбна іншым, тады ў цябе душа адкрываецца. Сёння моладзь адчула дадатковую ўвагу, павагу і яднанне. Магчыма, яны зразумелі, што няма разрыву паміж імі і намі, дарослымі, ні ў каштоўнасцях, ні ў інтарэсах».

Наталля Пяткевіч дадала, што «Марафон адзінства» — геніяльная ідэя. Таму што ідзе абмен талентамі, дасягненнямі і думкамі паміж рэгіёнамі. Ёсць выдатная магчымасць з’ездзіць адно да аднаго ў госці ў рэспубліканскім маштабе. Своеасаблівая экскурсія па краіне, якая дазваляе больш даведацца пра Беларусь кожнаму з яе жыхароў, згадаць, што зроблена, чаго краіна дасягнула, што мы маем і чым можам ганарыцца.

Завяршылася сустрэча кампазіцыяй «Што ты зрабіў для Радзімы?», якую артысты «Музычнай медыякампаніі» Арцём Скароль і Лера Бернатовіч праспявалі разам з усімі прысутнымі.

«Ніхто, акрамя вас»

У якасці галоўнага спікера «НЯсумнай НЯлекцыі» ў Мінскім дзяржаўным каледжы рамесніцтва і дызайну імя М. А. Кедышкі выступіў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Пярцоў.

«Ніхто, акрамя вас, не абярэ вашу будучыню, — акцэнтаваў увагу аўдыторыі на яе ролі ў галоўнай электаральнай кампаніі Беларусі Уладзімір Пярцоў. — Мы галасуем не толькі за канкрэтнага кандыдата ў Прэзідэнты. Мы галасуем за вектар, за кірунак, у якім будзе, як мінімум, наступныя пяць гадоў развівацца наша краіна. І гэта вельмі важна, бо ў гэты час жыць вам. Вы, маладыя людзі, літаральна праз лічаныя месяцы, а хтосьці — праз некалькі гадоў, выйдзеце на працу і будзеце ствараць сваю сям’ю і планаваць будучыню ў роднай краіне, а не дзесьці за мяжой».

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта падкрэсліў: «У хуткім часе вы будзеце выбудоўваць нашу дзяржаву для таго, каб яна была прыгажэйшай, утульнейшай, багацейшай, каб у ёй было бяспечна і цікава жыць, ствараць сем’і, нараджаць дзяцей і перадаваць ім такую ж краіну. Самае галоўнае, што запасной краіны і плана „Б“ у нас няма. Мы не можам раптоўна ўзяць і стартануць на нейкую запасную пляцоўку. Гэта галоўная думка, якую мы павінны з вамі зразумець і вынесці па меншай меры з сённяшняй „НЯсумнай НЯлекцыі“. З гэтай галоўнай думкай вы павінны фарміраваць сваю будучыню, і толькі тады ў вас будзе ўсё атрымлівацца».

«Гэта глыток свежага паветра»

Удзельнікамі яркага музычнага праекта «Разам працуем — разам спяваем!» 23 студзеня сталі работнікі сталічных прадпрыемстваў. Зоркі беларускай эстрады прыехалі ў ААТ «АМКАДОР», ААТ «Камволь» і ААТ «МАЗ» з яркімі і запамінальнымі канцэртамі. Даведаліся, як прайшоў ён на адным з найбуйнейшых прадпрыемстваў.

«Чарговы этап „Марафона адзінства“ крочыць па ўсёй краіне, і нам вельмі прыемна прымаць яго на нашых заводах, — звярнуўся да свайго калектыву генеральны дырэктар ААТ „АМКАДОР“ Дзмітрый Барташэвіч. — Вельмі важна, што традыцыі наведвання творчымі калектывамі вытворчых прадпрыемстваў працягваюцца. Нельга недаацэньваць важнасць гэтых мерапрыемстваў, якія ствараюць адпаведную атмасферу, настрой і, вядома, дапамагаюць нам, завадчанам, дасягаць новых вынікаў. За мінулы год мы завяршылі мадэрнізацыю двух заводаў, якія будуць з’яўляцца гонарам нашай краіны. У актыўнай стадыі рэалізацыі інвестпраекты і на мінскіх пляцоўках. Дзякуючы падтрымцы Мінскага гарвыканкама і вобласці мы маем магчымасць працаваць на новых заводах, быць сучаснымі і тэхналагічнымі».

Прадукцыя, якую выпускаюць на прадпрыемстве, — гэта гонар кожнага супрацоўніка. Лінейка досыць шырокая: тут вырабляюць каткі, грэйдэры, бульдозеры, пагрузчыкі і лясныя машыны. 

Першы намеснік старшыні Мінскага гарвыканкама Надзея Лазарэвіч, звяртаючыся да супрацоўнікаў прадпрыемства, адзначыла, што машынабудаўнікі ўносяць свой бясцэнны ўклад у развіццё роднай краіны: «мы ўсе з вамі працуем на карысць нашай краіны. Вы працуеце на сваіх працоўных месцах кожны дзень, сумленна, прыстойна ствараеце новую унікальную прадукцыю. Дзякуй вам за гэта».

Сярод удзельнікаў музычнага праекта — Дзмітрый Мікуліч. На прадпрыемстве малады чалавек працуе ўсяго паўгода. Ён падзяліўся сваімі ўражаннямі ад таго, што адбываецца: «У нашай краіне праводзіцца шмат такіх выдатных мерапрыемстваў, якія накіраваны на моладзь, на падтрыманне калектыўнага духу — і гэта вельмі выдатна! Нам прыемна, што „Марафон адзінства“, які прайшоў ужо практычна па ўсёй краіне, завітаў і на наша прадпрыемства. Такія пазітыўныя, яркія і сонечныя моманты ў працы прымушаюць працаваць яшчэ больш, ад гэтага расце прадуктыўнасць». Паводле яго слоў, правядзенне такіх святочных мерапрыемстваў важна для любога прадпрыемства: «Гэта як глыток свежага паветра, тое, чаго так моцна нам не хапала!»

На хвалі паразумення

У Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжы прайшоў майстар-клас артыстаў Вялікага тэатра Беларусі. Яны прыйшлі сюды як зоркі, але стасункі з гэтай навучальнай установай ва ўсіх даўнія. Напрыклад, артыстка балета і харэограф-пастаноўшчык Настасся Голешава прызналася:

— У каледж я паступіла ў 10 гадоў, тут прайшло маё дзяцінства, маё сталенне, гэтая установа зрабіла з мяне чалавека. Я ўдзячная ўсім педагогам, якія працавалі на гэта. 

— Усе выкладчыкі гімназіі-каледжу — гэта арганізм, які аддаў нам часціну сябе, без розніцы, ці вучаць яны класічнаму танцу, народнаму, дуэтнаму, ці агульныя прадметы. Тое, кім мы з’яўляемся цяпер у прафесіі — гэта заслуга майстроў-настаўнікаў, — адзначыў прэм’ер Вялікага тэатра Беларусі Канстанцін Белахвосцік. 

Адна з партнёрак Канстанціна па сцэне, заслужаная артыстка Беларусі Людміла Хітрова знаёмілася з гэтай навучальная установай ужо будучы салісткай Вялікага тэатра: 

— Я не з’яўляюся выпускніцай гэтага каледжу, я скончыла Ніжагародскае тэатральнае вучылішча. Але ў Мінску жыву ўжо 16 гадоў і столькі ж працую ў Вялікім тэатры Беларусі. Практычна кожны год на дзень настаўніка артысты Вялікага тэатра прыязджаюць у каледж віншаваць сваіх педагогаў. І мяне накіроўвалі сярод іншых з першага года працы. Няхай я і не вучылася ў вашых педагогаў, але гэтыя людзі калісьці працавалі ў тэатры, я іх бязмежна паважаю, па іх выкананні я вучыла многія спектаклі. Таму я адчуваю хваляванне іншага гатунку: бязмежна паважаю людзей, якія тут працуюць. 

Прыма-балерына была рада бачыць у зале знаёмыя твары навучэнцаў каледжу, з якімі ўжо даводзіцца сустракацца ў тэатры, бо яны занятыя ў шмат якіх спектаклях. 

Таму размова пайшла ў прафесійным рэчышчы, прысутных цікавіў і прыход у балет, у тым ліку якая доля прымусу з боку бацькоў? Аказалася, не такая і вялікая, хоць і Канстанцін, і Людміла не з творчых сем’яў, але як кажуць, пачынаеш займацца — і ўцягваешся... А пасля жывеш балетам. І дзеці ў зале самі гэта ўжо адчулі, таму што ў адкрытай размове агучвалі свае мары, сярод якіх прагучала і такая: стаць паўнавартаснымі артыстамі Вялікага тэатра. Што для гэтага трэба? «Не толькі трэніраванае цела, а духоўная напоўненасць, якая дазваляе ствараць глыбокія вобразы, — Людміла Хітрова параіла дзеля гэтага чытаць добрыя кнігі. Так ёй з юных гадоў запаў у сэрца вобраз Эсмеральды Віктора Гюго з «Сабора парыжскай Багамаці», а цяпер яна танцуе гэтую партыю ў балеце Цэзара Пуні. 

Былая выпускніца гімназіі-каледжу Настасся Голешава ўзгадала, як раман Булгакава «Майстар і Маргарыта» натхніў яе на стварэнне харэаграфіі да яе першай пастаноўкі «Поўня». А цяпер яна ўжо працуе ў якасці балетмайстра-пастаноўшчыка. Яна правяла майстар-клас па сучаснай хараэграфіі: больш старэйшыя навучэнцы з залы выйшлі на сцэну, і пад строгім наглядам Настассі сталі выконваць практыкаванне: хочаш быць у гэтай прафесіі — не лянуйся ў занятках. 

Гэта ж тычыцца і будучых музыкантаў, якія з маленства асвойваюць свой інструмент, паглыбляюцца ў тэорыю і гісторыю музыкі. У беларускай музыцы ёсць знакавыя імёны, шырока вядомыя ўсёй краіне. Нездарма імя народнага артыста Беларусі Міхаіла Фінберга носіць Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр, якія маэстра стварыў ўзначальваў шмат гадоў. Ён імкнуўся прымаць на працу найлепшых музыкантаў і яркіх вакалістаў. Артысты калектыву далі майстар-клас для вучняў дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 7 горда Мінска. Адметна, што творцы — цяперашнія і будучыя — існуюць на хвалі паразумення, адчуваючы сваю далучанасць да адной справы. 

Заставацца годным чалавекам — вось што важна

Пра гэта на «Знакавай сустрэчы», якая прайшла ў ГЦ «Дана Мол», казалі ў чацвер генеральны дырэктар Вялікага Маскоўскага цырка Эдгард Запашны, міністр культуры Беларусі Руслан Чарнецкі, генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін і радыёвядучы і галоўны рэдактар «Альфа Радыё» Вадзім Шэпет.

Мерапрыемства стала месцам прыцягнення многіх мінчан і гасцей сталіцы. У іх была магчымасць пагутарыць са спікерамі, задаць хвалюючыя пытанні, якіх, дарэчы, было шмат. Як адрозніваць праўду ад хлусні? Ці ёсць лайфхакі барацьбы з фэйкамі? Як не страціць матывацыю? На гэтыя і многія іншыя пытанні былі дадзены адказы і парады.

Як заставацца годным чалавекам па жыцці? «Трэба памятаць свае карані, ведаць і шанаваць гісторыю, будаваць амбіцыйныя планы на будучыню», — лічыць Эдгард Запашны.

Руслан Чарнецкі глядзіць на гэта з пункту гледжання творчасці і прафесіі: «Я выходжу на сцэну не палюбавацца сабой, а, у першую чаргу, даносіць людзям праз свае ролі сэнсы, якія дапамогуць ім станавіцца лепшымі». Дапамагаць людзям — вось што важна і годна.

Напрыканцы «Знакавай сустрэчы» была магчымасць зрабіць фотаздымкі і атрымаць аўтографы.

Ноч у бібліятэцы

Завяршыўся чацвёрты дзень марафону ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі незвычайным мерапрыемствам — «Ноччу адкрыццяў». Тут гасцей чакалі больш як 15 лакацый, якія сумясцілі розныя канцэпцыі і фарматы. Дыялогавыя і інтэрактыўныя пляцоўкі, майстар-класы ад Нацыянальнай школы прыгажосці і Саюза журналістаў, выстаўкі, выступленні вядомых артыстаў...

Народны фармат

У пятніцу праект «Разам працуем, разам спяваем» пройдзе ў незвычайным месцы, сапраўды народным — на «Камароўцы». Для работнікаў рынку і яго наведвальнікаў выступяць любімыя беларускія артысты Аляксандр Саладуха, Герман Цітоў, Аляксандр Варанішча, гурты Dvoe і «ByCіty», ансамбль народнай музыкі «Бяседа». Канцэрт пачнецца а 13 гадзіне.

Завершыцца марафон у пятніцу грандыёзным канцэртам «ЧАС ВЫБРАЎ НАС» на «Мінск-Арэне». Але некаторыя яго мерапрыемствы працягнуцца і ў суботу: на пляцоўцы каля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ўсе ахвотныя змогуць выпрабаваць свае сілы ў гарадскім квэсце «Гэта ўсё маё роднае». Тут жа адбудзецца акцыя «Гэта мая краіна!».

Фота Данііла ХМЯЛЬНІЦКАГА, Віктара ІВАНЧЫКАВА, Віктара ДРАЧОВА, БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю