Top.Mail.Ru

Чым прывабліваюць моладзь студатрады

Магчымасць атрымаць першую рабочую прафесію, павысіць сваю канкурэнтаздольнасць на рынку працы, здабыць фінансавую незалежнасць і нават падарожнічаць — гэта далёка не ўсе прычыны, чаму беларуская моладзь усё часцей аддае перавагу рабоце ў студатрадах. Якія спецыяльнасці даступныя маладым людзям і ў чым перавагі такога працаўладкавання, даведалася карэспандэнт газеты «Звязда».



Узрост — не перашкода

У рамках студатрадаўскага руху Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі аб’ядноўвае больш за 64 тысячы маладых людзей. Кожны год у вольны ад вучобы час юнакі і дзяўчаты ўдзельнічаюць у працэсе зборкі трактароў на МТЗ, халадзільнікаў на «Атланце», працуюць праваднікамі на Беларускай чыгунцы. «У 2025 годзе ў студэнцкіх атрадах былі задзейнічаны 64 764 чалавекі, у тым ліку 

31 694 непаўналетніх. Сёлета планку па колькасці працаўладкаваных зніжаць не плануем. Акцэнт — на якасным фарміраванні і функцыянаванні атрадаў, — адзначыла камандзір Рэспубліканскага штаба студэнцкіх атрадаў БРСМ Надзея Шахоўская. — На 1 мая 2026 года па Беларусі адпрацавала і працуе зараз 387 атрадаў на 5609 чалавек, сярод якіх 2443 непаўналетнія падлеткі».

Варыянтаў падзарабіць — процьма. Сёння ў студатрадаўскім руху вылучаецца сем профіляў: будаўнічы, сельскагаспадарчы, педагагічны, сэрвісны, медыцынскі, вытворчы і экалагічны. Спектр прафесій шырокі — ад манцёраў, тынкоўшчыкаў і электрамантажнікаў да прадаўцоў, афіцыянтаў і малодшага медперсаналу.

Па многіх спецыяльнасцях, паводле слоў Надзеі Шахоўскай, неабходна профільнае навучанне, таму БРСМ актыўна дапамагае ахвотным, арганізуючы кароткатэрміновыя практыка-арыентаваныя курсы, рыхтуючы моладзь у адпаведнасці з рэальнымі патрэбамі наймальнікаў і рынку працы: «Кожнаму нашаму байцу гарантавана заработная плата не ніжэй за мінімальную велічыню, але яна не абмежаваная. Напрыклад, байцы сэрвісных атрадаў, якія працавалі праваднікамі, у мінулы працоўны семестр маглі зарабіць звыш 4 тысяч рублёў».

У астатнім жа заробак будзе залежаць ад сферы, тэрмінаў працы і ўзросту студатрадаўца. Дарэчы, паўналетнія актывісты могуць працаваць поўны васьмігадзінны дзень, а 16- і 14-гадовыя хлопцы і дзяўчаты — усяго шэсць і чатыры гадзіны адпаведна. Аднак перавагі для ўсіх аднолькавыя: падатковыя льготы, бясплатная медкамісія і ўсе гарантыі пры працаўладкаванні.

Чаго чакаць сёлета?

«У 2026 годзе будзе рэалізавана восем Рэспубліканскіх працоўных праектаў, сярод якіх — дзве Усебеларускія маладзёжныя будоўлі: „Патрыятычны цэнтр“ (3-я чарга будаўніцтва Рэспубліканскага цэнтра патрыятычнага выхавання моладзі на базе Кобрынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці) і „Памяць пакаленняў — 2026“ (Нацыянальны гістарычны музей Беларусі і парк Народнага адзінства)», — адзначыла Надзея Шахоўская. Зноў папрацаваць можна будзе і на шматгадовым абласным вытворчым працоўным праекце «ВітамінКа» на ААТ «Гродзенскі кансервавы завод», прычым не толькі студэнтам, але і непаўналетнім байцам.

Як запісацца ў студатрад? 

Трэба звярнуцца да сакратара пярвічнай арганізацыі БРСМ, педагога-арганізатара ўстановы адукацыі па месцы навучання або прыйсці ў раённы камітэт Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі па месцы жыхарства. Запоўніўшы анкету, неабходна пазначыць пажаданы профіль работы і прайсці медкамісію. Непаўналетнім — яшчэ і прадаставіць пісьмовую згоду аднаго з законных прадстаўнікоў. Дарэчы, для большасці сельскагаспадарчых, экалагічных і сэрвісных атрадаў асаблівых крытэрыяў няма — бяруць усіх жадаючых.

Аміна НАЗАРАВА
Фота Лізаветы ГОЛАД


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю