Top.Mail.Ru

Чым быў адметны месяц прамысловага турызму ў Беларусі?

Красавік аб’яўлены месяцам дзелавога турызму ў нашай краіне. Беларусь апошнім часам з’яўляецца прывабным рынкам у гэтым кірунку для вялікіх кампаній з суседняй краіны. Буйныя банкі і фінансавыя карпарацыі, рытэйл, якія маюць разгалінаваную сетку па ўсёй Расіі, нярэдка выбіраюць Мінск для правядзення дзелавых мерапрыемстваў. Сярод краін постсавецкай прасторы Беларусь знаходзіцца ў выйгрышным становішчы, улічваючы наяўнасць прамых авіярэйсаў з многіх вялікіх гарадоў Расіі і вялікую колькасць сродкаў размяшчэння. А адкрыццё Мінскага міжнароднага выставачнага цэнтра стварыла дадатковую пляцоўку для дзелавых мерапрыемстваў у новым сучасным фармаце.


Каштоўнасці Мінска і абласных цэнтраў

Як паведаміла дырэктар Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Ірына ВАРАНОВІЧ, у нашай краіне дзейнічае 618 гасцініц і аналагічных сродкаў размяшчэння, дзе адначасова могуць пражываць больш за 39 тысяч чалавек. Увогуле, дзелавы турызм найчасцей асацыіруецца менавіта з гатэлямі, дзе маюцца залы для правядзення дзелавых мерапрыемстваў, якія адпавядаюць усім крытэрыям.

І калі ў Мінску дастаткова такіх пляцовак, то сітуацыю ў рэгіёнах спецыялісты Дэпартамента па турызме вывучаюць. Летась у рамках месяца дзелавога турызму яны наведвалі Магілёў, сёлета — Брэст, дзе ацанілі ўсе пляцоўкі, якія могуць прымаць такія мерапрыемствы рознага маштабу. Сярод пераваг абласных гарадоў — прамое авіязлучэнне з Масквой і Санкт-Пецярбургам.

Як адзначыла Ірына Варановіч, адкрыццё Мінскага міжнароднага выставачнага цэнтра не засталося незаўважаным расійскімі дзелавымі коламі, якія пабывалі на выстаўцы «Адпачынак-2025». Прадстаўнікі расійскага бізнесу праяўляюць цікавасць да правядзення тут розных мерапрыемстваў.

Выставачная жамчужына

У Мінскім міжнародным выставачным цэнтры плануецца праводзіць не толькі выстаўкі, але і буйныя кангрэсы. Асноўны запыт звязаны з гэтымі мерапрыемствамі, бо няпроста знайсці аналагічныя пляцоўкі, якія могуць прыняць у адной зале тысячу чалавек і больш, а потым развесці патокі слухачоў на некалькі канферэнц-залаў паралельна.

— Пачалі марафон з выстаўкі «Адпачынак-2025». Паказваем нашу пляцоўку напярэдадні адкрыцця і прадоўжым гэту работу. Упэўнены, што Мінскі міжнародны выставачны цэнтр стане пунктам прыцягнення як для грамадзян нашай краіны, мінчан, так і для дзелавых турыстаў, замежных дэлегацый, трамплінам для развіцця дзелавога турызму, — падкрэсліла начальнік аддзела міжнароднага супрацоўніцтва і спецыяльных праектаў дзяржаўнага прадпрыемства «БелЭкспа» Любоў СМІРНОВА.

Мінскі міжнародны выставачны цэнтр не мае аналагаў у Беларусі па магчымасцях трансфармацыі, інавацыйнасці і мабільнасці. У канцы снежня тут была прадстаўлена выстаўка дасягненняў суверэннай Беларусі «Мая Беларусь». За месяц яе наведалі больш за 400 тысяч чалавек. Наступны 
праект — маштабная выстаўка да 80-годдзя Перамогі, падрыхтоўка якой выходзіць на фінішную прамую. Ужо з 9 мая стартуюць мерапрыемствы, прысвечаныя гэтаму юбілею. Пляцоўка зажыве паўнацэнным жыццём: будзе прымаць гасцей і наведвальнікаў. У гэтым і ў наступным годзе тут пройдуць як нацыянальныя, так і міжнародныя выстаўкі. Адна з іх — выязная прамысловая выстаўка «ІНАПРАМ», якая адбудзецца восенню.

«Адпачынак» у новым фармаце

Міжнародную выстаўку-кірмаш турыстычных паслуг «Адпачынак-2025» таксама можна лічыць адной з падзей дзелавога турызму. Яе сёлета наведалі каля 8,5 тысячы гасцей — на тысячу больш, чым летась.

— Яшчэ да пандэміі часта гучалі развагі аб тым, ці не зжыў сябе фармат выставак, наколькі эфектыўны ўдзел у іх для турыстычных кампаній. На фоне ўсіх трансфармацыйных падзей выстаўкі таксама не маглі не змяніцца, — звярнуў увагу дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызме Дзмітрый МАРОЗАЎ. — Сістэма электроннай рэгістрацыі дае магчымасць дастаткова дакладна адсачыць лічбы, і мы адзначаем рост папулярнасці. У многім ён абумоўлены тым, што зменены фармат. Былі прадстаўлены ўсе вобласці і раёны нашай краіны на вялікіх абласных стэндах. Зала дзеліцца на дзве часткі — нацыянальную і міжнародную, — адзначыў Дзмітрый Марозаў.

Для наведвальнікаў і турыстаў, якія жадаюць вызначыцца з планамі на адпачынак, выстаўка — зручны фармат для таго, каб пазнаёміцца з пастаўшчыкамі турыстычных паслуг з розных рэгіёнаў краіны. Прычым на стэндах прадстаўлены суб’екты турыстычнай індустрыі —музеі, паркі адпачынку, гасцінічныя комплексы, аграсядзібы.

У тэму

Звыш 920 тысяч чалавек удзельнічалі ў мерапрыемствах месяца прамысловага турызму

У сакавіку ў Беларусі праводзіліся дні адкрытых дзвярэй і вытворчыя экскурсіі, дзе наведвальнікі знаёміліся з гісторыяй, дасягненнямі, сучаснымі тэхналогіямі і планамі развіцця прадпрыемстваў. «Каля 2850 такіх мерапрыемстваў адбылося па ўсёй краіне, у якіх удзельнічалі больш за 920 тысяч чалавек. Летась у месяц прамысловага турызму праведзена каля 440 мерапрыемстваў, колькасць удзельнікаў склала амаль 54 тысячы чалавек», — паведамілі БелТА ў Нацыянальным агенцтве па турызме.

Таксама быў арганізаваны выязны семінар у Салігорскі раён для прадстаўнікоў турыстычнага бізнесу. Турыстычныя інфармацыйныя цэнтры ў розных рэгіёнах падрыхтавалі разнастайныя актыўнасці для ўсіх жадаючых, уключаючы фотаконкурс «Я там быў!», анлайн-віктарыны і тэматычныя экскурсіі для школьнікаў. Прадпрыемствы харчовай і машынабудаўнічай прамысловасці прадстаўлялі свой патэнцыял на выстаўцы «Адпачынак-2025».

У Беларусі выдадзены тэматычная брашура і відэаролік, метадычныя рэкамендацыі па правядзенні вытворчых экскурсій. Арганізаваны наведванне прамысловых аб’ектаў у час азнаямленчых тураў для замежных СМІ, а таксама выязныя семінары для тураператараў на прадпрыемствы, зацікаўленыя ў развіцці прамысловага турызму. Праведзена маркетынгавае даследаванне «Прамысловы турызм у Рэспубліцы Беларусь: аналіз сучаснага стану і перспектывы развіцця».

«Летась адзначаны значны рост папулярнасці прамысловага турызму. Агульная колькасць наведвальнікаў прамысловых прадпрыемстваў склала звыш 266 тысяч чалавек, уключаючы прадпрыемствы сістэмы Міністэрства прамысловасці, канцэрнаў „Беллегпрам“ і „Белдзяржхарчпрам“, а таксама Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва. Найбольшы рост наведвальнасці зафіксаваны на прадпрыемствах сістэмы Міністэрства прамысловасці», — адзначылі ў Нацыянальным агенцтве.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю