Top.Mail.Ru

Чым маладых спецыялістаў прыцягваюць на Лепельшчыну

Захаванне і развіццё кадравага патэнцыялу, замацаванне маладых спецыялістаў на працоўных месцах — адно з найважнейшых пытанняў. Патрэбна стварыць умовы, каб у маладых людзей з’явілася жаданне застацца на сваім першым працоўным месцы, раскрыць патэнцыял і працаваць на вынік. Пра тое, як гэтага дасягнуць, мы запыталіся ў намесніка старшыні Лепельскага райвыканкама Веранікі ХОМБАК.


— Летась да нас прыехала вялікая колькасць маладых спецыялістаў — 151 чалавек на раён: практычна на ўсе нашы прадпрыемствы, у лясную гаспадарку, у сферы адукацыі, медыцыны, культуры. Толькі ў школы Лепельскага раёна прыбылі 13 спецыялістаў, а сёлета чакаем яшчэ 9 маладых урачоў. Хачу падкрэсліць: толькі ад работы кіраўніцтва раёна, зацікаўленасці кіраўніка залежыць, прыедзе моладзь ці не. І, паверце, калі кажуць, што гэта пытанне вырашаецца толькі памерам заработнай платы, гэта не так. У Доме рамёстваў у нас у раёне самы маленькі заробак, але дзве дзяўчыны прыехалі: на размеркаванне паехалі дырэктар Дома рамёстваў і кіраўнік нашага сектара культуры райвыканкама — і пераканалі. І вось два маладыя спецыялісты тут.

— А чым можна прыцягнуць моладзь апроч заробкаў?

— У першую чаргу — арэнднае жыллё. У нас гэта пытанне прапрацавана вельмі добра. Гэта і новыя кватэры з сучасным рамонтам, і досыць камфортныя пакоі ў інтэрнаце. Па-другое, даволі значна, наколькі вядомыя ў сваёй сферы прадпрыемства або арганізацыя, ці прэстыжна працаваць там. Наш Дом рамёстваў вядомы на ўсю краіну. Моладзі цікава працаваць у такіх калектывах. У нашай Школе мастацтваў шмат калектываў са званнямі, ёсць нават заслужаны калектыў — «Сунічкі». Ён шмат разоў быў лаўрэатам і нават пераможцам рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. Маладыя спецыялісты хочуць будаваць кар’еру, расці прафесійна, а для гэтага — прыехаць у арганізацыю з цікавай работай, з перспектывай. Іх рухаючая сіла — не меркантыльнасць, а цікавасць.

— А наколькі важная перспектыва стварэння сям’і?

— Гэта яшчэ адзін важны аспект, асабліва калі гаворка ідзе пра дзяўчат. І тут у нас таксама ўсё ў парадку. У раёне шмат моладзі (у тым ліку хлопцаў), і гэта немалаважны фактар. Перад Новым годам у нас прайшоў баль працоўнай моладзі. Было 40 пар! Праўда, спачатку ідэю ўспрыняла без энтузіязму. На першую рэпетыцыю ўсе прыйшлі такія заціснутыя, сарамлівыя, нават незадаволеныя. Прыйшлося мне ўключыцца ў працу (па адукацыі я — педагог-харэограф). Трэба было выбраць цікавыя, не самыя складаныя танцы. За тры тыдні рэпетыцый мы развучылі паланэз, вальс, кадрыль, бальную польку, сучасную эстрадную праграму. І, ведаеце, пасля балю водгукі былі самыя станоўчыя. Наша вядомая ў раёне блогер рабіла апытанне для свайго роліка, і маладыя людзі адказвалі, што атрымалася вельмі добра. Калі працуеш з моладдзю — дапусцім, вязеш 16-20-гадовых на экскурсію, — заўважаеш: сучасныя маладыя людзі практычна не маюць зносін «офлайн», як гэта было ў наш час. Яны селі, узялі ў рукі тэлефоны — і сышлі ў віртуальны свет. Едзем назад, кажу: «Паглядзіце, ваш сусед побач?» А яны не ведаюць, не запомнілі суседа за некалькі гадзін дарогі. Нехта побач быццам бы сядзеў, таксама ў сваім тэлефоне. Яны хутчэй колер шапкі запомняць, чым твар. І калі мы арганізоўвалі навагодні баль, нам было важна, каб яны пачалі размаўляць «паміж сабой». І яны пачалі! Утварылася супольнасць (а не толькі група ў «Тэлеграм»), прыйшлі маладыя сямейныя пары. Гэта ж таксама вельмі важна для маладой сям’і.

— Ці складана зацікавіць нечым сучасную моладзь, адукаваную, і, здаецца, больш самадастатковую і «інтравертную», чым папярэднія пакаленні?

— Рыхтуючыся да балю, мы назіралі за моладдзю, і гэта было вельмі цікава. Спачатку ўсе проста неверагодна замкнёныя і заціснутыя — былі хлопцы, якія да 30 гадоў ніяк не маглі ажаніцца. Кажу: «З кім вас паставіць у пару?» «З кім хочаце». А потым пачалі падыходзіць: памяняйце нас месцамі, пастаўце мяне ў пару вось з гэтай дзяўчынай. Адзін хлопец, яму каля 25 гадоў, настолькі саромеўся, што з гэтым пытаннем адправіў да мяне... сваю маму. За гэтыя тры тыдні ў нас сфарміравалася некалькі пар, і, магчыма, яны стануць сем’ямі. Для нас гэта было б вельмі радасна. Тэлефоны на рэпетыцыях мы прасілі пакідаць у нас. А на самім балі, я настаяла, прыбралі ўсе крэслы, каб не было магчымасці адседзецца ў куточку. І баль прайшоў проста шыкоўна. Цяпер мы папрасілі маладых людзей і дзяўчат не выходзіць з групы, хочам прапаноўваць ім іншыя актыўнасці. Плануем правесці з імі нашу народную гульню «Жаніцьба Цярэшкі», Каляды, масленіцу, будзем гукаць вясну, арганізоўваць дабрачынныя, культурныя і спартыўныя акцыі. І ведаеце, ніводзін не выйшаў, усе напісалі, што хочуць працягваць.

Праца з моладдзю ў нас у першую чаргу на кантролі ў старшыні райвыканкама. Ён праводзіць дыялогавыя пляцоўкі з маладымі спецыялістамі 4-5 раз у год. І не «дзеля галачкі», не як фармальнасць: сабраў у Доме культуры, выступіў за трыбунай... Ён асабіста прадумвае план мерапрыемства: пра што будзем казаць, што абмяркуем з маладымі спецыялістамі, аб чым з імі падыскутуем, куды іх звозім, што ім будзе цікава. Гэта таксама вельмі важна. У маладосці, я перакананая, жыццё павінна быць поўным і прафесійных здзяйсненняў, і яркіх уражанняў. Менавіта такое жыццё раскрывае патэнцыял чалавека, яго таленты. Мы гэта ўмелі. Сучасную моладзь трэба навучыць.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота Яны МІСНІК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю