Усё больш замежных студэнтаў імкнуцца атрымаць медыцынскую адукацыю ў нашай краіне. Калі яшчэ пяць гадоў таму іх колькасць не перавышала тры тысячы чалавек, то сёння ў беларускіх медыцынскіх універсітэтах вучацца пяць тысяч замежнікаў. Галоўны складнік якаснай адукацыі — яе практыкаарыентаванасць, чым наша краіна выгадна адрозніваецца ад суседак. Расказваем, чым яшчэ прываблівае медыцынская адукацыя замежнікаў і чаму яны застаюцца працаваць у нашай краіне, а таксама па якіх прычынах замацаванне кадраў у медыцыне — адно з самых высокіх.
Студэнты з 63 краін
Сёння ў Беларусі працуе 47,7 тысячы ўрачоў-спецыялістаў і 111 тысяч сярэдняга медыцынскага персаналу. Сярод усіх пералічаных звыш 11,6 тысячы маладых спецыялістаў, пры гэтым 18 % медыцынскіх кадраў — людзі пенсіённага ўзросту.
— Нас гэта не палохае, гэта наш залаты фонд, настаўнікі, якія перадаюць вопыт маладым спецыялістам, — падкрэсліла начальнік Галоўнага ўпраўлення кадравай работы і прафесійнай адукацыі Міністэрства аховы здароўя Вольга Калюпанава.
Падрыхтоўку высокакваліфікаваных кадраў у краіне вядуць чатыры медыцынскія ўніверсітэты і 16 медыцынскіх каледжаў. У медуніверсітэтах вучыцца каля 20 тысяч будучых урачоў і правізараў, з іх пяць тысяч — замежнікі.
— Гэта грамадзяне з 63 краін свету. Ніякія санкцыі не зменшылі паток студэнтаў, што хочуць атрымаць адукацыю менавіта ў нашай краіне, бо яна якасная і наша асноўная «фішка» — практыкаарыентаванасць, — адзначыла Вольга Мікалаеўна.
У апошнія тры гады замежныя выпускнікі нашых медыцынскіх ВНУ праходзяць інтэрнатуру і застаюцца ў нашай краіне працаваць, у год каля 100–150 чалавек. У асноўным гэта выхадцы з краін СНД, у прыватнасці Туркменістана, Таджыкістана, Арменіі і Азербайджана. Сёлета ўпершыню беларускія медыцынскія ВНУ прымуць 20 грамадзян Экватарыяльнай Гвінеі — згодна з дамоўленасцямі кіраўніка нашай дзяржавы.
У каледжах навучаецца каля 12 тысяч будучых фельчараў і медыцынскіх сясцёр. Замежных грамадзян там пакуль няшмат — каля 200. Аднак і тут ёсць зацікаўленасць некаторых замежных краін у нашай адукацыі. Згодна з дамоўленасцямі кіраўнікоў краін, у Беларусі ўжо атрымлівае сярэднюю медыцынскую адукацыю група зімбабвійскіх навучэнцаў.
Прывабныя брэнды
Брэнд беларускай медыцынскай адукацыі — максімальная практыкаарыентаванасць. У адрозненне ад адукацыі ў іншых краінах, практыкаарыентаваны кампанент складае амаль 90 %. Гэта ажыццяўляецца па двух напрамках — работа ў сімуляцыйных цэнтрах і непасрэдна каля ложка хворага.
— Ва ўсіх іншых краінах, у тым ліку і Расіі, студэнты навучаюцца на сімуляцыйным абсталяванні. Практыкі каля ложка хворага ў іх амаль няма. У нас сімуляцыйны кампанент складае 30 % ад усіх практычных заняткаў, астатні час маладыя людзі працуюць з пацыентамі, — падкрэсліла Вольга Калюпанава.
Сімуляцыйным абсталяваннем сёння аснашчаны ўсе беларускія каледжы, дзе адкрыты лабараторыі сімуляцыйнага навучання. У медыцынскіх універсітэтах створаны сімуляцыйна-атэстацыйныя цэнтры, дзе студэнты праходзяць не толькі адпрацоўку практычных навыкаў, але і здаюць экзамены. Нядаўна адкрыты і першы ў нашай краіне рэспубліканскі цэнтр прафесійнай атэстацыі сімуляцыйнага навучання, дзе сабрана самае сучаснае сімуляцыйнае медыцынскае абсталяванне.
Яшчэ адным брэндам беларускай адукацыі з’яўляецца і сеткавае навучанне, калі да працэсу прыцягваюцца рэспубліканскія навукова-практычныя цэнтры, адпрацоўваецца ўзаемадзеянне паміж ВНУ і каледжамі на ўзроўні сімуляцыйна-атэстацыйных цэнтраў для каманднай работы ўрача і медыцынскай сястры ці фельчара.
Беларусь — адна з нямногіх краін, дзе захавана субардынатура — 6 курс, дзе студэнты раздзелены на патокі хірургічных і тэрапеўтычных спецыяльнасцяў і выбіраюць прафілізацыю. Захавана і інтэрнатура — у іншых краінах няма такога пераходнага этапу ад адукацыі да практычнай дзейнасці. Урач-інтэрн ажыццяўляе практычную дзейнасць і навучаецца. Гэта дазваляе, з аднаго боку, даць больш працяглую і якасную медыцынскую адукацыю, а з іншага — зрабіць медыцынскую дапамогу больш даступнай.
Яшчэ адна адметнасць — неперарыўная прафесійная і дадатковая адукацыя. Для гэтага створаны чатыры факультэты дадатковай адукацыі і Інстытут павышэння кваліфікацыі пры БДМУ, а таксама аддзяленні дадатковай адукацыі ў кожным каледжы. Каля 20 тысяч урачоў і 15 тысяч медсясцёр і фельчараў штогод праходзяць курсы павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі.
Большасць выпускнікоў едуць у ЦРБ і амбулаторыі
Пад асаблівай увагай Міністэрства аховы здароўя размеркаванне. Яно ажыццяўляецца ў тры этапы: знаёмства з меркаванымі першымі працоўнымі месцамі і работадаўцамі, якія прапануюць прэзентацыі і экскурсіі ў свае ўстановы аховы здароўя, далей вызначэнне канкрэтнага працоўнага месца кожнаму выпускніку і, нарэшце, сустрэча для тых, хто не згодны з размеркаваннем ці мае асаблівыя абставіны.
— Другі год запар наша размеркаванне накіравана на безумоўнае выкананне даручэнняў кіраўніка дзяржавы аб тым, што медыцынская дапамога павінна дайсці да кожнага пацыента, незалежна ад месца пражывання, — адзначыла Вольга Калюпанава. — Удзялілі гэтаму асаблівую ўвагу — 53 %: выпускнікі медыцынскіх факультэтаў будуць ажыццяўляць сваю працоўную дзейнасць у цэнтральных раённых бальніцах і амбулаторыях урачоў агульнай практыкі. Пастараліся задаволіць патрэбы ўсіх фельчарска-акушэрскіх пунктаў, якія на сёння засталіся без медыцынскага работніка.
З 1 верасня ў практычную ахову здароўя прыйдзе 2400 урачоў-інтэрнаў, 4 тысячы сярэдніх медыцынскіх работнікаў, каля 2 тысяч маладых спецыялістаў пасля праходжання інтэрнатуры.
Жыллё і зарплата
Многае робіцца і для замацавання медыцынскіх кадраў. Яно складае ў сярэднім па галіне каля 78 %. Замацаванне адрозніваецца ў пэўных установах аховы здароўя, і, як патлумачыла Вольга Калюпанава, маладыя спецыялісты пераразмяркоўваюцца, бо мяняюцца сямейныя і іншыя жыццёвыя абставіны, аднак яны застаюцца ў краіне і ў медыцыне. На кантролі профільнага міністэрства — выкананне сацыяльных гарантый перад выпускнікамі, асабліва выдзяленне жылля. Амаль 90 % урачоў-інтэрнаў маюць арэнднае жыллё, прычым не пакоі ў інтэрнаце, а асобныя арэндныя кватэры.
На асаблівым кантролі і заработная плата. Толькі ў медыцыне, акрамя гарантаваных дзяржавай, маюцца дадатковыя надбаўкі маладым спецыялістам: урачам-інтэрнам — 20 % ад аклада, маладым спецыялістам — 30 %, тым, хто знаходзіцца ў банку даных адоранай моладзі, — 50 %. Паводле звестак Белстата, намінальная налічаная сярэднямесячная зарплата работнікаў аховы здароўя ў студзені — красавіку склала 2089 рублёў, што на 16,9 % больш у параўнанні з аналагічным перыядам летась.
Алена КРАВЕЦ