Па выніках 2024 года Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прызнала горад на Дзвіне самым азелянёным сярод абласных цэнтраў. У гэтым, вядома, заслуга спецыялістаў ДП «Віцебскі Зелянбуд» пад кіраўніцтвам дырэктара Валянціны Шэндзюковай — апошнія некалькі гадоў горад штосезон упрыгожваюць больш за мільён кветак.
Канікул і часу, каб адпачыць пасля мінулага сезона, у працаўнікоў амаль няма: адразу трэба рыхтаваць ландшафтныя праекты на будучы год, сачыць за трэндамі і думаць, чым новенькім уразіць жыхароў і шматлікіх гасцей фестывальнай сталіцы. Таму яшчэ ў снежні ў вялікіх цяпліцах пачалі вырошчваць расаду цынерарый, бегоній, гацаній. У студзені сваёй чаргі дачакаліся лабелія, тагеціс каралеўскі і іншыя кветкавыя расліны.
Каляровыя і незвычайныя клумбы ў горадзе займаюць каля трох гектараў. У летні сезон не знойдзеш віцебскай вуліцы, якая не была бы ўпрыгожана тымі ці іншымі раслінамі. Але найбольшая канцэнтрацыя фарбаў і духмянасці, вядома, у «сэрцы» абласнога цэнтра: на плошчах Перамогі і Свабоды, каля Летняга амфітэатра, вакол канцэртнай залы «Віцебск». Летась на ўскраінах Віцебска з’явіліся вялікія белыя вазоны з кветкамі, якія ўдала ўпісаліся ў гарадскую інфраструктуру. Цікава абыграць гэтыя архітэктурныя формы спецыялісты Зелянбуда плануюць і сёлета.
Яшчэ адна «фішка» віцебскіх спецыялістаў, якую ўдала рэалізуюць і развіваюць некалькі сезонаў, — вертыкальнае азеляненне. Своеасаблівыя «кветкавыя рэкі» знайшлі прапіску на раздзяляльнай зоне Маскоўскага праспекта, уздоўж тратуара на плошчы Свабоды. Кампазіцыі ў падвясных кашпо ўпрыгожваюць вокны кватэр на вуліцы Кірава і Чарняхоўскага.
У адным з пітомнікаў прадпрыемства вырошчваюць дэкаратыўныя кустарнікі і драўняныя пароды розных відаў для азелянення горада. Яшчэ там вырошчваюць дэкаратыўную лазу, з якой пасля майстры плятуць вазы, кошыкі і кашпо, што карыстаюцца попытам у пакупнікоў.
Канцэпцыя ўпрыгожвання горада ў будучым сезоне пакуль дапрацоўваецца. Сёлета майстры азелянення хочуць па-новаму абыграць гарадскія масты, якія на агульным фоне летам выглядаюць некалькі паўсядзённа. Эскізы клумб амаль гатовыя. На плошчы Перамогі, напрыклад, выкананая ў тэхніцы 3D мінулагодняя кампазіцыя будзе заменена новым рашэннем.
«Бягучы год, які праходзіць у краіне пад лозунгам добраўпарадкавання, для нашага калектыву ўдвая адказны. Прынесці карысць роднаму гораду на сваім працоўным месцы павінен кожны жыхар, а работнікі зялёнага будаўніцтва тым больш. Віцебск па праве лічыцца сталіцай кветак, бо мы ў апошнія два гады высаджваем іх больш за мільён штук. Высокага звання цяжка дасягнуць, а ўтрымліваць яго яшчэ складаней. Але мы будзем імкнуцца толькі павышаць планку і выканаць пастаўленую старшынёй гарвыканкама задачу — прадэманстраваць, як эфектыўнае добраўпарадкаванне можа змяніць наш Віцебск, зрабіць яго яшчэ больш камфортным для жыхароў і гасцей», — заключыла дырэктар прадпрыемства Валянціна Шэндзюкова.
фота аўтара