У рамках работ па правядзенні Года добраўпарадкавання прадугледжана рэалізацыя 47 мерапрыемстваў і створаны рэспубліканскі штаб, расказала намеснік начальніка ўпраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Людміла Барташэвіч. Пасяджэнні будуць праводзіць не радзей чым раз у квартал.
У спіс задач на гэты год унесена лесааднаўленне на пашкоджаных участках бураломных насаджэнняў на тэрыторыі звыш шасці тысяч гектараў.
Акрамя таго, запланаваны стварэнне 98 экалагічных сцежак і рэкультывацыя 105 адпрацаваных кар’ераў.
Адзін з першых пунктаў плана — азеляненне населеных пунктаў.
У Беларусі высадзяць да 400 тысяч дрэў і каля 500 тысяч кустоў, звыш 30 мільёнаў кветак, уладкуюць газоны на тэрыторыі, якая перавышае 441 гектар. Для параўнання летась у краіне правялі пасадку каля 348 тысяч дрэў і высадзілі больш за 20 мільёнаў кветак.
З пачатку года стартавала работа па правядзенні працэдур закупкі паслуг па апрацоўцы месцаў росту інвазійных раслін. Работы пачнуць у маі.
Рамонт выконваць трэба комплексна
У дзяржаўнай праграме «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» добраўпарадкаванню адводзіцца асобная падпраграма. Згодна з ёй, рамонт і рэканструкцыя прыдамавых тэрыторый шматкватэрных жылых дамоў вядуцца штогод па 2 % ад агульнай колькасці ўсёй плошчы, адзначыла намеснік начальніка ўпраўлення жыллёвай гаспадаркі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Надзея Сеўрук.
У мінулым годзе выкананы рамонт 1792 прыдамавых тэрыторый шматкватэрных жылых дамоў (111,6 % ад плана). Сёлета ў нашай краіне запланаваны рамонт з рэканструкцыяй ужо 1800 дваровых тэрыторый. Асноўны акцэнт гэтых работ — на комплекснасць пры аднаўленні добраўпарадкавання. У рамках такіх комплексных работ на прыдамавых тэрыторыях выконваецца рамонт праездаў, пешаходных сувязяў, замена спартыўнага і гульнявога дзіцячага абсталявання, малых архітэктурных формаў і іншыя.
Сёлета запланаваны бягучы рамонт больш за 870 тысяч квадратных метраў дарожнага палатна праездаў і звыш 200 тысяч квадратных метраў пешаходных сувязяў, будзе ўстаноўлена больш за 22,5 тысячы аб’ектаў знешняга добраўпарадкавання.
Ручаі, азёры і крыніцы
Рэспубліканскі план мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі ўключае ў тым ліку санітарную ачыстку вадаёмаў і вадацёкаў ад цвёрдых адходаў і іншародных элементаў, адзначыла начальнік аддзела выкарыстання водных рэсурсаў Мінпрыроды Вікторыя Воранава. Ужо цяпер санітарнай ачысткай ахоплены 50 рэк і ручаёў, а таксама 70 азёр.
У першым квартале такія работы запланавана выканаць у Віцебску на рацэ Лучоса і вадаёме ў парку 1000-годдзя Віцебска. Усяго на тэрыторыі нашай краіны на водных аб’ектах зацверджана 488 зон адпачынку, у дачыненні да якіх штогод (з 1 да 31 мая) камісіямі праводзіцца іх агляд з мэтай прыёмкі гатоўнасці да летняга сезона.
У Беларусі зарэгістраваны 1183 значныя крыніцы, з якіх 815 уладкаваны. У прыродным стане знаходзяцца 368 крыніц, з іх 104 размешчаны ў цяжкадаступных месцах. Сёлета запланавана навесці парадак каля 21 крыніцы краіны.
Начальнік аддзела таксама заўважыла, што ў чэрвені плануецца міжнародная беларуска-расійская акцыя па ачыстцы трансгранічных водных аб’ектаў «Беражом галоўнае», кожны ахвотны можа ўзяць у ёй удзел.
Бесперапыннае цвіценне
Як расказала кіраўнік службы па добраўпарадкаванні і ўтрыманні аб’ектаў зялёнай гаспадаркі УП «Мінскзелянбуд» Наталля Лісоўская, планы па азеляненні і кветкавым афармленні гарадскіх тэрыторый, абнаўленні малых архітэктурных формаў распрацоўваюцца штогод. Год добраўпарадкавання выключэннем не стаў, больш за тое, планавыя заданні былі павялічаны.
Прадстаўнік «Мінскзелянбуду» заўважыла, што ў спрыяльны вясновы перыяд спецыялісты прадпрыемстваў зялёнай гаспадаркі ўжо прыступілі да высадкі дрэў і кустоў. Усяго запланавана пасадка каля 20 тысяч дрэў і каля 150 тысяч кустоў. Дадатковыя саджанцы высадзяць на транспартных развязках і адхонах азелянёных тэрыторый уздоўж МКАД.
Практыка высадкі руж на вуліцах Мінска сёлета працягнецца. У маі—чэрвені высадзяць больш за 50 тысяч кустоў. Што датычыцца кантэйнернага азелянення сталічнай вулічна-дарожнай сеткі, яно вядзецца планамерна. Наталля Лісоўская растлумачыла, што асабліва актуальныя такія варыянты азелянення на пляцоўках з цвёрдым пакрыццём, дзе няма магчымасці пасадкі раслін у грунт. Будуць ствараць кветнікі з аднагадовых кветкавых раслін, ужо цяпер запланавана высадзіць каля 1,34 мільёна кветак.
«У пачатку красавіка ўпрыгожым агароджы раздзяляльных палос па праспекце Пераможцаў скрынямі з віёлай і марозаўстойлівымі раслінамі. У сярэдзіне мая на змену гэтым кампазіцыям будуць выстаўлены кашпо з аднагадовымі ампельнымі раслінамі, а завершыць кветкавае афармленне восенню ўстаноўка скрынь з хрызантэмамі».
Разам з тым для захавання балансу кветкавых кампазіцый, як і ў папярэднія гады, спецыялісты зялёнай гаспадаркі зоймуцца пасадкай шматгадовых кветак. Яны створаць кампазіцыі бесперапыннага цвіцення з драўнінна-кустовых насаджэнняў з выкарыстаннем шматгадовых кветкавых раслін, якія дазволяць забяспечыць дэкаратыўнасць сталічных вуліц з красавіка да замаразкаў позняй восені.