Top.Mail.Ru
348

Чым унікальнае кардыяхірургічнае аддзяленне № 1 РНПЦ «Кардыялогія»?

На лячэнне ў РНПЦ «Кардыялогія» накіроўваюць самых складаных пацыентаў з усёй краіны. Штогод тут выконваецца больш за 3,5 тысячы высокатэхналагічных аперацый на сэрцы і сасудах. Прычым сёння перавага аддаецца малаінвазіўным аператыўным метадам лячэння, калі аперацыя праводзіцца праз невялікія разрэзы і праколы. Тое, што яшчэ дзесяцігоддзе таму немагчыма было і ўявіць, сёння стала руціннымі хірургічнымі ўмяшаннямі.


У рэдакцыю «Звязды» звярнуўся наш чытач з Мiнска Анфiм Iванавiч Мiхалевiч, якi перанёс аперацыю з прычыны анеўрызмы брушной аорты ў РНПЦ «Кардыялогiя»:

— Пасля абследаванняў мяне накіравалі ў РНПЦ «Кардыялогія». Канчатковае рашэнне аб магчымасці аперацыі прымаў намеснік дырэктара па хірургічнай дапамозе Сяргей Віктаравіч Спірыдонаў. Ён унік у сітуацыю і прыняў узважанае рашэнне. Мне была праведзена высокатэхналагічная аперацыя, устаноўлены стэнт-графт. Гэта вельмі складаная і дарагая аперацыя, аднак сутнасць сацыяльнай накіраванасці нашай дзяржавы ў тым, што ўсё выконваецца за бюджэтныя сродкі. Словы нашага Прэзідэнта не разыходзяцца са справай — усё нацэлена на тое, каб якасць жыцця чалавека была высокай, а яна пачынаецца са здароўя. Аперацыя і аднаўленне праходзілі ў кардыяхірургічным аддзяленні № 1, якое ўзначальвае кандыдат медыцынскіх навук Аляксандр Станіслававіч Жыгалковіч. Атмасфера дабра, шчырасці, прафесіяналізму медыкаў аддзялення літаральна вяртае людзей да жыцця, яна паскорыла і маё аднаўленне. Высокатэхналагічнае абсталяванне, якое закупіла дзяржава каб аснасціць аперацыйныя і прафесіяналізм дактароў і медыцынскіх сясцёр выратоўваюць жыцці і дапамагаюць аднавіць здароўе сотням людзей. Вялікі дзякуй дзяржаве, кіраўніцтву РНПЦ і асабіста Сяргей Віктаравічу Спірыдонаву, Аляксандру Станіслававічу Жыгалковічу і рэнгенэндаваскулярнаму хірургу Паўлу Феліксавічу Чарнаглазу.

Карэспандэнты «Звязды» наведалi РНПЦ «Кардыялогiя» i на свае вочы пераканалiся, чым унiкальнае кардыяхiрургiчнае аддзяленне № 1.

Ювелiрная работа

Намеснiк дырэктара па хiрургiчнай дапамозе РНПЦ «Кардыялогiя» Сяргей Спiрыдонаў падкрэслiвае, што цэнтр актыўна развiваецца. Адзiн з перспектыўных напрамкаў — гiбрыдная хiрургiя. У цэнтры аснашчаны абсталяваннем экстра-класа дзве гiбрыдныя аперацыйныя. Такая сумесная работа хiрургаў эндаваскулярных i звычайных прыводзiць да паляпшэння вынiкаў лячэння сардэчна-сасудзiстых захворванняў.

— Мы развiваем адначасовую работу на некалькiх артэрыяльных басейнах. Напрыклад, стэнцiраванне сонных артэрый без разрэзу i аортакаранарнае шунцiраванне. Раней трэба было выконваць дзве аперацыi: рабiць разрэз на шыi, уводзiць гепарын, падключаць апарат штучнага кровазвароту, што суправаджалася кровастратай, цяпер iх замянiла адна аперацыя, — гаворыць Сяргей Спiрыдонаў.

Развiццё атрымалi i такiя сучасныя тэхналогii, як пратэзiраванне аартальнага клапана. Гэта працэдура TAVI — транскатэтарная iмплантацыя аартальнага клапана, якая выконваецца праз сцёгневую артэрыю без разрэзаў грудной клеткi. Яна не патрабуе падключэння апарата штучнага кровазвароту, што асаблiва важна для ўзроставых пацыентаў. Аартальны клапан устанаўлiваецца пад рэнгенкантролем, i чалавек праз 3-5 дзён вяртаецца да звычайнага жыцця.

Не смяротна

Пашыраюцца i тэхналогii, якiя дапамагаць пацыентам у тэрмальнай стадыi сардэчнай недастатковасцi. Калi раней такi дыягназ гучаў як прыгавор, то сёння выкарыстоўваецца так званы механiзм абходу левага жалудачка. Пацыенту ўстанаўлiваецца спецыяльная кардыяпомпа, або штучны левы жалудачак, якi дапамагае пашкоджанаму сэрцу пракачваць кроў па ўсiм целе.

— Нашы пацыенты з абходам левага жалудачка пражылі ўжо па 3-5 гадоў, прычым яны даволі ўдала вяртаюцца да жыцця. Паўтара года таму да нас звярнуўся мужчына, які з такой кардыяпомпай сек дровы і пашкодзіў знешні блок сілкавання, — расказвае Сяргей Спірыдонаў. 

Усё больш аперацый сёння выконваецца праз маленькiя доступы. Пры стэнозе аартальнага клапана амаль 80 % аперацый выконваюцца праз абмежаваную сцернатамiю, калi на грудзiне робiцца невялiкi разрэз усяго ў 7 см, праз якi пратэзуюць аартальны клапан.

Увогуле ж колькасць высокатэхналагiчных аперацый у РНПЦ «Кардыялогiя» наблiжаецца да 100 %. Штодзень кардыяхiрургi выконваюць шэсць аперацый на сэрцы з падключэннем апарата штучнага кровазвароту, 6-7 аперацый у гiбрыдных аперацыйных, як складаных, так i руцiнных каранаграфiй i стэнцiраванняў, а таксама адну сасудзiстую аперацыю. Нярэдкiя аперацыi са спецыялiстамi iншых навукова-практычных цэнтраў — РНПЦ дзiцячай хiрургii, МНПЦ хiрургii, транспланталогii i гематалогii, РНПЦ неўралогii i нейрахiрургii, РНПЦ «Мацi i дзiця», РНПЦ анкалогii i медыцынскай радыялогii iмя М. М. Аляксандрава.


— Сумесна са спецыялістамі РНПЦ «Маці і дзіця» мы аперыруем цяжарных жанчын пры ўрастанні плацэнты ў навакольныя тканкі, што дазваляе пазбегнуць вялікай кровастраты. Нашы эндаваскулярныя хірургі устанаўліваюць балон у нісходзячы аддзел аорты, а акушэры-гінеколагі дастаюць плод. Такія аперацыі нярэдкія. Пастаянна адбываюцца трансплантацыі сэрца, у якіх мы ўдзельнічаем. Часта аперыруем сумесна з анколагамі. У пажылых людзей маюцца распаўсюджаныя пухліны, якія прарастаюць, напрыклад, з лёгкіх у аорту. Без дапамогі кардыяхірургаў і без падключэння апарату штучнага кровазвароту гэта немагчыма выканаць. Часта пры пухлінах нырак пухлінны тромб флаціруе і ўваходзіць у правае перадсэрдзе — за апошніх два тыдні мы выканалі два такіх умяшанні. Гэта таксама высокатэхналагічныя вялікія аперацыі, якія робяць вялікі гонар нашаму цэнтру, — кажа Сяргей Спірыдонаў. 

Працягласць жыцця павялічваецца ва ўсім свеце, адпаведна колькасць пажылых пацыентаў, у тым ліку і ў РНПЦ «Кардыялогія» расце. Калі раней пацыентам пасля 70 гадоў, як правіла, не рабілі складаных аперацый на сэрцы, то сёння кардыяхірургі не адмаўляюць 84-86-гадовым пажылым людзям, калі бачаць, што тыя перанясуць аперацыю. Усё часцей у РНПЦ накіроўваюць пацыентаў з абласных цэнтраў. 

Што рабiць, каб захаваць сэрца здаровым? Сяргей Спiрыдонаў раiць не курыць, мець пастаянныя доўгiя фiзiчныя нагрузкi, напрыклад, бег, кантраляваць масу цела, сачыць за ўзроўнем цукру i халестэрыну ў крывi, а таксама артэрыяльным цiскам. Гэта тое, на што мы сапраўды можам уздзейнiчаць, каб не трапiць да кардыяхiрурга.

На сэрцы i на сасудах

Кардыяхiрургiчнае аддзяленне № 1 спецыялiзуецца як на кардыяхiрургii, так i на сасудзiстай хiрургii. Таму сюды шпiталiзуюць пацыентаў як з паталогiяй сардэчных клапанаў i артэрый сэрца, так i з паталогiяй розных сасудзiстых басейнаў, а таксама пацыентаў з парушэннямi сардэчнага рытму. Звычайна гэта ўзроставыя пацыенты, пераважна мужчыны.

— У нас выконваюцца аперацыi на соннай артэрыi, пры паталогii нырачных артэрый, пры паталогii артэрый нiжнiх канечнасцяў. Аднак асноўная праблема, якой займаюцца ў нашым аддзяленнi — атэрасклероз, пры якiм адбываецца адкладанне халестэрынавых бляшак у розных артэрыях арганiзма. Гэта заканамерна прыводзiць да таго, што па меры росту бляшак адбываецца закупорка сасудаў i з’яўляюцца сiмптомы артэрыяльнай недастатковасцi, — расказвае ўрач-кардыяхiрург вышэйшай катэгорыi кардыяхiрургiчнага аддзялення № 1 Раман Пыжык. 

Калі бляшка закупорвае прасвет соннай артэрыі, гэта вядзе да парушэння мазгавога кровазвароту аж да самога інсульту. Калі яна «разрастаецца» ў каранарнай — да стэнакардыі, ішэмічнай хваробы сэрца, а гэта небяспека вострага інфаркту міякарда і сардэчнага пашкоджання. Калі бляшка пашкоджвае нырачныя артэрыі, развіваецца іх стэноз, што выклікае невытлумачальнае складанакантраляванае павышэнне артэрыяльнага ціску. Пашкоджанне брушной аорты вядзе да з’яўлення боляў пры хадзьбе спачатку на дыстанцыях у 200 метраў, потым болі з’яўляюцца ў спакоі і могуць развіцца некрозы — так званая сухая гангрэна на ступнях.

— Рэдка да нас паступаюць людзi, якiя маюць пашкоджаннi толькi аднаго сасудзiстага басейна, паколькi атэрасклероз — гэта сiстэмнае пашкоджанне ўсiх артэрый. Пацыент паступае з адным дыягназам па накiраваннi, напрыклад, анеўрызмай брушной аорты, а калi мы яго паглыблена абследуем, выяўляецца бессiмптомнае пашкоджанне iншых сасудзiстых басейнаў. Часта пацыент прыязджае палячыць ногі з нагоды атэрасклерозу, а ў працэсе абследавання мы выяўляем бессімптомнае выражанае пашкоджанне каранарных артэрый, што патрабуе этапнага лячэння, — расказвае Раман Пыжык.

У такiм выпадку робiцца некалькi аперацый. На першым этапе выконваецца аднаўленчае каранарнае ўмяшанне на адкрытым сэрцы з падключэннем апарата штучнага кровазвароту — так званая аперацыя аортакаранарнага шунцiравання. Яна робіцца для таго, каб падчас выканання другога этапу — складанай каранарнай рэканструкцыі на той жа брушной аорце ці на нагах — не развіўся інфаркт у раннім пасляаперацыйным перыядзе. 

— Як правiла, усе нашы пацыенты, — хранiчныя курыльшчыкi, якiя вядуць нездаровы лад жыцця, з доўгiм стажам курэння i зношаным арганiзмам. Атэрасклероз — шматфактарнае захворванне. Ёсць фактары, на якiя чалавек можа паўплываць, i курэнне тут стаiць на першым месцы, — звяртае ўвагу ўрач.

Ён адзначае, што сёння хваробы сардэчна-сасудзiстай сiстэмы маладзеюць. У яго практыцы былi пацыенты, якiм аортакаранарнае шунцiраванне даводзiлася рабiць ва ўзросце 30-40 гадоў, i ў многiх з iх за плячыма быў перанесены iнфаркт. У цэлым жа пераважная большасць пацыентаў у кардыяхiрургаў — ва ўзросце 60+. Сёння ўзрост не з’яўляецца супрацьпаказаннем да аднаўленчай хiрургii. Нядаўна аперацыю зрабiлi пажылому чалавеку, якому на момант шпiталiзацыi было 87 гадоў. Хiрургi ацэньваюць у комплексе захаванасць арганiзма i кампенсацыю жыццёвых функцый. Магчымасць аперацыі вызначаецца з прыцягненнем вядучых урачоў: доктара медыцынскіх навук, прафесара, акадэміка НАН Беларусі Юрыя Астроўскага, намесніка дырэктара РНПЦ па хірургічнай рабоце Сяргея Спірыдонова. Пацыентам загадзя расказваюць пра рызыкі іх захворвання і аперацыі, а таксама аб тым, як хвароба будзе сябе праяўляць, калі не рабіць аперацыю — як правіла, большасць на аперацыю пагаджаюцца. 

Фота Вiктара ДРАЧОВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю