Справядліва будзе сказаць, што адкрыццё Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» штогод з’яўляецца галоўнай музычнай падзеяй краіны. Сёлета юбілейнае свята пабіла ўсе рэкорды: ад тэмпаў продажу квіткоў да колькасці краін-удзельніц. І гэта не выпадковасць, а заканамерны вынік 35-гадовай гісторыі, калі фестываль з невялікага конкурсу ператварыўся ў сапраўдную сусветную сцэну, дзе сустракаюцца культуры, гучаць розныя мовы, але галоўным застаецца адно — музыка, якая не ведае межаў.
Святочны калейдаскоп
Юбілейны «Славянскі базар» — своеасаблівая рэтраспектыва свята, якая не падводзіць фінальную рысу, а адкрывае новыя грані як для артыстаў, так і для гасцей. За 35 гадоў існавання яго не змаглі перапыніць ні крызісы, ні пандэмія. Фестываль жыве, дыхае і развіваецца, штогод даказваючы: сапраўднае мастацтва не баіцца перашкод. Яно становіцца мацнейшым, калі яго чакаюць і ў яго вераць.

Цікавасць да свята з кожным годам расце. Арганізатары лічаць, што справа не толькі ў зорным складзе ўдзельнікаў, але і ў любові публікі да фестывалю.
Праграма юбілейнага «Славянскага базару» насычана мерапрыемствамі на любы густ і ўзрост. Сёлета святочныя імпрэзы пачаліся 14 ліпеня. На асноўных творчых пляцоўках — у Цэнтральным спартыўным комплексе, Канцэртнай зале «Віцебск», Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа, Віцебскай абласной філармоніі — музычныя, харэаграфічныя і тэатральныя калектывы з Беларусі, Расіі і іншых краін замежжа знаёмяць беларусаў і гасцей паўночнай сталіцы са сваім майстэрствам. Святочная атмасфера пануе ў самым цэнтры горада, і немагчыма не прасякнуцца гэтым яркім эмацыянальным зарадам, які перадаецца ад артыстаў гледачам.
Зоркі для Віцебска
Аднак, безумоўна, усе госці фестывалю з нецярпеннем чакалі дня адкрыцця, праграма якога здзівіла сваёй разнастайнасцю. Пакуль на галоўнай сцэне ішла падрыхтоўка да вечаровага гала-канцэрта, цэнтр горада жыў сваім жыццём. Кірмаш «Славянскі калейдаскоп» аб’яднаў больш за сотню рамеснікаў з Беларусі, Расіі, Індыі і іншых краін свету — тут можна было набыць вырабы з дрэва, кераміку, вышыванкі і ўнікальныя сувеніры. У Мастацкім музеі адкрылася выстаўка «Марк Шагал. Над горадам» з арыгінальным палатном аўтара з Траццякоўскай галерэі, а ў Доме кіно стартаваў фестываль сацыяльнага кіно «Агульнае жыццё».
Урачыстае адкрыццё Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» парадавала гледачоў насычанай канцэртнай праграмай і цёплай душэўнай атмасферай. Юбілейнае свята пабіла абсалютны рэкорд — 52 краіны-ўдзельніцы. Як адзначыў дырэктар Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» Глеб ЛАПІЦКІ, некаторыя творчыя калектывы ўжо падалі заяўкі на наступны год, што сведчыць аб папулярнасці фестывалю сярод артыстаў.
На сцэне Летняга амфітэатра выступілі зоркі беларускай і расійскай эстрады: Леанід Захлеўны, ансамбль «Песняры», Ірына Дарафеева, Руслан Аляхно, Ларыса Доліна, Алег Газманаў, Ані Лорак, Ігар Нікалаеў, Анатоль Ярмоленка, Наталля Падольская, Уладзімір Прэснякоў, Станіслаў Ярушын і многія іншыя. Амаль усе творцы ўжо выступалі на фестывальнай сцэне ці станавіліся лаўрэатамі Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск». Артысты прызналіся, што на гэтую сцэну хочацца вяртацца, бо віцебская публіка — незвычайная. Яе энергія натхняе, падтрымлівае і дае сілы для новых творчых адкрыццяў. Кожнае выступленне суправаджалася бурнымі апладысментамі, а знаёмыя мелодыі зала спявала разам з артыстамі — гэта была тая асаблівая еднасць, якая здараецца толькі на «Славянскім базары».

Агульная тэматыка адкрыцця — гэта, бясспрэчна, ідэя адзінства, міру і ўзаемаразумення. Але сярод такіх высокамаральных тэм знайшлося месца для звычайных жыццёвых каштоўнасцяў — сяброўства, кахання і сямейнага цяпла. У Летнім амфітэатры гучалі песні, знаёмыя і дзецям, і дарослым, творы, якія заслужылі ганаровае званне «васільковы хіт» і засталіся не толькі ў гісторыі фестывалю, але і ў творчым летапісе беларускага мастацтва.
Нягледзячы на такі зорны склад фестывалю, гледачоў не менш уразіла і падтанцоўка шматлікіх харэаграфічных калектываў Беларусі і Расіі. Асабліва запомніліся публіцы акрабатычныя выступленні ўзорнай цыркавой студыі «Арэна» і гімнастаў «Bastrіgіn brothers». Усе гледачы як па сігнале дасталі смартфоны, каб захаваць гэтыя чароўныя моманты.

Традыцыйна завяршыў адкрыццё гімн «Славянскага базару ў Віцебску» — «Усе кветкі ліпеня» — у выкананні ўсіх удзельнікаў канцэрта пад акампанемент аўтара, кампазітара, уладальніка спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта Беларусі «Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення» Леаніда Захлеўнага.
Толькі пачатак
Вечар у Летнім амфітэтры завяршыўся яркім салютам, які асвяціў горад каляровымі агнямі. Але сапраўднае свята не скончылася з апошнім акордам на фестывальнай сцэне — яно працягвае жыць на вуліцах горада, у сэрцах людзей, якія доўга не разыходзяцца пасля канцэрта, а абмяркоўваюць свае ўражанні ад яркага відовішча. На імгненне, а магчыма і болей, усе межы паміж людзьмі сціраюцца, а застаюцца толькі цеплыня і пачуццё еднасці. І пакуль пад блакітным небам Шагала гучыць музыка, усе мы — разам.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА, фота БелТА