Top.Mail.Ru

Чым парадуе сёлета «Купалле» ў Александрыі

Вялікі кірмаш, выставы, гасцінныя падворкі, канцэрты, прэзентацыі, народныя забавы — гэта толькі частка таго, што чакае гасцей на маштабным рэспубліканскім свяце «Купалле» («Александрыя збірае сяброў»). Яно адбудзецца на шклоўскай зямлі ўжо зусім хутка — 11-12 ліпеня. Гэтым разам фестываль прысвечаны Году беларускай жанчыны і пройдзе пад знакам «Купальскай Берагіні» — сімвала жаночай мудрасці, сямейных каштоўнасцяў і сувязі пакаленняў. Кожны рэгіён прадставіць на свяце тое, з чым атаясамліваецца яго вобраз.


БАГАТАЯ СПАДЧЫНА

Цэнтрам кірмашу «Пад покрывам купальскай Берагіні» стане маштабны арт-аб’ект «Купальскае кола». Вакол яго разгорнуцца гандлёвыя рады і тэматычныя зоны — «Александрыйская гасціна», «Магілёўшчына», «Гандлёвая суполка», «Кірмашовы завулак», дзе сваю прадукцыю прадставяць рэгіёны, прадпрыемствы, рамеснікі, індывідуальныя прадпрымальнікі. У выставе-кірмашы прыме ўдзел больш чым 200 майстроў з усёй Беларусі і 28 рэгіёнаў Расіі.


За гады існавання фестывалю на ім пабывалі тысячы гасцей з розных краін. Тут наглядна можна ўбачыць, наколькі цесна беларуская культура пераплятаецца з традыцыямі суседніх краін. Сёлета ўпершыню ўдзельнічаюць у вялікім кірмашы прадстаўнікі Кемераўскай, Курганскай, Ульянаўскай, Растоўскай абласцей, Рэспублікі Чувашыя. Майстры пазнаёмяць з характэрнымі для іх тэрыторый рамёствамі, пакажуць культурныя традыцыі сваіх рэгіёнаў. Сярэбраныя ўпрыгажэнні дагестанскіх ювеліраў, арэнбургскія пуховыя хусткі, традыцыйны гафт — асобны від вышыўкі, аўтарскія лялькі, вырабы з рыбінай скуры, эксклюзіўныя ўпрыгажэнні з натуральнай скуры і каменя — усё гэта можна будзе не толькі ўбачыць, але і купіць... Як і галоўны сімвал свята — купальскі вянок, варыянты якога на любы густ звычайна прапаноўваюць народныя ўмельцы. Але ўсё ж такі лепш прыняць удзел у майстар-класе па пляценні вянкоў і зрабіць свой, непаўторны.


Песень, танцаў і гульняў будзе не менш, чым тавараў. На малой купальскай сцэне бесперапынна будуць праходзіць культурна-забаўляльныя праграмы. У канцэрце «Гуляй, душа народная!» пад акампанемент заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь аркестра народных інструментаў імя народнага артыста Беларусі Л. Л. Іванова Магілёўскай абласной філармоніі выступіць салістка Дзяржаўнага аркестра рускіх народных інструментаў «Мяцеліца» з Санкт-Пецярбурга Алена Курская. Тут жа адбудзецца і афіцыйнае адкрыццё свята.

Паралельна будуць працаваць лакальныя пляцоўкі для правядзення канцэртных і інтэрактыўных праграм. Аніматары дапамогуць прысутным паглыбіцца ў гушчу падзей, як мага больш прасякнуцца духам мерапрыемства. Захаваць на памяць прыемныя ўспаміны пра свята дапамогуць спецыяльна аформленыя фотазоны. Шмат чаго цікавага запланавана для дзяцей. Адзін цырк чаго варты! Адпачыць ад актыўнасцяў і зрабіць паўзу паміж праменадам па лакацыях прысутныя змогуць у спецыяльна адведзенай для гэтага зоне адпачынку, дзе размесцяць сталы і драўляныя лаўкі.

КУПАЛЬСКІЯ ЦІКАВОСТКІ

Купалле ў Александрыі заўсёды ўражвае колькасцю розных забаў і прыгод. Сёлета іх будзе яшчэ больш. Запамінальным стане падарожжа на пароме з берага Копысі на бераг Александрыі. Сустракаць падарожнікаў будуць творчыя калектывы народнымі песнямі пад баян. А заадно пачастуюць знакамітымі шклоўскімі агуркамі.

Упершыню пройдзе сырны фестываль, які аб’яднае вытворцаў з усёй Беларусі. Госці змогуць ацаніць разнастайнасць айчынных сыроў, даведацца больш аб традыцыях сыраварства і адкрыць для сябе новыя смакі.


Не менш цікавым абяцае стаць выставачны праект «Анталогія жаночай прыгажосці: ад традыцый да сучаснасці», які дасць магчымасць убачыць традыцыйныя касцюмы і ручнікі з музеяў Магілёўскай вобласці, пазнаёміцца з асаблівасцямі народнага арнаменту, прасачыць, як мяняліся ўяўленні аб жаночай прыгажосці на працягу стагоддзяў. Адбудзецца дэманстрацыя рэканструяваных беларускіх народных строяў і археалагічных знаходак старажытных жаночых упрыгажэнняў.

З АКЦЭНТАМ НА МОЛАДЗЬ

Яркая прыкмета таго, што народныя традыцыі для моладзі не пусты гук — рэспубліканскі конкурс сярод маладых сем’яў «Уладар сяла». Праз розныя выпрабаванні яны дэманструюць культуру сучаснай беларускай вёскі.

Апафеозам фестывалю стане гала-канцэрт «Александрыя — любоў з першага позірку». Ён пачнецца на галоўнай сцэне ў 21.30 і працягнецца амаль да поўначы. Напрыканцы неба над купальскім Дняпром асветляць агеньчыкі святочнага феерверку, пасля чаго ўзнімуцца ў начную вышыню языкі вялікага вогнішча магічнага свята.


Гулянні між тым прадоўжацца маладзёжнай дыскатэкай «Купальскі Ярыла-Дэнс» з удзелам радыёстанцыі «Душэўнае радыё», MC Andreі YurchencoF (Андрэй Юрчанкаў) і артыстаў Магілёўскай вобласці. Самыя трывалыя змогуць танцаваць да трох раніцы.

Каб была магчымасць камфортна дабрацца дадому пасля начной дыскатэкі, у ноч з 11 на 12 ліпеня будуць курсіраваць дадатковыя рэйсы з Копысі на Магілёў і Оршу. А цягнік бізнес-класа № 705/706 Полацк — Магілёў — Полацк 11 ліпеня зробіць дадатковы прыпынак на станцыі Копысь. Усяго падчас свята на гэтай станцыі будуць спыняцца 29 цягнікоў рэгіянальных і міжрэгіянальных ліній з Магілёва, Оршы, Віцебска, Гомеля, Полацка і Брэста.

Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з архіва БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю