Большая частка праграмы культурных мерапрыемстваў у Верхнім горадзе ў гэтым сезоне будзе прысвечана 80-годдзю Вялікай Перамогі. Яны пройдуць пад агульнай назвай «Мы светлай памяццю адзіныя», паведамляюць «Минск-Новости».
Сезон стартуе сёння, 24 мая. Чаго ж чакаць наведвальнікам?
- Зменіцца праект «Класіка ў ратушы». Цяпер тут будуць гучаць выключна творы вялікіх кампазітараў, якія ўвайшлі ў залаты фонд музычнай культуры. Слухачоў чакаюць выступленні Прэзідэнцкага аркестра Беларусі, Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі імя М. Я. Фінберга, Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра і інш.
- Усімі любімы і знаёмы культурны праект «Бібліятэка пад адкрытым небам» будзе пераўтвораны ў літаратурна-музычную кавярню «Чытальная сімфонія». Там ўсё лета будуць праходзіць інфармацыйна-адукацыйныя праграмы, інтэрактыўныя мерапрыемствы і сустрэчы з пісьменнікамі.
- З’явяцца новыя лакацыі. Напрыклад, у Музычным завулку арганізуюць караоке, а для дзяцей — інтэрактыўныя праграмы з удзелам аніматараў.
- Тэатральных пляцовак стане больш, у тым ліку мерапрыемствы «Тэатральнай гасцінай» зараз будуць праходзіць па пятніцах у Лошыцкім сядзібна-паркавым комплексе і па суботах у Ракаўскім прадмесці.
Так, да пачатку восені ў сталіцы будзе арганізавана шмат цікавых мерапрыемстваў.
Завершыцца летні музычна-турыстычны сезон 13 верасня канцэртнай праграмай «Музыка любімага горада».