Top.Mail.Ru

Чым разнастаіць гардэроб гэтай восенню

Палітра модных трэндаў

Дызайнеры як мужчынскіх, так і жаночых «цёплых» калекцый сышліся ў адным: надышоў час перамен. Эпоха аверсайзу, якая панавала апошнія некалькі гадоў, саступае месца больш структураваным падцягнутым сілуэтам. Пры гэтым мода не становіцца сумнай — яна іграе на кантрастах: вузкае суседнічае з аб’ёмным, класіка пераклікаецца з элементамі спорту і ваеннага абмундзіравання. Мы сабралі галоўныя трэнды, якія варта ўзяць на ўвагу і мужчынам, і жанчынам.

Ад воблачнага да вішнёвага

Нагадаем, Pantone абвясціў колерам 2026 года Cloud Dancer — пяшчотнае воблачнае адценне. Дызайнеры раяць не баяцца апранацца ў белае з галавы да ног, выбіраючы расслабленыя пінжакі і курткі. Галоўнае — захоўваць нядбайнасць.

Тым, хто аддае перавагу больш насычаным тонам, варта прыгледзецца да прыглушанага бардовага — «колеру вішнёвага кампоту». Ён з’явіўся ў калекцыях Louіs Vuіtton, Dolce & Gabbana і іншых. У модзе таксама натуральныя адценні зялёнага — ад свежаскошанай травы да моху. Асабліва дызайнерам спадабаліся зялёныя шарсцяныя паліто.

Сіні — яшчэ адзін фаварыт сезона. Ад колеру Кляйна да глыбокага чарнічнага — любое адценне сіняга самае моднае, калі яго ў вобразе шмат. Касцюмы са штанамі, паліто і нават футравыя шапкі ў сініх колерах — абсалютны хіт. У жаночых калекцыях у пашане аксаміт усіх адценняў, уключаючы ізумрудны і бурштынавы.

Скураны тотал-лук

Адзін з самых яркіх трэндаў сезона — скураныя касцюмы. Дызайнеры настойваюць: гэта рэч, без якой у восеньска-зімовым гардэробе не абысціся. Прычым скура не абмяжоўваецца класічнымі курткамі — яна з’яўляецца ў штанах, пінжаках і нават паліто, ствараючы цэласны і ўпэўнены вобраз. Самымі эфектнымі сталі тотал-лукі з лакіраванай скуры і матэрыялаў рэптыльнай тэкстуры. Для жанчын у трэндзе вішнёвая скура — доўгія плашчы, бомберы і спадніцы да калена ў пурпурна-чырвоных адценнях. Мужчынам варта прыгледзецца да чорных лакіраваных касцюмаў, як у калекцыі Hermes.

Паліто-плашч і ваенны стыль

Чорнае доўгае паліто або плашч — галоўны атрыбут загадкавага вобраза для ўсіх. Дызайнеры натхняліся вобразам Раскольнікава — адсюль пануры, але вельмі прыцягальны выгляд. Такое паліто можна насіць з класічнымі штанамі ці джынсамі, ствараючы інтэлектуальны і крыху меланхалічны вобраз.

Ваенныя і арыстакратычныя матывы таксама знайшлі месца на подыумах. У жаночых калекцыях — афіцэрскія кіцелі і гусарскія даламаны, якія дызайнеры раяць насіць паверх лёгкіх сукенак. У мужчынскіх — трэнчы, гальштукі і вобраз інспектара. Марскі стыль у выглядзе ўкарочаных двухбортных бушлатаў і дафлкотаў з драўлянымі гузікамі з’яўляўся на подыумах ледзь не часцей, чым класічныя паліто.

Аксесуары: капелюшы, сумкі і футра

Мужчынскія капелюшы ў гэтым сезоне відавочна паціснулі кепкі. Пераважны колер — цёмна-шэры, фасон — злёгку змяты. Такі галаўны ўбор дадае вобразу высакароднасці і нагадвае герояў класічнага кіно.

Сумка-месенджар, або «паштальёнка», становіцца галоўным аксесуарам для абодвух полаў. Яна арганічна ўпісваецца ў паэтычны трэнд poetcore, які платформа Pіnterest прадказвае на 2026 год.

Футравыя каўняры, лацканы і манжэты — яшчэ адна важная дэталь сезона. Яны з’яўляюцца як на жаночых паліто і трэнчах, так і на мужчынскіх куртках, дадаючы вобразу раскошы і цяпла. Футры ў гэтым сезоне таксама трансфармуюцца: яны агаляюць плечы, падкрэсліваюць талію і ўсё больш нагадваюць вячэрнія сукенкі.

Спартыўны інтарэс

Спартыўныя матывы трывала замацаваліся на подыумах. У жаночых калекцыях — легінсы і штрыпкі, а таксама яркія рэтраалімпійкі, якія носяць са спартыўнымі шортамі, карункавымі спадніцамі. У мужчынскіх — мотакурткі,гібрыды ботаў і казакоў, футболкі ў калабарацыях са спартыўнымі брэндамі. Спорт і мода ў гэтым сезоне ідуць рука ў руку.

Дэталі, якія мяняюць усё

У гэтым сезоне дызайнеры звярнулі ўвагу на манжэты. Штучна запэцканыя манжэты кашуль Prada сталі гарачым трэндам. Дызайнеры прапануюць выцягваць манжэты з-пад рукавоў — чыстыя ці нават футравыя. Гэта маленькая дэталь надае вобразу завершанасць.

Для жанчын актуальныя напаўпразрыстыя і карункавыя тканіны: плашчы, кашулі, спадніцы і нават касцюмы са штанамі з напаўпразрыстых матэрыялаў. І, вядома, кветкавыя прынты: на сукенках, топах, кашулях і кардыганах. Нават восенню і зімой дызайнеры прапануюць квітнець і пахнуць.

Галоўны вывад: мужчынская і жаночая мода восенню і зімой 2026 года рухаюцца ў адным напрамку. Скура, гульня сілуэтаў, выразныя колеры, функцыянальныя аксесуары і адсылкі да класікі — кожны зможа знайсці нешта па сваім гусце. Новы сезон прапануе баланс паміж камфортам і стылем, паміж спортам і класікай, паміж мінулым і будучыняй.

Ягор ЧУРЫК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю