Кожны буйны міжнародны старт — гэта не толькі колькасць заваяваных медалёў і ўсталяваных рэкордаў. Гэта яшчэ і своеасаблівы індыкатар таго, як развіваецца сістэма спорту, паказчык яе пераваг і недахопаў. І кожны міжнародны старт для спартыўнай сістэмы — урок, нават экзамен.
Зусім нядаўна наш спорт здаваў чарговы экзамен.
ІІІ Гульні краін СНД, якія праходзілі ў Азербайджане, прынеслі нашай краіне 122 медалі. Беларускія спартсмены сталі прызёрамі ва ўсіх відах спорту, у якіх удзельнічалі. Усяго ў актыве каманды 32 залатыя,
38 сярэбраных і 52 бронзавыя ўзнагароды. Рэкардсменамі па колькасці ўзнагарод сталі плыўцы — 35 медалёў (4 залатыя, 15 сярэбраных і 16 бронзавых). Двухразовым чэмпіёнам ІІІ Гульняў краін СНД стал Усевалад Сараковік.
Рэкардсменамі па колькасці залатых узнагарод сталі весляры на байдарках і каноэ. Яны дзевяць разоў падымаліся на вышэйшую ступень п’едэстала. Высокі клас беларускай вяслярнай школы яны пацвердзілі ўпэўнена. Трохразовыя чэмпіёны Гульняў — Эміль Абалмасаў і Арцём Вайцешын. «Вынікамі, вядома, задаволены.
ІІІ Гульні краін СНД былі апошнімі спаборніцтвамі сёлета, і тут удалося заваяваць тры „золата“. Звычайна сезон у нас заканчваецца значна раней, таму было складана, але справіўся», — дзяліўся ўражаннямі Эміль Абалмасаў. Па прозвішчы нескладана здагадацца, што ён — сын вядомага беларускага весляра, алімпійскага чэмпіёна 2008 года Аляксея Абалмасава. І спадзявацца толькі на гены, вядома, не варта, але 18-гадовы спартсмен ужо добра зарэкамендаваў сябе на міжнародным узроўні. Шэсць залатых і адну сярэбраную ўзнагароды заваявалі скакуны на батуце, трохразовай чэмпіёнкай стала Яна Лебедзева.
У медальным заліку каманда Беларусі заняла трэцюю пазіцыю сярод трынаццаці краін-удзельніц. На вяршыні апынулася дэлегацыя з Расіі (231 медаль), другімі сталі гаспадары спаборніцтваў (Азербайджан), якія ўзялі
184 узнагароды. «Ваш талент, упартыя трэніроўкі і імкненне да мэты сталі залогам поспеху. Асобную падзяку хачу выказаць трэнерам і адміністрацыйнаму персаналу каманд. Без вашай самаадданасці, цярпення і адданасці справе нашы атлеты не дабіліся б такіх высокіх вынікаў», — адзначыў у сваім віншаванні прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Віктар Лукашэнка.
Намеснік міністра спорту і турызму Аляксандр Бараўля вынік беларускіх спартсменаў назваў добрым, тым больш што па кожнай дысцыпліне барацьба за медалі была вельмі сур’ёзная. «Мы настройваліся і казалі, што прадстаўляем не від спорту, а краіну. Калі браць асобныя дысцыпліны, многіх хацелася б вылучыць. Напэўна, пачну з каманды таэквандыстаў — тры залатыя медалі і яшчэ два фіналы. Задалі „медальны тон“. Хацелася б адзначыць нашых плыўцоў — у вельмі сур’ёзнай канкурэнцыі з расійскімі спартсменамі годна трымаліся. Тут у нас вялікі патэнцыял. Юніёры паказалі добры вынік. З імі можна і трэба працаваць. Батутыстаў таксама хачу адзначыць — шэсць залатых узнагарод і адна сярэбраная. Жаночая каманда па вольнай барацьбе выдатна сябе праявіла і заваявала чатыры залатыя медалі, — падкрэсліў Аляксандр Бараўля ў інтэрв’ю парталу Sport5by. — Напэўна, у грэка-рымскай барацьбе, самба і стральбе нашы спартсмены маглі заваяваць крыху больш. Усе стараліся і працавалі на максімум. Гэта магчымасць прааналізаваць падрыхтоўку нашага рэзерву і ўнесці карэктывы. Карысна было паглядзець і на нашых канкурэнтаў. Гэта добры досвед».
Валерыя СЦЯЦКО
Фота з адкрытых крыніц