Выніковым мерапрыемствам рэспубліканскай акцыі «Збяром партфель разам» стаў сацыяльна-адукацыйны праект, прысвечаны Дню ведаў. Напярэдадні 1 верасня, у перадапошні дзень лета, ён сабраў школьнікаў і іх бацькоў на адкрытай канцэртнай пляцоўцы на плошчы Свабоды ў Мінску.
Больш за 15 гадоў Беларускі саюз жанчын праводзіць рэспубліканскую акцыю «Збяром партфель разам», накіраваную на аказанне дапамогі малазабяспечаным і шматдзетным сем’ям пры падрыхтоўцы да новага навучальнага года. З году ў год акцыя аб’ядноўвае ўсю краіну: да яе далучаюцца грамадскія арганізацыі, прыватныя прадпрыемствы і дзяржструктуры. Падраздзяленні БСЖ выкарыстоўваюць розныя формы работы для аказання дапамогі дзецям са шматдзетных і прыёмных сем’яў, дзецям-інвалідам, дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў: дабрачынны збор канцылярскіх тавараў у гандлёвых арганізацыях рэгіёнаў, пералік грашовых сродкаў першасных арганізацый на набыццё канцтавараў, прыцягненне спонсараў для набыцця школьных прылад.
А мэтай фінальнага мерапрыемства было імкненне стварыць асаблівую святочную атмасферу цяпла і дабрыні для дзяцей і іх бацькоў напярэдадні новага старту ў краіну ведаў. Гэтую атмасферу падтрымлівалі і святочны канцэрт з удзелам артыстаў эстрады, і цырымонія ўшанавання шматдзетных сем’яў з розных рэгіёнаў Беларусі, і інтэрактыўныя забаўляльна-пазнавальныя пляцоўкі з фотазонамі, майстар-класамі, гульнямі і сюрпрызамі для дзятвы.
Сям’я — у прыярытэце
— Шматдзетныя сем’і ў нашай краіне адчуваюць вялікую падтрымку дзяржавы, — распавяла «Звяздзе» ўладальніца ордэна Маці Валянціна ШУРУХІНА.
Падтрымка сям’і — нацыянальны прыярытэт Беларусі, і гэта адчуваецца практычна ва ўсіх сферах жыцця, адзначыла суразмоўца.
— Гэта датычыцца жылля, сямейнага капіталу, харчавання ў школах, дадатковага выхаднога дня для шматдзетных бацькоў, іншых аспектаў сацыяльнай падтрымкі, — канкрэтызавала шматдзетная мама. — Падтрымка шматдзетных сем’яў у Беларусі сапраўды значная, у тым ліку ў параўнанні з многімі іншымі краінамі, — падкрэсліла яна.
У Мінск на фінал акцыі «Збяром партфель разам» дружная сям’я Шурухіных — мама, тата, 4 дачкі і сын — прыехалі з Гомеля, каб перад 1 верасня зарадзіцца станоўчымі эмоцыямі.
— Мы лёгкія на пад’ём! — сказала Валянціна. І дадала, што ўражанні ад свята яркія і станоўчыя.
Падзяліцца цеплынёй душы
Акцыя «Збяром партфель разам» сёлета ахапіла больш за 13 тысяч дзяцей, адзначыла старшыня грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» Вольга ШПІЛЕЎСКАЯ. Грашыма гэтую акцыю мераць неправільна, але калі ўсё ж казаць пра суму, то звыш 600 тыс. беларускіх рублёў было затрачана арганізацыямі розных відаў на тое, каб сабраць дзетак да школы, расказала яна.
— Ніхто з дзяцей не застаўся без увагі, — канстатавала кіраўнік БСЖ.
І самае галоўнае, падкрэсліла Вольга Шпілеўская, што нашых дзяцей мы выпраўляем у школу пад мірным небам.
Як аб’яднаць сучаснікаў ідэяй дабрачыннасці?
— Мне здаецца, гэтая ідэя ў нашых людзей у душы, — пераканана старшыня БСЖ. Для поспеху дабрачыннай акцыі патрабуецца толькі дакладная арганізацыя працэсу. А зрабіць добрую справу і падзяліцца цяплынёй душы ў Беларусі гатовы кожны.
Аляксандра Анцэлевіч
Фота аўтара і БелТА