Еўрапейская камісія ў рамках чарговага, ужо сямнаццатага, пакета санкцый уводзіць новыя абмежаванні на аграэкспарт з Беларусі і Расіі. Цяпер пад прыцэл трапілі вытворцы азотных угнаенняў і сельгаспрадукцыя.
Пошліна ў памеры 50 % уводзіцца на цукар, воцат, муку і кармы для жывёл. Для мяса, малочкі і гародніны ўвазныя пошліны паднімуць на 15 %. На азотныя ўгнаенні да дзейнага адвалорнага кампанента пошлін (працэнтнай стаўкі ад мытнага кошту) у 6,5 % дададуць спецыфічны падатак (фіксаваная мінімальная сума), які будзе паступова павялічвацца. З 1 ліпеня 2025 года да 30 чэрвеня 2026-га ён складзе € 40 за тону для азотных угнаенняў і € 45 за тону для змешаных з утрыманнем азоту. Да 2028 года новыя пошліны дасягнуць практычна забароннага ўзроўню ў € 315 для азотных угнаенняў і € 430 за тону складаных. Максімальны тарыф можа быць уведзены і раней, калі пастаўкі ўгнаенняў з РФ будуць вышэйшымі за вызначаны ўзровень. На 1 ліпеня 2025-га — 30 чэрвеня 2026 года парогавым значэннем устаноўлена 2,7 млн тон, на наступны сезон — 1,8 млн тон, на сезон 2027–2028 гадоў — 0,9 млн тон.
На пытанне, ці паўплываюць гэтыя чарговыя санкцыі на нас, фактычна адказаў Прэзідэнт. Падчас наведвання Нежынскага горна-абагачальнага комплексу ў Любанскім раёне Аляксандр Лукашэнка заявіў: «Увялі санкцыі супраць калійных угнаенняў. Ну і што? Немагчыма санкцыямі стрымаць развіццё любой краіны, нават невялікай. Немагчыма».
У сваю чаргу паспрабуем разабрацца ў матывацыі еўрачыноўнікаў і наступствах гэтага неардынарнага кроку.
Па-першае. Пры інтэнсіўным земляробстве, якім вызначаецца аграрная галіна ў еўрапейскіх краінах, азот адыгрывае асабліва важную ролю, паколькі натуральны нітраген у глебе высільваецца хутка. Таму з усіх відаў угнаенняў, якія прымяняюцца, азотныя складаюць каля 70 %, і чвэрць гэтага аб’ёму забяспечваюць вытворцы з Саюзнай дзяржавы.
Па-другое. Ключавы аргумент прыхільнікаў прынятых абмежаванняў — меры прывядуць да павелічэння ўнутранай вытворчасці ўгнаенняў. Аднак гэта толькі пажаданне. Еўропе даўно не хапае ўнутранай вытворчасці ўгнаенняў, у сувязі з чым іх імпарт непазбежны, прычым сітуацыя з часам толькі пагаршаецца з-за ўзмацнення жорсткасці кантролю за выкідамі вуглякіслага газу. Часткова замясціць саюзныя пастаўкі можа рост імпарту з Марока, Егіпта і Алжыра, на якія сукупна прыпадае прыкладна 35 % усяго імпарту азотных угнаенняў у ЕС у 2024 годзе.
Па-трэцяе. Цана на азотныя ўгнаенні ў значнай ступені залежыць ад галоўнага кампанента вытворчасці — прыроднага газу. Выдаткі на яго могуць складаць каля 80 % ад агульнага аб’ёму сабекошту. Чым даражэйшы прыродны газ, тым даражэйшыя азотныя ўгнаенні. Скарачэнне вытворчасці ўгнаенняў у Еўропе пачалося яшчэ ў 2021 годзе, калі цэны на газ з пачаткам СВА выраслі ў некалькі разоў. І нават зніжэнне газавых каціровак да ўзроўню 400 долараў за тысячу кубаметраў не дазволіць еўрапейскім вытворцам самастойна забяспечыць патрэбу сваіх аграрыяў.
Па-чацвёртае. Рашэнне ЕС увесці так званыя «загараджальныя» пошліны ў памеры 100 % на расійскія і беларускія ўгнаенні — акт поўнасцю палітычны, паколькі, з пункту гледжання эканомікі, сельскагаспадарчы сектар краін ЕС, прычым пры любым развіцці сітуацыі, аказваецца ў пройгрышы.
Асацыяцыя еўрапейскіх фермераў Copa-Cogeca выступіла з заявай, у якой адзначыла: фермерскія супольнасці разумеюць і падтрымліваюць агульныя мэты інстытутаў ЕС, аднак лічаць, што «адсутнасць належнай увагі гэтых інстытутаў да альтэрнатыўных крыніц паставак і ацэнкі наступстваў прынятых мер застаюцца сур’ёзнымі праблемамі». І заклікала еўрапейскія ўлады і, у першую чаргу Еўракамісію, адкласці прымяненне новых абмежавальных мер на мінеральныя ўгнаенні і вывучыць магчымасць стварэння інструмента кіравання рызыкамі для ўсяго ланцужка паставак угнаенняў.
У адваротным выпадку еўрапейскія фермеры сутыкнуцца з сур’ёзнымі цяжкасцямі з-за ўведзеных ЕС пошлін на расійскія і беларускія ўгнаенні, што справакуе рост цэн на ўсе віды ўгнаенняў.
У выніку з-за гэтага палітычнага рашэння Бруселя фінансавы цяжар ляжа менавіта на сельгасвытворцаў і простых еўрапейцаў. «Мы не можам дазволіць сабе яшчэ больш падрываць эканамічную жыццяздольнасць ферм або харчовую бяспеку мільёнаў людзей па ўсім ЕС», — падвялі вынік у Copa-Cogeca.
Па-пятае. Для Беларусі і Расіі новыя пошліны ЕС прывядуць да пераразмеркавання часткі паставак у Бразілію, Мексіку, Індыю і ЗША. Імпартная ёмістасць індыйскага рынку азотных угнаенняў — 10 млн тон, Бразіліі — 14 млн тон, Афрыкі — 5 млн тон, і ў перспектыве попыт там будзе толькі павялічвацца. І гэта пры тым, што ўжо сёння амаль палова саюзнага экспарту ўгнаенняў прыпадае на краіны БРІКС.
Што датычыцца нашай краіны, то дзякуючы такім заводам-гігантам, як «Беларуськалій», «Гродна Азот» і «Гомельскі хімічны завод», Беларусь не толькі цалкам забяспечана мінеральнымі ўгнаеннямі, але і экспартуе іх у значнай колькасці. Пры гэтым унутраны рынак быў і застаецца ў прыярытэце для беларускіх вытворцаў угнаенняў.
Паказальным прыкладам таго, што планы Бруселя нанесці чарговы «зруйнавальны» ўдар па беларускай эканоміцы — марныя, з’яўляецца намер Індыі інвеставаць у «Гродна Азот» да $ 600 мільёнаў. Такім чынам гэта краіна хоча пашырыць вытворчасць азотных угнаенняў на гродзенскім прадпрыемстве і павялічыць гарантаваны аб’ём сваіх імпартных паставак.
Што ў астатку? Насуперак сцвярджэнням Еўракамісіі загараджальныя бар’еры на саюзныя мінеральныя ўгнаенні і сельгаспрадукцыю нададуць магутны імпульс махавіку глабальнай харчовай інфляцыі і прывядуць да скачка сусветных цэн на прадукты харчавання і мінеральныя ўгнаенні, ад якога перш за ўсё пацерпяць найбяднейшыя краіны, што развіваюцца.
Як адаб’юцца новыя абмежаванні на Еўропе і яе сельскай гаспадарцы, пакажа час. Аднак ужо сёння зразумела: рашэнне еўрадэпутатаў ударыць у першую чаргу не па беларускіх і расійскіх вытворцах, а па фермерах і радавых спажыўцах у самім ЕС, на якіх «у поўнай меры ляжа цяжар фінансавых выдаткаў, звязаных з нярыначнымі крокамі па абмежаванні канкурэнцыі».
Георгій ГРЫЦ, кандыдат эканамічных навук