У Дзяржаўнай установе культуры «Цэнтралізаваная бібліятэчная сетка Шклоўскага раёна» паспяхова рэалізуецца праграма падрыхтоўкі кадраў. І крэатыўных бібліятэкараў становіцца ўсё больш. Адзін з іх — малады спецыяліст Шклоўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Дзмітрый Шведаў.
Хлопец выбраў не зусім тыповую для мужчыны прафесію бібліятэкара. Пасля атрымання дыплома Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў у 2023 годзе Дзмітрый прыбыў на сваё першае працоўнае месца ў Шклоў. І адразу зарэкамендаваў сябе дасведчаным бібліятэчным спецыялістам. А сёння яго ўжо з упэўненасцю можна назваць дастаткова вопытным супрацоўнікам. За амаль два гады працы малады чалавек правёў мноства мерапрыемстваў, якія запомніліся наведвальнікам: экскурсіі, прэзентацыі, бібліятэчныя ўрокі.
Па словах самога Дзмітрыя, галоўнае — бачыць вынік сваёй працы. Хлопец задаволены выбранай прафесіяй і ўдзячны за дапамогу і падтрымку калег. Ён — мэтанакіраваны, творчы і адказны работнік. Праца прыносіць яму сапраўднае задавальненне. І, на думку маладога чалавека, выраз «Кніга — лепшы падарунак» да сёння не страціў сваёй актуальнасці, паколькі на старонках кніжных выданняў утойваецца сапраўдная скарбніца ведаў і цікавых адкрыццяў. Сам хлопец вельмі многае чэрпае з кніг. Карыстальнікам бібліятэкі ён заўсёды параіць, якую кнігу ўзяць для чытання, зыходзячы з інтарэсаў таго ці іншага чалавека.
Мае Дзмітрый таксама і практыку работы над рознымі бібліятэчнымі праектамі. У мінулым годзе ў рамках дзяржаўнага прафілактычнага праекта «Здаровыя гарады і пасёлкі» ён узяў удзел у конкурсе, арганізаваным Шклоўскім раённым цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі. Хлопец падрыхтаваў цікавы праект па стварэнні лепшага эскіза лагатыпа «Шклоўскі раён — здаровы раён!». За ўдзел у конкурсе яго ўзнагародзілі падзякай і каштоўным падарункам.
А ў год 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў спецыялісты цэнтральнай бібліятэкі з яго ўдзелам падрыхтавалі ролік «Каб памяталі...» для абласнога конкурсу відэаролікаў сярод публічных бібліятэк «У летапіс Перамогі». Вынік — дыплом ІІІ ступені. Дзмітрый, хоць і сціплы па характары, але ніколі не застаецца ў баку ад важных падзей.
— Кожны з нас павінен усведамляць і, я ўпэўнены, усведамляе значэнне Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Мы памятаем аб вызваленні нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. З таго часу прайшло 80 гадоў. І хоць час аддаляе нас ад тых падзей, але памяць жывая. Каб яе захаваць, мы ў бібліятэцы праводзім розныя мерапрыемствы на патрыятычную тэматыку, рэалізуем тэматычныя праекты, — пракаментаваў Дзмітрый Шведаў.
Хочацца спадзявацца, што такіх спецыялістаў і прыкладаў сапраўднай любові да сваёй краіны і выбранай справы будзе ўсё больш сярод моладзі. А тыя, хто побач, заўсёды падтрымаюць іх, каб не згасалі ў маладых энергія, творчасць і любоў да прафесіі.
Валянціна СУТКАЛЕНКА