Top.Mail.Ru

Чым быў адметны дзень Расіі падчас форуму «Дзеці Садружнасці»

Акцэнт — на здаровы лад жыцця

Х Міжнародны культурна-адукацыйны форум «Дзеці Садружнасці» працягвае здзіўляць сваім размахам. Так, у пятніцу ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Зубраня» ярка стартаваў дзень Расійскай Федэрацыі.

Кожны дзень на тэрыторыі цэнтра «Зубраня» школьнікі знаёмяцца з гісторыяй і традыцыямі адной з краін — удзельніц СНД. Напярэдадні сваю культуру праз нацыянальныя касцюмы і танцы прадставілі ўдзельнікі форуму з Арменіі і Казахстана. 

У праграме чарговага дня форуму былі майстар-класы па аратарскім мастацтве, акцёрскім майстэрстве і сакрэты ад мастакоў.

У пятніцу для ўдзельнікаў форуму правялі спаборніцтвы па розных відах спорту. Сярод іх — міні-футбол, пляжны валейбол, настольны тэніс і баскетбол. У кожнай камандзе — па адным прадстаўніку ад дэлегацыі. І якім бы ні быў у выніку лік — усё роўна перамагае сяброўства. Бо менавіта такая і мэта форуму — аб’яднаць і здружыць яго ўдзельнікаў з васьмі краін СНД.

«Вельмі прыемна, што такі маштабны форум праводзіцца ў Беларусі, — адзначыў яго ўдзельнік з Расіі Аляксандр Сувораў. — Гэта мой першы раз у Мінску і ў Беларусі. І я вельмі ўражаны! Прыемна камунікаваць, сябраваць з усімі: з беларускай дэлегацыяй, з людзьмі, якіх сустракаю».

Удзельніца форуму з Арменіі Татэвік Петрасян падкрэсліла: «Міжнародны форум дапамагае нам даведацца пра кожную культуру, пасябраваць. Мы ўжо пазнаёміліся з удзельнікамі: і з расіянамі, і з беларусамі... Усе дзеці вельмі добрыя! Будзем дапамагаць адзін аднаму, камунікаваць і запрашаць адзін аднаго ў нашы родныя краіны, працягваць сябраваць нават пасля заканчэння форуму».

Дарэчы, Міжнародны форум праводзіцца ўжо дзясяты раз, але Беларусь прымае яго ўпершыню. Па задумцы арганізатараў кожны дзень прысвечаны пэўнай краіне. У дзень Беларусі дзеці ўспаміналі падзеі Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўнікі Арменіі і Казахстана спявалі песні, танцавалі. У Дзень Расіі, акрамя спартыўнага свята і спаборніцтваў, школьнікаў яшчэ чакалі сустрэча з тытулаванымі спартсменамі, майстар-класы па стварэнні лялькі-абярэга «Берагіні» і арыгінальнай кніжнай закладкі, па пляценні марскіх вузлоў, па мастацкім роспісе драўляных вырабаў, па гульні ў шашкі і лапту, а таксама насычаная культурна-адукацыйная праграма і танцавальны вечар.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю