Top.Mail.Ru
223

Чым небяспечна забруджванне пластыкам?

У Ніцы ў панядзелак адкрыецца Трэцяя Канферэнцыя ААН па акіяне, закліканая аб’яднаць намаганні ўрадаў, вучоных, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і бізнесу, каб спыніць калапс найбуйнейшай экасістэмы Зямлі. Акіяны жыццёва важныя для чалавека і планеты, аднак яны «задыхаюцца» з-за павышэння тэмпературы, закіслення, страты біяразнастайнасці і, у апошнія дзесяцігоддзі, забруджвання пластыкам, паведамляе ААН.


Свет штогод вырабляе каля 400 мільёнаў тон пластыкавых адходаў. Бутэлькі з-пад вады і шампуня, упакоўка, адзенне з поліэстэру, пластмасавыя трубы і іншыя вырабы — усё гэта частка глабальнага крызісу забруджвання пластыкам. Па словах экспертаў, пластык разбурае экасістэмы, наносіць шкоду здароўю людзей і ўзмацняе змену клімату.

«Забруджванне пластыкам — адна з самых сур’ёзных экалагічных пагроз, якія стаяць перад чалавецтвам. Але мы можам справіцца з гэтай праблемай, — кажа Эліза Тонда з Праграмы ААН па навакольным асяроддзі (ЮНЭП). — Рашэнне гэтай задачы не толькі палепшыць стан планеты і здароўе людзей, але і адкрые мноства эканамічных магчымасцей».

Пластык сёння выкарыстоўваецца амаль ва ўсіх сферах — ад аўтамабільнай прамысловасці да медыцыны. З 1950-х гадоў, паводле ацэнак, чалавецтва вырабіла 9,2 мільярда тон пластыка, з якіх каля сямі мільярдаў ператварыліся ў адходы.

Найбольшую пагрозу ўяўляюць аднаразовыя вырабы з пластыка. Яны не перапрацоўваюцца і не вяртаюцца ў эканоміку, перагружаюць сістэмы ўтылізацыі і часта аказваюцца ў навакольным асяроддзі. Сярод самых распаўсюджаных — бутэлькі, упакоўка, пакеты, аднаразовы посуд і ўпаковачная пена.

Наступствы забруджвання можна ўбачыць амаль паўсюль: у рэках, азёрах і акіянах, на вуліцах гарадоў і ў сельскай мясцовасці, на звалках і нават у пустынях і марскім лёдзе. Вучоныя выяўлялі пластыкавыя адыходы нават на Эверэсце і ў Марыянскай упадзіне.

Чым небяспечна забруджванне пластыкам? Спецыялісты вылучаюць тры галоўныя прычыны: 

  1. Шкода экасістэмам. Напрыклад, мікрачасціцы пластыка могуць тармазіць рост фітапланктону — важнага звяна марскіх харчовых ланцугоў. Рыбы часта праглынаюць пластык, напаўняючы свае страўнікі неядомымі фрагментамі, і затым паміраюць.
  2. Пагроза здароўю людзей. Пластык распадаецца на мікрапластык і нанапластык, якія могуць назапашвацца ў арганізме. Іх знаходзілі ў печані, тэстыкулах і нават у грудным малаку. У адной бутэльцы вады можа ўтрымлівацца да 240 тысяч мікрачасціц.Вучоныя пакуль не ведаюць, як мікрапластык уплывае на арганізм чалавека.
  3. Пагаршэнне змены клімату. Вытворчасць пластыка патрабуе вялізных энергазатрат і, паводле ацэнак, стала прычынай больш як трох працэнтаў глабальных выкідаў парніковых газаў у 2020 годзе.

изображение_2025-06-08_130523610 (1).png

Дарэчы, згодна з даследаваннем Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР), толькі каля дзевяці працэнтаў пластыкавых адходаў перапрацоўваюцца. Прычынамі гэтаму з’яўляецца тое, што вырабы першапачаткова не прызначаны для перапрацоўкі, занадта далікатныя або паддаюцца перапрацоўцы толькі адзін-два разы. У многіх краінах адсутнічае інфраструктура для эфектыўнай перапрацоўкі. Галоўнае — аб’ёмы вытворчасці пластыка растуць занадта хутка.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю