Рок без межаў пакаленняў.
Ужо праз лічаныя дні 27 і 28 чэрвеня горад Пружаны зноў збярэ прыхільнікаў рок-музыкі на фестываль «Сонцастаянне». На стадыёне «Махавец» сёлета запланаваны выступленні шэрагу вядомых калектываў, як, напрыклад, «Чайф», «Аліса», «Сурганава і аркестр», «Арыя» і цікавыя лакацыі для адпачынку пад адкрытым небам.

Арганізатарамі опэн-эйра выступае Брэсцкая абласная філармонія пры падтрымцы мясцовых улад. Удзельнікаў і гасцей фестывалю, які сёлета пройдзе пад слоганам «Рок без межаў пакаленняў», чакае два дні жывой музыкі, яркія выступленні любімых выканаўцаў, а яшчэ шмат цікавых лакацый, каб цікава правесці час.
Летась фестываль сабраў больш за 20 тысяч чалавек, а ў гэтым годзе арганізатары ўжо разлічваюць прымаць значна больш гасцей, прычым яны будуць не толькі з Беларусі і Расіі, але і з Казахстана, Літвы, Латвіі і іншых краін бліжняга замежжа. У першы дзень «Сонцастаяння» выступіць музыкант-віртуоз, ураджэнец Пружан May Lian. А ў працяг музычнага марафону сваёй творчасцю парадуюць такія калектывы як «Чайф», «Аліса», «Nazarets», Вячаслаў Бутусаў і яго калектыў «Ордэн Славы» і іншыя. Разнастайнасць рок-стыляў зробіць фестываль сапраўдным падарункам для меламанаў розных пакаленняў.
Сярод новаўвядзенняў фестывальнай праграмы гэтага года — асобная сцэна, дзе змогуць выступіць маладыя беларускія рок-калектывы. Сярод удзельнікаў заяўлены 12 таленавітых музыкантаў, якіх выбіралі з больш як ста заявак. У іх лік трапілі калектывы «BROKEN_ZIP», «ГлинТВейн», «Гранатовый Сок», «КАТЕРИНА», «Дети рока» і гэта толькі частка яркіх калектываў, з кім зможа пазнаёміцца публіка ў дні фестывалю.
Разам з тым двухдзённае свята музыкі пад адкрытым небам дазволіць не толькі атрымаць асалоду ад выступленняў вядомых і маладых рок-выканаўцаў і калектываў, але і пражыць два дні ў палатачным гарадку каля возера, наведаць рыцарскія баі, эка-вёску з фудшоу і кантактным заапаркам, дрыфт-шоу і шмат іншых цікавых лакацый. Як адзначаюць арганізатары, «Сонцастаянне» — не проста канцэрт, а фестываль з інтэлігентнай атмасферай, бяспечнымі ўмовамі і з высокім узроўнем сэрвісу.
Больш падрабязную інфармацыю, рэкамендацыі ўдзельнікам можна знайсці аднайменным сайце фестывалю. Знаёмцеся з прапанаванай праграмай і вырашайце, у якіх кропках маштабнага мерапрыемства жадаеце адпачываць.

Алена ДРАПКО
Фота з архіва арганізатараў фестывалю