Top.Mail.Ru

Чым небяспечныя электронныя цыгарэты?

Урачы гавораць аб новай хваробе — пашкоджанні лёгкіх хімічнымі рэчывамі, якія змяшчаюцца ў вадкасці вэйпаў

У канцэрне «Белдзяржхарчпрам» падвялі вынікі публічнага абмеркавання праекта новага закона, які рэгулюе абарот тытунёвых, нетытунёвых і нікаціназмяшчальных вырабаў. Пакуль забараняць электронныя цыгарэты (вэйпы) у Беларусі не плануецца з прычыны таго, што на рынку ёсць «пэўны спажывецкі попыт» на іх, а калі ўвесці забарону, то вэйпы стануць купляць нелегальна. Але плануецца абмежаваць адкрытую выкладку электронных цыгарэт у крамах, продаж праз інтэрнэт і дастаўку, а таксама ўзмацніць жорсткасць патрабаванняў да ліцэнзавання і маркіроўкі.

Прытым што вэйпы па-ранейшаму застаюцца даступнымі, яны не сталі больш карыснымі. Ці дапамагаюць электронныя цыгарэты пазбавіцца ад нікацінавай залежнасці? Якімі наступствамі для здароўя пагражае іх выкарыстанне? Як дзейнічаць тым, хто вырашыў змагацца са шкоднай звычкай? Спыталі пра гэта кіраўніка Мінскага гарадскога цэнтра здароўя, урача-валеолага Сняжану КАЎРЫГА.

— Па даных СААЗ, колькасць курцоў тытунёвых вырабаў у свеце зніжаецца, а спажыўцоў электронных цыгарэт — расце. Чым, Сняжана Віктараўна, тлумачыцца гэта тэндэнцыя?

— На мой погляд, перш за ўсё тым, што пры курэнні электронных цыгарэт не ўдыхаюць тытунёвы дым, пасля іх не застаецца непрыемнага паху. Вялікую ролю ў папулярнасці вэйпаў, безумоўна, адыграў і распаўсюджаны міф аб тым, што яны нібыта дапамагаюць вызваліцца ад нікацінавай залежнасці. Хаця насамрэч гэта ўсяго толькі міф. Вэйпінг — таксама залежнасць, проста некалькі іншая.

— У чым яе асаблівасці?

— У некантраляваным спажыванні. Колькасць звычайных цыгарэт, якія курыш на працягу дня, можна рэгуляваць. Прыкладнае ўтрыманне нікаціну ў іх вядома. А як падлічыць, колькі хімічных рэчываў, якія ўваходзяць у склад вадкасці, змешчанай у картрыджы ці рэзервуары, мы ўдыхаем пры выкарыстанні электронных цыгарэт? У кожнага чалавека — індывідуальная «норма» зацяжак. Для кагосьці 40 зацяжак у дзень — не праблема, а для кагосьці 20 — ужо максімум, пры якім чалавек пачынае адчуваць сябе вельмі дрэнна.

— Чым перш за ўсё небяспечныя вэйпы? Якія захворванні выклікае іх курэнне?

— Цяпер ужо кажуць аб новай хваробе EVALІ — пашкоджанні лёгкіх хімічнымі рэчывамі, якія змяшчаюцца ў вадкасці электронных цыгарэт. Некаторыя араматычныя дабаўкі ўзмацняюць таксічны эфект. 

Як правіла, вэйперы пакутуюць на парушэнні з боку сардэчна-сасудзістай сістэмы (часцей за ўсё тахікардыю), многія адзначаюць кашаль, аддышку, гіпаксію (недахоп кіслароду), скардзяцца на алергічныя рэакцыі, страту вагі, болі і рэзі ў СКТ. 

З-за запаленчых працэсаў у лёгкіх у многіх спажыўцоў электронных цыгарэт — павышанае ўтрыманне лейкацытаў у крыві. Не трэба забываць: мы перажылі пандэмію Covіd-19. Шмат у каго фізічны стан пасля перанесенага віруса вельмі пагоршыўся. І падвяргаць свае лёгкія дадатковым нагрузкам, на мой погляд, проста неразумна. 

Курэнне вэйпаў негатыўна адбіваецца і на кагнітыўных здольнасцях: слабее памяць, зніжаецца канцэнтрацыя ўвагі, горшым становіцца ўспрыманне. Вэйперы часта адзначаюць у сябе праблемы са сном. 

Некаторыя з іх прызнаюцца: прачынаюцца часам ноччу, робяць некалькі зацяжак, зноў засынаюць. Гэта паказчык павышанай трывожнасці, таго, што нервовая сістэма не спраўляецца з нагрузкамі.

— Як доўга трэба курыць вэйпы, каб заўважыць змены ў сваім здароўі?

— Прадбачыць, калі чалавек адчуе наступствы шкоднай звычкі, вельмі складана. У некаторых спажыўцоў электронных цыгарэт такая высокая адчувальнасць да хімічных рэчываў, што змены ў лёгкіх прыкметныя ўжо праз некалькі месяцаў. Асабліва вэйпы небяспечныя для несфарміраванага арганізма падлеткаў: як вядома, дзяўчаты растуць да 21 года, а юнакі — да 23 гадоў. Тут асабліва адзначу значэнне бацькоўскага прыкладу. Тынэйджары часта пачынаюць забаўляцца «электронкамі», пераймаючы паводзіны татаў і мам, ад якіх чуюць, што вэйпінг — самы хуткі і зусім бяскрыўдны спосаб зняць стрэс, справіцца са стомленасцю, супакоіцца.

— Што б вы параілі тым, хто вырашыў адмовіцца ад шкоднай звычкі?

— Перш за ўсё для поспеху на такім шляху трэба па-сапраўднаму гэтага захацець і быць гатовым прыкласці намаганні. Рука спажыўцоў вэйпа пры любым стрэсе цягнецца да выратавальнай «дудкі». Трэба зламаць гэту звычку, навучыцца падманваць сябе. Напрыклад прыбраць прыладу для курэння з поля зроку, схаваць яе куды-небудзь далей. Стымулам можа служыць выстаўленне дэдлайнаў перамогі над шкоднай звычкай. Пры гэтым вельмі важна ў такі перыяд не трапіць у іншыя дэструктыўныя залежнасці, а знайсці карысную для здароўя альтэрнатыву. 

Скажам, прызвычаіцца ў моманты трывогі заварваць гарбату, піць ваду, гуляць на свежым паветры, палюбіць фітнес, асвоіць дыхальную гімнастыку, не забываць пра сустрэчы і кантакты з прыемнымі людзьмі з пазітыўным настроем. Трэба знайсці для сябе нейкае хобі, занятак, які раскрые ваш творчы патэнцыял, дадасць натхнення і энергіі. 

Гэта могуць быць пчалярства, рыбалка, кулінарыя, вышыванне, фатаграфія ці нават проста чытанне, сузіранне прыроды. У апошні час я з радасцю адзначаю: беларусы больш пачалі звяртаць увагу на сваё псіхічнае здароўе, яны шукаюць і знаходзяць прыдатныя менавіта для іх метады аднаўлення.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю