Чытаць кнігі разам з сям’ёй ці з сябрамі можа быць добрай традыцыяй, якая падкажа вам агульныя тэмы для размоў і дасць магчымасць паглядзець на звыклае з іншага боку. Сёння расказваем пра новыя кнігі «Выдавецкага дома «Звязда», дзе чытачы розных узростаў абавязкова адшукаюць цікавыя экзэмпляры для прыемнага баўлення часу.
Гісторыі аднаго знікнення
Апавяданне Ірыны Карнавухавай «Знікненне Глеба» выйшла ў серыі «Падлеткавы ўзрост». І адрасуецца твор дзецям сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту. Гэта гісторыя пра тое, што любую сітуацыю, у якую трапляем, мы разглядаем і ацэньваем з пэўнага пункту гледжання, абумоўленага нашымі ўяўленнямі пра жыццё, вопытам, начытанасцю і нават эмоцыямі. Гэты твор дае чытачам унікальную магчымасць спачатку пазнаёміцца з успрыманнем эпізоду знікнення пятнаццацігадовага Глеба рознымі героямі апавядання, а пасля ў іх кампаніі пражыць завяршэнне... Аднак, ці будзе шчаслівы фінал у гэтай гісторыі — зможам даведацца на апошніх старонках кнігі.

Сіла слова і сяброўства
Кніга Жанны Касап «Аліса і Мішкавы лісты» — гэта чароўны свет, у якім вера ў цуды дазваляе справіцца з любымі няўдачамі яго гераіні. Па сюжэце цікаўная і дабрадушная дзяўчынка Аліса ідзе ў першы клас. Але там высвятляецца, што не ўсё так лёгка, як было ў яе жыцці раней. Казачная гісторыя дазваляе пражыць важны перыяд разам з галоўнай гераіняй, якая дзеліцца яркімі ўражаннямі ад сваёй новай рэальнасці са сваім плюшавым мядзведзікам. І аднойчы атрымлівае ад яго ліст... Разам з дзяўчынкай чытачы даведаюцца пра будні першакласнікаў, адкрыцці і пераадоленне цяжкасцяў. Так, аднойчы Аліса хацела купіць шакалад і стаць вельмі разумнай, але замест чаканага эфекту ад салодкага адкрыла для сябе радасць ад умення дзяліцца.

Самыя яркія эпізоды ў кнізе ўвасабляюцца таксама ў ілюстрацыях Людмілы Суханавай. Выданне будзе карысным і дарослым, бо ў ім мамы і таты знойдуць добрыя падказкі, як дапамагчы ўласным дзецям паверыць у сябе, убачыць стымул у вучобе і не згубіць веру ў цуды ў паўсядзённасці.
Калейдаскоп вопыту
Дорыць чытачам дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту аповесць Ірыны Тулупавай «33 гісторыі Плаксільяны», якая суправаджаецца ілюстрацыямі мастака Кацярыны Казлоўскай. Тут мы ўжо знаёмімся з гісторыяй адной маленькай прынцэсы, якая з’явілася на свет за пяць хвілін да 1 мая. Юных чытачоў чакаюць прыгоды ў кампаніі гераіні і яе сяброў. Кожная гісторыя — нібы яркая частка ў калейдаскопе жыццёвых падзей, дзе сяброўства з хлопчыкамі можна адчуць па болі ў каленках ці, напрыклад, знайсці сапраўднага абаронцу ў хатнім гадаванцы, навучыцца плесці вянкі, выхоўваць характар і даведацца шмат іншых карысных рэчаў. Словам, гэта 33 гісторыі пра тое, як дзяўчынка Плаксільяна з дапамогай старэйшага сябра Дзьмухавея сталее і крок за крокам разумее, што зусім неабавязкова быць капрызнай і шантажыраваць бацькоў слязьмі, а лепш штодня рабіць штосьці цікавае, карыснае.

Алена ДРАПКО