Top.Mail.Ru

Чым быў адметны працоўны тыдзень сенатараў?

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Алейнік правёў сустрэчу з членам Сената (верхняй палаты) Парламента Кеніі Ледамам Алекіна.


У ходзе размовы быў адзначаны высокі ўзровень супрацоўніцтва Беларусі і Кеніі, які дасягнуты ў першую чаргу дзякуючы кантактам і дамоўленасцям на вышэйшым узроўні. Сяргей Алейнік выказаў зацікаўленасць беларускага боку ў развіцці двухбаковага супрацоўніцтва з Кеніяй у сферах сельскай гаспадаркі, аховы здароўя і адукацыі з улікам высокага ўзроўню развіцця гэтых галін у Беларусі. Акрамя таго, ён звярнуў увагу на неабходнасць устанаўлення міжрэгіянальных сувязяў, што паслужыць дадатковым стымулам для развіцця адносін у сацыяльна-эканамічнай, гуманітарнай і культурнай сферах. Са свайго боку кенійскі сенатар пацвердзіў гатоўнасць актыўна развіваць кантакты з нашай краінай. Ён адзначыў, што ў Кеніі і Беларусі аднолькавыя падыходы да сучаснага шматпалярнага светапарадку, развіцця дружалюбных і раўнапраўных адносін, узаемавыгаднага супрацоўніцтва на карысць народаў дзвюх краін.

Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Ала Смаляк прыняла ўдзел ва ўрачыстым адкрыцці спецыялізаванага кабінета магнітна-рэзананснай тамаграфіі і рэнтгенаперацыйнай з высокатэхналагічным ангіяграфічным комплексам у Гомельскім абласным клінічным кардыялагічным цэнтры. «Гэта яркае сведчанне рэалізацыі задачы аб тым, што самыя сучасныя, самыя перадавыя тэхналогіі, інавацыі павінны быць даступныя для ўсіх жыхароў нашай краіны, — кажучы аб значнасці падзеі, падкрэсліла парламентарый. — І такая задача ў краіне выконваецца дакладна, паслядоўна. На гэта накіроўваюцца вялікія сродкі». Па словах сенатара, у Гомельскім кардыялагічным цэнтры кваліфікаваную кардыялагічную, кардыяхірургічную, рэнтгенэндаваскулярную, ангіялагічную дапамогу штогод атрымліваюць тысячы жыхароў з розных пунктаў рэгіёна. «Высокі прафесіяналізм медработнікаў установы ў спалучэнні з перадавым абсталяваннем дадуць магчымасць яшчэ больш умацаваць здароўе людзей, здароўе нацыі, што з’яўляецца важнай каштоўнасцю для дзяржавы, важным складнікам яе бяспекі», — лічыць Ала Смаляк.

Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Людміла Сапега правяла асабісты прыём грамадзян і прамую тэлефонную лінію ў Добрушскім раённым выканаўчым камітэце. На прамую тэлефонную лінію да сенатара звярнулася жанчына наконт устанаўлення для яе маці статусу члена сям’і ваеннаслужачага, які загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Людміла Сапега ўзяла сітуацыю на асабісты кантроль. Жыхар г. Добруша ўзняў пытанне аб аднаўленні дарогі да месцаў пахавання жыхароў в. Зарадзвінне. Сенатарам дадзены адпаведныя даручэнні. Пытанне знаходзіцца на кантролі. «У нашай краіне наладжана цесная ўзаемная сувязь паміж грамадзянамі і органамі ўлады ўсіх узроўняў, — адзначыла Людміла Сапега. — Жыццё чалавека складаецца з дробязяў, якія ў той ці іншай ступені адбіваюцца на яго светаадчуванні. Тым больш што часам для вырашэння праблемы, якая хвалюе чалавека, цалкам дастаткова шчырага ўдзелу і ведання дзейнага заканадаўства. Чуць адзін аднаго, дапамагаць адзін аднаму, разам вырашаць выяўленыя праблемы — гэта і ёсць асноўныя прыкметы таго, што прынята называць сацыяльным партнёрствам паміж грамадствам і дзяржавай».

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю