У сераду стартуе ХХХІІ Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш. Традыцыйная культурна-асветніцкая падзея сёлета збярэ гасцей, удзельнікаў і наведвальнікаў з 12 да 16 сакавіка. Кніжны форум, як заўсёды, абяцае быць цікавым і азнастайным. Напярэдадні арганізатары і прадстаўнікі некаторых беларускіх выдавецтваў распавялі аб ключавых падзеях, новаўвядзеннях сёлетняй выстаўкі-кірмашу, а таксама праанансавалі тэмы экспазіцый, дыскусійных і прэзентацыйных пляцовак.
Выбар для чытача
Сёлета наша краіна старшынствуе ў Еўразійскім эканамічным саюзе і з улікам гэтага на цэнтральным стэндзе будзе прадстаўлена інтэрактыўная калектыўная экспазіцыя дзяржаў — удзельніц ЕАЭС, аб’яднаная агульнай тэмай 80-годдзя Вялікай Перамогі. Акрамя гэтага, кожны дзень выстаўкі будзе прысвечаны адной з краін ЕАЭС: у дзень адкрыцця зможам пазнаёміцца з культурнымі і літаратурнымі традыцыямі на Дні Рэспублікі Казахстан, 13 сакавіка — Дзень Кыргызскай Рэспублікі, 14 сакавіка — Расійскай Федэрацыі, 15 сакавіка — Дзень Рэспублікі Беларусь і 16 сакавіка — Дзень Рэспублікі Арменія.
— Мінская міжнародная выстаўка-кірмаш — гэта бенефіс кнігі. Усё дзейства будуецца вакол кніг, пісьменнікаў, выдаўцоў, паліграфістаў. Штогод Міністэрства інфармацыі разам з іншымі арганізацыямі шукае нейкія знакавыя кропкі, каб зацікавіць чытачоў, пакупнікоў, наведвальнікаў. І сёлета ў нас будзе творча і цікава. Таму што выстаўка дае нагоду сустрэцца з нашымі вядомымі пісьменнікамі, літаратарамі, убачыць кнігі, — адзначыў начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Уладзімір Андрыевіч. — Апошнія гады ў Беларусі выдаецца недзе 7–9 тысяч найменняў кніг агульным тыражом каля 18–20 мільёнаў экзэмпляраў. Выбар у чытачоў вельмі вялікі. У нас дзейнічае і працуе шмат выдавецтваў (зарэгістравана ў краіне больш за 500) і больш за палову з іх займаецца выданнем кніг. Маецца ў нас больш за 2 тысячы арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў-распаўсюджвальнікаў. Таксама адзначу, што кожны год павышаецца і сярэдні тыраж. Летась ён склаў 2,5 тысячы экзэмпляраў. Падкрэслю, што тыраж беларускамоўных выданняў — 3,5 тысячы экзэмпляраў. Гэта пацвярджае той факт, што кнігі на беларускай мове папулярныя і іх чытаюць. Высокі ў нас тыраж і дзіцячай кнігі, у сярэднім ён складае 3,5 тысячы экзэмпляраў. Што датычыцца выстаўкі, то кожны дзень у нас распісаны паміж рознымі мерапрыемствамі. І цікава будзе людзям самых розных узростаў.
Стартуе 12 сакавіка маштабнае мерапрыемства не толькі ўрачыстым адкрыццём, але і правядзеннем традыцыйнага міжнароднага сімпозіума літаратараў «Пісьменнік і час», тэма якога «Культура і інфармацыя як кірункі развіцця гуманітарнай прасторы». А 13 сакавіка на базе Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце адбудзецца круглы стол «Канцэптуальныя пытанні, прыярытэтныя кірункі і формы гуманітарнага супрацоўніцтва».
Зарыентаваць у актуальным і патрэбным
У рамках выстаўкі 15 сакавіка арганізатары плануюць таксама правядзенне семінара-практыкуму «Сучасныя тэндэнцыі ў афармленні кнігі» з удзелам прадстаўнікоў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і кніжнай палаты Беларусі, які будзе карысны і цікавы для кнігавыдаўцоў, дызайнераў і афарміцеляў кніг. Яшчэ ўпершыню ў другі дзень выстаўкі будзе праводзіцца семінар з удзелам бібліятэкараў і настаўнікаў рускай і беларускай літаратуры. Асноўная мэта — сарыентаваць гэтыя катэгорыі ў тым, што выходзіць у нашых выдавецтвах, каб выдадзеным актыўна карысталіся.
— Наша выстаўка змагла захаваць усе свае рэкорды і некаторыя нават павялічыць. У гэтым годзе 21 дзяржава ўдзельнічае ў кніжным форуме, будзе прадстаўлена больш за 500 экспанентаў. На выстаўцы можна якраз набыць кнігі прама ад выдаўцоў, — распавёў старшыня савета арганізатараў кніжных выставак і кірмашоў, якія праводзяцца ў дзяржавах — удзельніцах СНД, выканаўчы дырэктар Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу Дзмітрый Макараў. — Расійскія выдавецтвы будуць прадстаўлены на аб’яднанай экспазіцыі «Кнігі Расіі». Яны, дарэчы, абяцаюць, што будуць даваць добрыя зніжкі пакупнікам. Акрамя гэтага, штосьці нагледзець сабе можна і на распродажы кніг мінулых гадоў выдання. Сярод краін удзельніц таксама ўбачым Іран, Турцыю, Пакістан, Кітай, упершыню Аб’яднаныя Арабскія Эміраты.
«Адукацыйны квартал» прадэманструе набыткі рэдакцыйна-выдавецкай дзейнасці ВНУ нашай краіны. Там можна будзе знайсці і пры жаданні набыць навучальныя і навучальна-метадычныя дапаможнікі, манаграфіі, даведачныя, навукова-папулярныя выданні і навуковыя часопісы. Напрыклад, выдавецтва «Адукацыя і выхаванне» плануе прэзентацыю шэрагу цікавых выданняў: «Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь», «Зроблена ў Беларусі. Знак якасці», а таксама прысвечаныя ваеннай тэме выданні «80 фактаў аб Перамозе», «Зброя Вялікай Перамогі», «Скрадзенае дзяцінства» і іншыя.
Сярод навінак выдавецтва «Беларусь» можна адзначыць кнігі Ігара Марзалюка «Ад Русі і Літвы да Беларусі», якая распавядае пра вытокі і генезіс беларускага народа, беларускай нацыі; выданне «Зыходны код» доктара паліталогіі Кірыла Коктыша — у кнізе ён літаральна выбудаваў апірышча, на якое варта арыентавацца ў выбудоўванні знешнепалітычных сувязяў, шукаючы карані многіх падзей. У год 80-годдзя Перамогі ўбачыла свет кніга «Пад покрывам нябёсаў». Яна распавядае пра адзін з канцэнтрацыйных лагераў «Азарычы» і ўсіх тых, хто перажыў ваеннае ліхалецце. Шмат кніг па тэме Вялікай Айчыннай вайны мае і выдавецтва «Мастацкая літаратура», і на выставе можна будзе знайсці перавыданне класічных твораў. Навінкі — кнігі «Перамога — наша бяссмерце», «Прысяга ў акопах», «Слова пад кулямі».
У кожнага — свой маршрут
Выдавецкі дом «Звязда» таксама рыхтуецца да кніжнага кірмашу, дзе будзе шмат прэзентацый і цікавых сюрпрызаў для наведвальнікаў.
— Прыкладна 70 % з таго, што выходзіць у нашым выдавецтве, — дзіцячая літаратура. А вось 30 % — мастацкая, масава-палітычная, навукова-папулярная, краязнаўчая літаратура. І нам ёсць што прэзентаваць на кніжнай выстаўцы-кірмашы. З ліку такіх кніг — «Па той бок медаля» Валерыі Сцяцко, «Урокі Данбаса» Людмілы Гладкай, «Святло за гарамі» Алесі Кузняцовай, — расказала намеснік дырэктара «Выдавецкага дома «Звязда» Святлана Ганцарэвіч. — Шмат прапаноў будзе ў нас і для дзіцячай аўдыторыі, дзе не толькі зможаце набыць кнігі, але і паўдзельнічаць у квэстах, віктарынах.
У сваю чаргу генеральны дырэктар ААТ «Белкніга» Уладзімір Матусевіч адзначыў, што апошнім часам назіраецца вяртанне чытачоў да класікі. І добрай навіной у гэтым кантэксце стала тое, што сёлета новыя выданні папоўнілі праект «Інтэлектуальная паліца», з’явіліся новыя кнігі ў дадатку «Чытанка», дзе сёння ўжо ёсць 227 найменняў.
А завітаць на сустрэчы з пісьменнікамі, кнігавыдаўцамі і знайсці сабе кнігі па душы ўсе ахвотныя змогуць як па сваім маршруце, так і даехаўшы да Нямігі, а пасля перасеўшы на спецыяльны аўтобус, які будзе курсіраваць да «Рамонка», дзе традыцыйна будзе праходзіць выстаўка-кірмаш, кожныя 15 хвілін. Акрамя гэтага, 12 і 15 сакавіка будзе курсіраваць «Паэтычны аўтобус», дзе вашымі спадарожнікамі на выстаўку стануць майстры мастацкага слова.
Фота з архіва «Звязды», аўтар Лізавета ГОЛАД