Top.Mail.Ru

Чым быў адметны першы год членства Беларусі ў ШАС?

Шанхайскім шляхам

Міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў у кітайскім горадзе Цяньцзінь упершыню ў гісторыі поўнафарматнага членства Беларусі ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва прыняў удзел у пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў дзяржаў — членаў гэтай арганізацыі. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе МЗС Беларусі.

Напярэдадні ў Пекіне адбылася сустрэча кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам. Як адзначыў кітайскі лідар, узмацненне пазіцый Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў свеце адпавядае духу часу і патрэбнасцям развіцця ўсіх дзяржаў — членаў аб’яднання, паведаміла «Сіньхуа». Палітычны ўзаемадавер працягвае ўмацоўвацца, а супрацоўніцтва ў розных галінах прыносіць плённыя вынікі. Сі Цзіньпін падкрэсліў, што першараднымі задачамі арганізацыі на сёння з’яўляюцца захаванне добрасуседскіх адносін, гарантаванне бяспекі і стабільнасці, садзейнічанне ўсеагульнаму развіццю.

У сваім выступленні ў ходзе пасяджэння Савета міністраў замежных спраў Максім Рыжанкоў адзначыў, што першы год членства Беларусі ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (адпаведнае рашэнне было падпісана 4 ліпеня 2024 года на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў — членаў ШАС у Астане. — «Зв.») пацвердзіў правільнасць стратэгічнага курсу краіны на ўступленне ў арганізацыю. Ён заявіў аб намеры Беларусі ўносіць важкі ўклад у дзейнасць ШАС, выкарыстоўваючы свой транзітны, прамысловы і навуковы патэнцыял

Міністр таксама агучыў гатоўнасць Беларусі стаць пастаяннай пляцоўкай для профільных мерапрыемстваў арганізацыі, садзейнічаць у яе рамках спрашчэнню гандлю, развіццю лічбавай эканомікі, фарміраванню фінансавай інфраструктуры, умацаванню ўзаемадзеяння ў сферы зялёнай прамысловасці і развіццю штучнага інтэлекту.

Кіраўнік беларускай дэлегацыі акцэнтаваў увагу на прыхільнасці Мінска да «шанхайскага духу», заснаванага на ўзаемнай павазе, роўнасці і салідарнасці. Ён таксама перасцярог, што ўступленне ў арганізацыю дзяржаў, якія грэбуюць яе прынцыпамі або пераносяць на яе пляцоўку двухбаковыя праблемы, з’яўляецца немэтазгодным і шкодным.

Важным кірункам работы ШАС магло б стаць яе ўзаемадзеянне з іншымі рэгіянальнымі міжнароднымі структурамі, уключаючы трэк ЕАЭС—ШАС. У гэтым кантэксце Максім Рыжанкоў нагадаў аб ініцыятыве Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі стварыць на еўразійскай прасторы глабальны транзітны хаб. Акрамя таго, прымаючы пад увагу першапачатковую місію ШАС — забеспячэнне рэгіянальнай бяспекі — кіраўнік беларускай дыпламатыі прапанаваў актыўней задзейнічаць арганізацыю ў якасці асноўнай пляцоўкі для абмеркавання палажэнняў Еўразійскай хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці ў XXІ стагоддзі.

Па выніках Максім Рыжанкоў падпісаў пратакол пасяджэння Савета міністраў замежных спраў дзяржаў — членаў ШАС, а таксама шэраг рашэнняў, неабходных для падрыхтоўкі маючага адбыцца саміту ШАС. Кітай правядзе яго ў Цяньцзіні з 31 жніўня да 1 верасня. Аб гэтым заявіў міністр замежных спраў КНР Ван І на сумеснай прэс-канферэнцыі з генеральным сакратаром ШАС Нурланам Ярмекбаевым. Паводле слоў кіраўніка кітайскага знешнепалітычнага ведамства, саміт наведаюць лідары больш як 20 краін і кіраўнікі 10 міжнародных арганізацый.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю