Калісьці ў нетрах зямлі шукалі золата, потым — нафту. Сёння і першае, і другое па-ранейшаму ў цане, але даражэй за золата і нават за «чорнае золата» з азвіццём тэхналогій сталі рэдказямельныя металы, пошукамі якіх кіраўнік дзяржавы даручыў заняцца беларускім геолагам. Разбіраемся, чаму яны настолькі каштоўныя, ці ёсць такія ў беларускай зямлі і што яшчэ можна знайсці ў нашых нетрах.
Актуальная тэма
Рэдказямельных элементаў (яны ж лантаноіды) вядома больш за шэсць дзясяткаў, і ў сучасным свеце яны знаходзяць шырокае прымяненне ў найбольш высокатэхналагічных галінах — ад космасу, будаўніцтва беспілотнікаў, атамнай энергетыкі да электронных прылад і вытворчасці найноўшых матэрыялаў. На тэрыторыі Беларусі рэдказямельныя элементы ёсць: разведаны яшчэ ў савецкія часы. Але раней іх здабыча не вялася, узрыўная цікавасць да іх у свеце ўзнікла толькі ў апошнія дзесяцігоддзі. І хоць здабыча гэтых металаў звязаная з пэўнымі складанасцямі (у першую чаргу з вялікай глыбінёй іх залягання), яна ў ліку прыярытэтаў на найбліжэйшыя гады.
Якія яшчэ задачы ставяць сабе геолагі сёння, расказвае намеснік генеральнага дырэктара па геалогіі дзяржаўнага прадпрыемства «НПЦ па геалогіі» Васіль Колб: «План-графік работ па вывучэнні нетраў Беларусі на 2026-2030 гады арыентаваны на вырашэнне важных для эканомікі краіны задач. Гэта пошук новых плошчаў залягання вуглевадародаў з мэтай прыросту рэсурсаў і запасаў нафты, правядзенне работ па аналізе і інтэрпрэтацыі матэрыялаў па вуглевадароднай тэматыцы. Акцэнт зроблены на рэгіянальным вывучэнні нетраў, правядзенні сярэднемаштабных геолагаздымачных работ з мэтай падрыхтоўкі да выдання дзяржаўнай геалагічнай карты Беларусі. План прадугледжвае абнаўленне геолага-тэктанічнай карты краіны, давывучэнне тэрыторый, перспектыўных на выяўленне рэдказямельных элементаў і металаў. Безумоўна, актуальная тэма — нарошчванне сыравінных баз для прадпрыемстваў. А таксама павышэнне ўзроўню лічбавізацыі геалагічнай галіны».
Новыя радовішчы
— Асноўнай для здабычы вуглевадародаў, пошукаў і забеспячэння прыростаў запасаў нафты застаецца тэрыторыя Прыпяцкага прагібу, у першую чаргу Гомельская вобласць і паўднёвая частка Магілёўскай вобласці, — кажа Васіль Колб. — Разам з тым восенню 2024 года НПЦ па геалогіі пачата бурэнне параметрычнай свідравіны на тэрыторыі Аршанскай упадзіны Віцебскай вобласці. Мэта — удакладненне будовы, слаба вывучанай з геалагічнага пункту гледжання тэрыторыі, і магчымасць вызначэння перадумоў на выяўленне вуглевадародаў. Калі вынікі будуць станоўчымі, вывучэнне Аршанскай упадзіны працягнецца ў новай пяцігодцы.
Не так даўно ў Петрыкаўскім раёне радовішча нафты знайшлі практычна выпадкова. Такое ў геалогіі здараецца, кажа суразмоўнік: пошукі адных выкапняў прыводзяць да адкрыцця радовішча іншых.
— У 2019 годзе пры стварэнні свідравіны для запампоўкі лішніх расолаў перапрацоўкі калійных соляў ААТ «Беларуськалій» быў адзначаны прыток нафты. Нельга сказаць, што гэта выпадак унікальны, аднак пры планаванні работ не было адназначных перадумоў выяўлення нафты менавіта ў тым інтэрвале і адкладах, — тлумачыць геолаг.
Глыбіні свідравін на вуглевадароды вар’іруюцца ў інтэрвалах ад 2,5 да 5 км, адзначае ён. Менавіта таму існуюць рызыкі непацвярджэння вуглевадародаў. Ролю могуць адыгрываць асаблівасці геалагічных умоў, характэрныя для такіх глыбінь: разломныя зоны, якія блакіруюць магчымасць скаплення вуглевадародаў.
— Рызыкі ўзнікаюць нават пры тым, што такія свідравіны праектуюцца з улікам геалагічных даных і даных па ўжо наяўных нафтаперспектыўных свідравінах. Менавіта таму толькі праз бурэнне свідравін на пэўным участку нетраў, а пажадана і некалькіх свідравін, здабыванне з іх кернавага матэрыялу і яго навуковы аналіз можна казаць пра перспектыўнасць або бесперспектыўнасць выяўлення вуглевадародаў на канкрэтнай тэрыторыі.
Даражэй за золата
Вяртаючыся да тэмы рэдказямельных металаў, намеснік гендырэктара НПЦ па геалогіі падкрэсліў:
— Для вырашэння задач, пастаўленых кіраўніком дзяржавы, Мінпрыроды і спецыялісты нашага прадпрыемства рыхтуюць прапановы па правядзенні ў найбліжэйшы час работ па пошуках рэдказямельных элементаў і металаў.
Пакуль у гэтых пошуках плануецца ўжываць класічныя геафізічныя даследаванні з засведчаннем вынікаў свідравання і правядзеннем лабараторных даследаванняў для вызначэння перспектыўнасці канкрэтнай тэрыторыі, расказаў спецыяліст. Але новыя тэхналогіі, безумоўна, пашыраюць магчымасці геолагаў.
— Прыкладам можа служыць гарызантальнае бурэнне свідравін з ужываннем гідраразрыву пласта. Гэта дазваляе максімальна выкарыстоўваць магчымасці свідравіны.
«Трэба капаць»
Які рэгіён нашай краіны ўяўляе найбольшую цікавасць з пункту гледжання карысных выкапняў? Кожны рэгіён багаты па-свойму, адзначае суразмоўнік.
— Несумненна, Гомельская вобласць для геолагаў найбольш прадуктыўная: на яе тэрыторыі сканцэнтраваны практычна ўсе запасы вуглевадародаў. Разведаны і здабываюцца калійная і каменная солі; будаўнічы і абліцовачны камень; пяскі, якія выкарыстоўваюцца для вытворчасці шкла. На тэрыторыі Брэсцкай вобласці таксама разведаны запасы будаўнічага каменю, кааліну, базальту, тугаплаўкіх глін. Заходняя і ўсходняя часткі краіны (Гродзенская і Магілёўская вобласці) багатыя на мел і гліны, якія выкарыстоўваюцца для вытворчасці цэменту, Віцебская вобласць — на даламіт.
— Ну, а ў цэлым ці можна ацаніць беларускія нетры як «багатыя»?
— Не настолькі багатыя, як, напрыклад, тэрыторыя Расіі. Але па многіх карысных выкапнях мы забяспечваем сябе самі. Як я ўжо адзначаў, кожны рэгіён у нас багаты на пэўныя віды карысных выкапняў: пяскі, гліны, мел, даламіт, базальт, трэпел, будаўнічы і абліцовачны камень, калійныя і каменную солі, нафту, жалезныя руды. І мы пастаянна павышаем узровень геалагічнай вывучанасці тэрыторыі краіны.
Сёння геолагі засяродзіліся на раней слаба вывучаных тэрыторыях Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцей. Работы накіраваны на абнаўленне геалагічных карт, выяўленне ўмоў залягання карысных выкапняў з улікам новых навуковых падыходаў. Праводзяцца работы па тугаплаўкіх глінах на тэрыторыі Брэсцкай вобласці, пясках для вытворчасці шкла ў Гомельскай вобласці, мелу — на Гродзеншчыне.
Погляд у перспектыву
Калійныя солі, «галоўны» беларускі карысны выкапень, сёння выяўлены ў межах Мінскай вобласці (Салігорскі і Любанскі раёны), а таксама ў Петрыкаўскім раёне на Гомельшчыне.
— Запасы калійных соляў дазваляюць без атрымання новых прыростаў забяспечыць працу прадпрыемстваў на сотні гадоў, — інфармуе геолаг. — У найбліжэйшы час з улікам напрацаванай сыравіннай базы правядзенне пошукаў новых радовішчаў калійных соляў не прадугледжваецца.
А вось найбольш эканамічна апраўданы з пункту гледжання перспектыў асваення сёння базальт, кажа Васіль Колб:
— Гэты новы для краіны від карыснага выкапня быў выяўлены ў Пінскім раёне ў мінулай пяцігодцы. Праведзена спачатку яго папярэдняя разведка, а ў 2023 годзе — і дэталёвая разведка. Па якасці гэта айчынная сыравіна аналагічна базальту, што да 2022 года імпартаваўся з Украіны. Разведаныя запасы беларускага базальту дазваляюць стварыць на базе радовішча горна-абагачальны камбінат і яшчэ тры вытворчасці па выпуску прадукцыі на аснове гэтага мінералу, і цалкам забяспечыць унутраны рынак краіны, а таксама экспарт — як у сыравіне, так і ў прадукцыі.
А наколькі рэальна (чыста тэарэтычна) знайсці ў нашай краіне радовішча каштоўных камянёў? У кернавым матэрыяле, што здабываюць з парод крышталічнага падмурка, адзначаюцца іх адзінкавыя зёрны, аднак казаць аб прамысловых запасах пакуль не даводзіцца, тлумачыць эксперт.
— Што датычыцца бурштыну, то яго радовішча — у Жабінкаўскім раёне. Праводзіліся вопытныя работы па яго здабычы, аднак іх эканамічная эфектыўнасць не дала станоўчых вынікаў.
Зрэшты, геалогія — праца на перспектыву, і складана прагназаваць, чаго запатрабуе прамысловасць, скажам, праз чвэрць стагоддзя.
— Калі казаць аб забеспячэнні прадпрыемстваў сыравіннымі рэсурсамі, неабходна стварэнне рэзервовых сыравінных баз канкрэтнага карыснага выкапня: гэта залог стабільнага развіцця прадпрыемства і рэгіёна ў цэлым. Рэгіянальныя працы, або геалагічнае картараванне, — гэта атрыманне новай інфармацыі аб пабудове нашых нетраў, перспектыва выяўлення новых відаў і радовішчаў карысных выкапняў. У цэлым развітая мінеральна-сыравінная база — падмурак бяспекі дзяржавы, — падсумаваў Васіль Колб. — Тое, што сёння эканамічна неэфектыўна, ужо праз 10-15 гадоў можа даць зусім іншы эфект.
Фота з архіва НПЦ па геалогіі