Top.Mail.Ru

Чым уражвае Неглюбка і чаму яе майстэрства абавязкова трэба захаваць?

22 жніўня аграгарадок Неглюбка збірае гасцей на свята ткацтва «Кросенцы».

У праграме — выстаўка вырабаў мясцовых майстрых, дэфіле ў касцюмах, майстар-класы, рэканструкцыя абраду «Дажынкі», канцэртная праграма. Са снежня мінулага года «Неглюбская тэкстыльная традыцыя Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці» знаходзіцца ў Спісе нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА як элемент, які патрабуе аховы. Традыцыі ткацтва, вышыўкі і вырабу касцюмаў — яскравае сведчанне таленту, густу і працавітасці мясцовых жанчын. Адметнасць Неглюбкі нават у тым, што, калі ў іншых рэгіёнах ХХ стагоддзя Беларусі ручное ткацтва затухала, тут яно працягвала развівацца.

Чым можа ўразіць гэты куток і як Неглюбка праславілася на ўвесь свет, расказала кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік аддзела народазнаўства Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Ірына СМІРНОВА: «Неглюбскі народны строй — адзіны, які да сярэдзіны ХХ стагоддзя захоўваў такія архаічныя формы адзення, як панёва, нагрудны фартух-„запіна“, наміткі і тканая хустка, — расказвае Ірына Смірнова. — Ён зачароўвае. У адным вырабе жанчына магла выкарыстоўваць бранае і пераборнае ткацтвы, розныя віды вышывак, дэкаратыўныя спалучальныя швы, мярэжкі. Наогул ні адна іншая лакальная традыцыя не мела такога арсеналу тэхнік вышыўкі, як у Неглюбцы». Калекцыі тэкстылю з Неглюбкі захоўваюцца ў розных музеях Беларусі.

У сярэдзіне ХХ стагоддзя традыцыя ткацтва неглюбскіх ручнікоў развівалася, не прыцягваючы да сябе ўвагу дзеячаў культуры і мастацтва, навукоўцаў. Нават у выстаўках дэкаратыўна-прыкладной творчасці мастацтва неглюбскіх жанчын не было прадстаўлена да пачатку 1960-х гадоў. Упершыню неглюбскія ручнікі і іншыя тэкстыльныя вырабы з’явіліся на Усесаюзнай мастацкай выставе, прысвечанай 50-годдзю СССР (лістапад 1967 г., Масква). 

Але вядомасць і шырокае прызнанне неглюбскага мастацтва пачалося пасля правядзення Усесаюзнай выставы-конкурсу майстроў народнага мастацтва, якая адбылася ў 1970-м годзе ў Маскве, у Цэнтральнай выставачнай зале. Ад Беларусі было прадстаўлена 10 экспанатаў, 6 з якіх — неглюбскія тканыя ручнікі. Менавіта з гэтага часу да Неглюбкі прыйшла сапраўдная слава. Жанчын запрашалі на шматлікія выстаўкі, дзе яны маглі ў тым ліку прадставіць і фальклор свайго рэгіёна.

Значная ўвага да вёскі, яе жыхароў і майстроў далі моцны імпульс для мастацкага росквіту традыцыі. Менавіта ў гэты час узбагацілася паліхромнае ткацтва ручнікоў — асобныя майстрыхі выкарыстоўвалі пры ткацтве аднаго ручніка да 25 колераў і адценняў нітак. У Неглюбцы і навакольных пасёлках займалася ткацтвам каля 100 жанчын, больш 30 з іх актыўна ўдзельнічалі ў правядзенні выставак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Сёння ў гэтай унікальнай тэхніцы працуюць усяго тры майстрыхі. Сама Неглюбка сёння на слыху. Але не трэба спадзявацца, што ўключэнне ў спіс ЮНЕСКА аўтаматычна абараняе ўнікальнае мастацтва. Яго захаванне залежыць ад усебаковых мер падтрымкі як дзяржавы, так і грамадства. Школа ў Неглюбцы малакамплектная, не тое, што раней, калі не хапала месцаў і дзеці вучыліся ў дзве змены. І, хоць праца з дзеткамі па перадачы традыцыі вядзецца, тут няма тых маштабаў, як у дачарнобыльскі час. На жаль, неглюбскі ручнік, які з 1970-х гадоў стаў адным з візуальных сімвалаў Беларусі, набыць сёння вельмі складана. «Саткаць сапраўдны неглюбскі ручнік можа толькі неглюбская жанчына, што вырасла ў хаце, аздобленай рэчамі, сатканымі і вышытымі яе роднымі. Менавіта яна будзе беражліва і з павагай ставіцца да традыцыі. Безумоўна, магчыма наладзіць выраб сувенірнай прадукцыі, але навучацца маладыя майстры павінны толькі ў носьбітаў традыцыі і прапаноўваць свае вырабы толькі пасля сертыфікацыі», — выказвае свае меркаванні даследчык. 

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю