Top.Mail.Ru

Чым будзе здзіўляць святочны парад 9 Мая?

Сёлета цэнтральнай падзеяй Дня Перамогі стане ваенны парад у Мінску. Актыўная падрыхтоўка да яго ідзе ўжо некалькі месяцаў. Аб асаблівасцях парада юбілейнага 2025 года журналістам расказалі на зводнай гарнізоннай трэніроўцы пешых разлікаў, якая адбылася на пляцы Мінскай ваеннай камендатуры.


Героям мінулага — ад абаронцаў будучыні

Па словах арганізатараў, мерапрыемства будзе падзелена на дзве маштабныя часткі — гістарычную і сучасную. У гераічнае мінулае акуне рэтратэхніка і парадныя разлікі ў форме і з узбраеннем ваенных гадоў. Пешыя парадныя разлікі пройдуць перад гледачамі са сцягамі і прымацаванымі да іх ордэнамі, якія былі атрыманы злучэннямі і вайсковымі часцямі ў перыяд вызвалення Беларусі.

Часткова будуць адноўлены элементы першага Парада Перамогі, які прайшоў у Маскве ў чэрвені 1945 года. Адны ўдзельнікі выйдуць у форме воінаў Чырвонай Арміі, іншыя — у форме міліцыі ўзору 1941-га. У руках байцоў у партызанскай экіпіроўцы будзе развявацца Сцяг партызанскага атрада «Радзіма» брыгады «Разгром» — сімвал народнага супраціўлення фашысцкім акупантам. Упершыню гледачы змогуць убачыць шырокую лінейку ўзораў узбраення і тэхнікі ваенных гадоў.

Другая частка пакажа магутнасць і тэхналагічнасць сучасных Узброеных Сіл Беларусі. Плануецца ўдзел 24-х парадных разлікаў рознай тэхнікі. Ад браніраваных машын апошняга пакалення да перадавых сістэм сувязі і комплексаў радыёэлектроннай барацьбы — усе яны штодня выконваюць задачы па абароне суверэнітэту краіны.

Рэтратэхніка і «трыццацьчацвёркі»

Усяго ў парадзе да Дня Перамогі — сімвале мужнасці, пераемнасці пакаленняў і гатоўнасці абараніць Айчыну — возьмуць удзел больш за чатыры тысячы вайскоўцаў. Адным з самых відовішчных момантаў традыцыйна стане выступленне роты ганаровай варты, дэманстрацыя ёю бездакорнага плац-парада. Акрамя таго, у складзе пешых калон пройдзе асобны стралковы батальён тэрытарыяльных войскаў. Да таго ж парад Мінскага гарнізона аб’яднае не толькі вайскоўцаў Узброеных Сіл: страявым крокам па сталіцы пройдуць прадстаўнікі такіх сілавых структур, як МУС, Дзяржаўны пагранічны камітэт, МНС і Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь.

Парадную калону ўзначаляць легендарныя «трыццацьчацвёркі» — танкі Т-34, увасабленне нашай агульнай Перамогі. Будуць прадэманстраваны і найноўшыя ўзоры, што цяпер стаяць на ўзбраенні беларускай арміі. Напрыклад, тактычны ракетны комплекс «Іскандэр-М», здольны трапляць у цэль на адлегласці да 500 км. Не менш уразяць гледачоў мерапрыемства ракетная сістэма «Паланэз» з далёкасцю дзеяння да 300 км і зенітны комплекс С-400 «Трыумф» — надзейная абарона ад паветраных пагроз.

У складзе 24 парадных разлікаў механізаванай калоны плануецца ўдзел звыш 240 адзінак колавай і гусенічнай тэхнікі, новыя або пасля глыбокай мадэрнізацыі. Выключэннем стануць рэдкія ўзоры ваеннай тэхнікі часоў Вялікай Айчыннай вайны. Іх на бязвыплатнай аснове прадаставілі прадстаўнікі малога бізнесу. Менавіта дзякуючы ім гледачам будуць даступныя ўнікальныя экспанаты — памяць аб гераічным мінулым нашай краіны.

Хвастаты полк

Адметнай рысай парада стане ўдзел у ім сабак — падапечных Кіналагічнага цэнтра Узброеных Сіл. Унёсак гэтых жывёл у вызваленне Беларусі цяжка пераацаніць. У гады вайны яны дапамагалі сапёрам размініраваць гарады і вёскі, выцягвалі параненых з поля бою і нават падрывалі варожую тэхніку. Таму і было прынята рашэнне аддаць даніну памяці і павагі верным чатырохногім памочнікам.

— Да ўдзелу ў парадзе дапушчаны толькі найлепшыя з найлепшых, — адзначыў намеснік міністра абароны Аляксандр Навуменка. — Сабакі і іх кінолагі праходзяць інтэнсіўную падрыхтоўку: адпрацоўваюць вытрымку, дакладнасць рухаў, уменне пакідаць убаку шум натоўпу.

Колькі ж часу спатрэбіцца, каб падрыхтаваць службовых сабак да выступлення на такім адказным мерапрыемстве? Пра гэта журналістам расказаў старшы інструктар Кіналагічнага цэнтра Узброеных Сіл Арцём Фядзеня:

— Тэрміны трэніровак індывідуальныя, бо кожны сабака валодае сваім характарам, пачуццямі і эмоцыямі. Акрамя таго, жывёле трэба прывыкнуць да вялікай колькасці людзей і гукаў. Мне пашанцавала: мой напарнік ад прыроды спакойны. Галоўны сакрэт узаемаразумення з сабакам і яго паслухмянства — пастаянныя зносіны і сумесныя трэніроўкі.

Спадкаемцы баявой славы

«Сёння ў страі стаяць ужо ўнукі і праўнукі тых, хто 80 гадоў таму прынёс мір на нашу зямлю, — сказаў Аляксандр Навуменка. — І немагчыма не заўважыць, з якімі гонарам і пачуццём адказнасці моладзь адносіцца да падрыхтоўкі да дадзенага мерапрыемства».

Трапятліва захоўвае ў сэрцы подзвіг сваіх дзядоў і прадзедаў і Віталь Горлач, чацвёртакурснік агульнавайсковага факультэта Ваеннай акадэміі:

— Парад — гэта даніна памяці продкам і выказванне гонару за іх. Многія мае сваякі ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне, таму для мяне асабліва важна быць тут і стаяць у першай шарэнзе ў франтавой форме. Я ўжо ўдзельнічаў у парадзе ў мінулым годзе. Тады і нагу высока падняць было няпроста, і раўненне трымаць цяжэй. Але побач заўсёды ёсць таварышы, якія падтрымаюць і падкажуць. Ды і з часам прывыкаем адзін да аднаго: запамінаем манеру хады, рухі, сінхранізуемся. І тады ўсё атрымліваецца — прыгожа, з гонарам і годнасцю.

А вось для трэцякурсніка Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча Цімура Голды гэта першы вопыт удзелу ў парадзе. Хлопец даўно аб гэтым марыў і доўга рыхтаваўся.

«Для мяне важна паказаць, што іх подзвіг не забыты, а мы вартыя іх памяці, — падзяліўся Цімур. — Вядома, быць удзельнікам парада няпроста. Але страявую падрыхтоўку ў нас вядуць ужо тры гады — паралельна з базавай падрыхтоўкай».

Упрыгажэннем парада стануць жаночыя разлікі. Сваімі ўражаннямі ад удзелу ў ім падзялілася Ліяна Алісейка, трэцякурсніца Ваеннай акадэміі:

— Для мяне гэта ўжо другі парад. Нягледзячы на гэта, вядома, лёгкае хваляванне прысутнічае: усё ж такі вельмі значная дата, адказная і важная падзея. Тым не менш, усё даецца крыху прасцей. А яшчэ перапаўняе гонар за сябе, за сваю краіну. У дзяцінстве мы з бацькамі кожны год садзіліся каля тэлевізара і з самай раніцы глядзелі парад. А цяпер я сама іду ў страі, і гэта зусім невымоўныя адчуванні. А бацькі будуць сярод гледачоў на трыбуне.

За мір і спакой — разам

Да святкавання 80-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне далучацца дружалюбныя нам дзяржавы: адны накіруюць парадныя разлікі, іншыя абмяжуюцца сцягавымі групамі. Свой удзел пацвердзілі ўжо прадстаўнікі Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі і Кітайскай Народнай Рэспублікі. Па словах Аляксандра Навуменкі, перагаворы аб удзеле яшчэ працягваюцца.

— Гэта свята гонару за мужнасць, самаахвярнасць і гераізм нашых продкаў, якія прынеслі свабоду і незалежнасць не толькі нашай дзяржаве, але і ўсёй Еўропе, вызваліўшы яе ад нямецка-фашысцкіх акупантаў, — акцэнтаваў увагу Аляксандр Навуменка. — Гэта дзень гістарычнай памяці, урок кожнаму з нас і для наступных пакаленняў, каб ніхто не забываў гісторыю сваёй дзяржавы.

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю