Лунінецкі раён — гэта самабытны і гасцінны край у самым сэрцы беларускага Палесся. Размешчаны за 228 кіламетраў ад Брэста, горад Лунінец трывала асацыіруецца з клубніцамі. А яшчэ гэта ціхае месца, дзе шмат зеляніны і заўсёды пануе прыемная атмасфера. У розны час тут жылі і працавалі многія вядомыя людзі, а старадаўнія пабудовы захоўваюць памяць аб гісторыі.
Горад таксама служыць зручным адпраўным пунктам для агляду прыродных славутасцяў, якімі багаты Лунінецкі раён. Але чым яшчэ вабіць рэгіён? Чаму гасцінная Лунінеччына заўсёды застаецца на слыху? Адказы на гэтыя пытанні карэспандэнтам «Звязды» даў старшыня Лунінецкага райвыканкама Аляксандр Савіна.
— Аляксандр Іванавіч, не так даўно горад Мікашэвічы Лунінецкага раёна прымаў абласныя «Дажынкі». Вядома, што за перыяд падрыхтоўкі да свята працаўнікоў сяла горад істотна змяніўся. Раскажыце, калі ласка, што было зроблена.
— Абласныя «Дажынкі» далі сур’ёзны стымул для развіцця горада Мікашэвічы. За гэта мы ўдзячныя кіраўніцтву вобласці і намесніку прэм’ер-міністра Юрыю Вітольдавічу Шулейку. Падчас падрыхтоўкі горада да «Дажынак» моцна была падцягнута сацыяльная сфера. Адрамантаваны ўсе сацыяльныя аб’екты па бягучым або капітальным рамонце. Праведзены бягучы рамонт дзіцячай і дарослай паліклінік, а таксама капітальны рамонт гарадской бальніцы. Таксама былі адрамантаваны ўсе ўстановы адукацыі. Толькі на капітальны рамонт дзвюх дзіцячых дашкольных устаноў было выдзелена больш за пяць мільёнаў рублёў. На бягучы рамонт Мікашэвіцкай сярэдняй школы № 2 было выдзелена каля 850 тысяч рублёў.
Многае зроблена і па дарожнай сетцы. Мы адрамантавалі каля дзевяці вялікіх вуліц горада. Сярод іх — Першамайская, Ленінская, Чыгуначная і Цэнтральная вуліца, якая перасякае ўсе Мікашэвічы. Былі фактычна зроблены дзве вуліцы — Мядзведскага і Францыска Скарыны. Па апошняй работы яшчэ працягваюцца. Што датычыцца жыллёвага фонду, па бягучым рамонце адрамантавалі больш за 27 дамоў, зрабілі капітальны рамонт чатырох дамоў, а таксама рамонт больш чым 12 дахаў.
У цэлым, актыўная работа праводзілася па ўсіх кірунках. Адчувальную дапамогу ў добраўпарадкаванні аказалі нашы спонсары. РУВП «Граніт» падарыла гораду прыгожы сучасны парк. Хацелася б адзначыць усе прадпрыемствы раёна. Яны малайцы, кожны на сваім месцы выдатна разумеў, што трэба падцягваць аб’екты, актыўна ўдзельнічаў у навядзенні парадку. Хтосьці дапамагаў па бягучым рамонце, а Мікашэвіцкі ўчастак ВУ «Пінскгаз» правёў у сябе капітальны рамонт. У выніку былі створаны выдатныя ўмовы як для работнікаў прадпрыемства, так і для наведвальнікаў. Хацелася б падкрэсліць, што менавіта нашы прадпрыемствы далі імпульс развіццю горада. Думаю, людзі захочуць звязаць сваё жыццё з Мікашэвічамі, застануцца тут, а гэта сёння вельмі важна.
— Гаворачы аб правядзенні ўборачнай, наколькі ўдалося рэалізаваць намечанае?
— У цэлым, год быў вельмі складаным для нас. На жаль, урагану, які разбушаваўся ўлетку, не ўдалося нас абмінуць. 14 ліпеня 2024 года ён прайшоўся па нашых землях. Тым не менш мы атрымалі нядрэнны ўраджай, уключаючы збожжавыя культуры. Аднак моцна былі пашкоджаны нашы плошчы, з-за чаго мы недабралі прыкладна 7-8 % да агульнага вала збожжа. Вялікі ўпор зрабілі на кукурузу і, нават нягледзячы на стыхію, усё роўна атрымалі нядрэнныя вынікі.
Дарэчы, мы правялі аналіз па ўборцы ўраджаяў за апошнія 10 гадоў. Зыходзячы з гэтага, 2024 год аказаўся на другім месцы па вале збожжа. Калі б яшчэ не тыя ўмовы надвор’я, то год атрымаўся б досыць паспяховым. Таксама ў 2024-м на нас была ўскладзена адказная задача — мы прымалі абласныя «Дажынкі». Гэта накладвала не толькі пытанні па добраўпарадкаванні горада. Мы разумелі, што падысці да «Дажынак» павінны з годнымі вынікамі, каб апраўдаць той давер, які быў аказаны раёну. Таму ўсе нашы прадпрыемствы імкнуліся паказаць найлепшыя рэзультаты. Хацелася б вылучыць флагманы сельскай гаспадаркі раёна. Гэта ААТ «Вулькаўскі світанак», ААТ «Лунінскі» і СУП «Міжлескае». На працягу многіх гадоў сваёй карпатлівай працай работнікі гэтых гаспадарак паказваюць найлепшыя вынікі. Кіраўнікі «Вулькаўскага світанку» і «Лунінскага» нават атрымалі дзяржаўнаю ўзнагароду — медаль за працоўныя заслугі.
— Кіраўнік дзяржавы ставіць задачу актыўна развіваць унікальную праграму «Адзін раён — адзін праект». Раскажыце аб вашых інвестыцыйных праектах у рамках гэтай ініцыятывы.
— У нашым раёне рэалізоўваецца два праекты. На ААТ «Спецжалезабетон» устаноўлена новая лінія па вытворчасці тратуарнай пліткі. Гэты праект ужо рэалізаваны і дае добрыя вынікі. Другі праект рэалізоўваецца на базе ААТ «Лунінецкі малочны завод». Там займаемся будаўніцтвам цэха па вытворчасці сухіх малочных прадуктаў. Сёння распрацоўваецца ўся перадпраектная дакументацыя. Асноўныя моманты па будаўніцтве і праектаванні выпадаюць на 2025-ы. Мінулы год быў падрыхтоўчым: мы вывучалі рынак, распрацоўвалі адпаведны бізнес-план, каб абгрунтаваць выдзяленне крэдытных рэсурсаў, распрацоўвалася і перадпраектная дакументацыя.
— Развіццё любога рэгіёна немагчыма без будаўніцтва жылля. Як працуеце ў гэтым кірунку?
— У 2024 годзе было даведзена заданне па будаўніцтве 19,5 тысячы квадратных метраў жылля. Гэта сярэдні штогадовы аб’ём, які мы ўводзім у раёне на працягу апошніх 5-6 гадоў. План быў перавыкананы, і за 2024 год мы ўвялі больш за 21 тысячу квадратных метраў жылля. На 2025 год ставім для сябе прыкладна такія ж задачы — каля 20 тысячы квадратных метраў. Плануем увесці два шматкватэрныя дамы, трэці дом пакуль яшчэ пад пытаннем. Усё астатняе — гэта індывідуальнае жылое будаўніцтва.
Лунінецкі раён лічыцца прамысловым. У нас ёсць такія гіганты, як РУВП «Граніт», ААТ «Спецжалезабетон», ААТ «Лунінецкі малочны завод», прыватнае прадпрыемства «Вікторыя», ААТ «Палессеэлектрамаш» і іншыя прамысловыя прадпрыемствы. Пры гэтым актыўна развіваецца і сельская гаспадарка. Сёння ў горадзе Лунінцы пражывае каля 24 тысяч чалавек, больш як 12 тысяч жывуць у Мікашэвічах, а каля 26 тысяч чалавек пражывае ў сельскай мясцовасці.
— Моладзь — гэта, без перабольшання, будучыня нашай краіны. Як замацоўваеце маладых спецыялістаў?
— Да пытання замацавання моладзі падыходзім комплексна, ствараем адпаведныя ўмовы для таго, каб маладыя людзі хацелі заставацца тут. Мы будуем жыллё, імкнёмся падтрымліваць маладыя сем’і. Шукаем і новыя формы замацавання моладзі, асабліва на вёсцы. Нашы сельскагаспадарчыя арганізацыі будуюць дамы для сваіх работнікаў. Добры таму прыклад — ААТ «Вулькаўскі світанак» і РУВП «Граніт». Прадпрыемствы забяспечваюць сваіх спецыялістаў не толькі добрым жыллём, але і выдатнымі ўмовамі працы.
Стараемся прыцягваць маладых людзей у спорт, у розныя грамадскія арганізацыі, рабіць так, каб у нас ім было цікава. Даём і магчымасці для далейшага кар’ернага росту. Маладыя людзі актыўна праяўляюць сябе і ў нашым Маладзёжным парламенце. Развітая інфраструктура таксама дазваляе людзям заняць сябе чымсьці, адпачыць. У горадзе Лунінцы ёсць басейн, свая лядовая арэна. Нашы Мікашэвічы — невялікі горад, але і там ёсць басейн на базе РУВП «Граніт». Любы ахвотны можа туды прыйсці, каб паплаваць і адпачыць. На нашым стадыёне ёсць спартыўныя пляцоўкі, дзе можна пазаймацца лёгкай атлетыкай, валейболам, міні-футболам, футболам і іншымі відамі спорту. У цэлым, што датычыцца спорту, мы заўсёды падтрымліваем любыя ініцыятывы.
Акрамя таго, маладыя людзі могуць знайсці сябе і ў культуры. У нашым раёне ёсць добрая школа мастацтваў. Праводзяцца таксама розныя экскурсіі, развіты і прамысловы турызм. Асноўны гігант у апошнім — РУВП «Граніт». Наведванне кар’ера, музея, вадаспадаў, паездкі на «БелАЗе» — кожны знойдзе тое, што яму цікава. У рамках прамысловага турызму арганізоўваюцца экскурсіі і на Лунінецкі малочны завод. Можна азнаёміцца з вытворчасцю прадукцыі гэтага перадавога прадпрыемства. Арганізоўваюцца наведванні нашага прыватнага прадпрыемства «Вікторыя», што займаецца выпускам літога алюмініевага посуду. На базе нашай сельскагаспадарчай арганізацыі «Гарадоцкі» функцыянуе конеферма, дзе разводзяць палескую папуляцыю коней. На абласных «Дажынках» у Мікашэвічах два кані палескай папуляцыі былі падораны кіраўніку дзяржавы. Яны якраз з нашага «Гарадоцкага».
Многія людзі прыязджаюць у санаторый «Світанак». Днямі дырэктар санаторыя сказаў, што ўсе месцы на найбліжэйшы час ужо выкуплены. Аднак тут аздараўляюцца не толькі работнікі нашых прадпрыемстваў. Санаторый часта прымае гасцей з Расійскай Федэрацыі. Наведваюць наш рэгіён і з-за маляўнічай прыроды. З захаду на ўсход увесь раён перасякае чароўная рака Прыпяць. Адкрываюцца выдатныя віды, асабліва вясной. На тэрыторыі раёна пралягае легендарнае «мора Герадота». Гэта ўнікальны тур па разлівах Прыпяці. Для нашых гасцей арганізоўваюць вялікія сплавы на байдарках. Такое вы больш нідзе не ўбачыце! Гэта наша беларуская Амазонка. Таму з задавальненнем чакаем усіх на нашай прыгожай, старажытнай, гасціннай Лунінеччыне!
Фота Лізаветы ГОЛАД, Алены ДАЎЖАНОК