У серыі «Бібліятэка беларускай аповесці» (заснаваная ў 2024 годзе) сёлета выйшла кніга, якая выдатна адлюстроўвае сённяшні стан айчыннай літаратуры ў прыгодніцкім жанры. Яе ўнікальнасць не толькі ў тым, што пад адной вокладкай змешчаны і дэтэктыў, і фантастыка, і твор на гістарычную тэматыку нашых сучасных пісьменнікаў, якія хоць і жывуць у розных кутках Беларусі, але «сустрэліся» ў адной кнізе. Гэта выданне, нібыта машына часу, пераносіць то ў XIII, то ў XIV стагоддзе (творы Уладзіміра Мажылоўскага «Амулет Яхмас-Нефертары» і «Меч Агрыка» адпаведна). А чытаючы, у прыватнасці, навуковафантастычныя аповесці Сяргея Белаяра (насамрэч Сяргея Мартынюка) «Канфлікт інтарэсаў» і «Апалон-18» адпраўляешся ў далёкую будучыню. Пагадзіцеся, цікава зазірнуць туды дзякуючы таленту творцы і даведацца, што можа адбывацца ў свеце ў XXII стагоддзі? Пры гэтым Генадзь Аўласенка (менавіта яго амаль дэтэктыўная аповесць «Адплата» і адкрывае кнігу) распавядае пра падзеі рэальнага жыцця ў, здавалася б, звычайным кабінеце. Але гэта — толькі пункт адліку. Чытач таксама апынецца ў мінулым, якое ажывае дзякуючы ўспамінам герояў. Каб не раскрываць інтрыгу і не псаваць уражанне ад твора, варта толькі канстатаваць: атмасфера тут нагнятаецца не горш, чым у класічным дэтэктыве, але гэты сапраўды не класічны, таму перад уступам і пазначана — гэта «амаль дэтэктыўная аповесць у двух эпізодах». Думаецца, што імя гераіні Рая аўтар выбраў невыпадкова, як і мянушкі для яе кіраўніка Генадзя Уладзіміравіча і яго старога знаёмага — Гена і Чабурашка.
Усе змешчаныя ў гэтай кнізе творы напісаны займальна на роднай мове, але, вядома, мова ўсё роўна вельмі адрозніваецца, бо нашы сучаснікі з аповесці Генадзя Аўласенкі, зрумела, размаўляюць зусім не так, як героі Сяргея Белаяра ў далёкай будучыні (нават дзіву даешся, як аўтар прыдумвае такія рэчы, жывучы ў Брэсце, а не дзесьці далёка ў Галактыцы), ці героі гістарычных твораў Уладзіміра Мажылоўскага. І гэта сапраўднае задавальненне для літаратурных гурманаў — паглыбляцца ў настолькі розную атмасферу і зусім розныя дыялогі ў межах усяго аднаго выдання.
- Не ў крыўду іншым аўтарам асобна хочацца больш сказаць пра Уладзіміра Мажылоўскага. Магчыма, таму што сёлета святкуецца 95-годдзе Уладзіміра Караткевіча, а Мажылоўскага якраз называюць прадаўжальнікам традыцый у літаратуры Уладзіміра Сямёнавіча. Канешне, гэта зусім розныя пісьменнікі, хоць і землякі, і любоў да Караткевіча ў нас непарушная… І ўсё ж, як толькі Мажылоўскі дэбютаваў у беларускай літаратуры (гэта было крыху больш за дзесяць гадоў таму, калі Уладзімір Мажылоўскі дэбютаваў не толькі ў тоўстым часопісе, але і ўпершыню надрукаваўся ў Выдавецкім доме «Звязда» — маецца на ўвазе кніга «Праклён мітрапаліта Феафіла») — у літаратурным асяроддзі адразу з’явілася параўнанне з Караткевічам.
У нас не так шмат сучасных твораў, якія б сапраўды запрашалі паглыбіцца ў беларускую гісторыю і гісторыю наогул, асабліва нашу моладзь. Менавіта любоў да гісторыі і свайго роднага краю і яднае творчасць класіка беларускай літаратуры і Уладзіміра Мажылоўскага. Хочацца спадзявацца, што знаёмства з яго творамі падштурхне кагосьці яшчэ больш палюбіць Беларусь нашу мілую, захапіцца не толькі яе гісторыяй, але і паданнямі (адразу згадваецца караткевіцкі Андрэй Беларэцкі, які збіраў ўсю нашу багацейшую спадчыну ў творы «Дзікае паляванне караля Стаха»).
Мажылоўскі таксама распавядае пра розныя артэфакты (меч Агрыка, амулет ЯхмасНефертары), якія абуджаюць інтарэс да росшукаў у лабірынтах гісторыі з яе загадкамі. Нават у яго больш рэалістычным «Выпрабаванні» ёсць містычныя ноткі, што таксама робіць яго творчасць нечым падобнай да кніг Караткевіча… І ўсё ж хочацца верыць, што ў Мажылоўскага свой шлях у літаратуры, які хоць і распачаўся дастаткова позна (ажно ў 54 гады, калі Караткевіч наадварот пайшоў з жыцця, пакінуўшы пасля сябе найбагацейшую літаратурную спадчыну), але будзе доўгім і плённым, як і ў Генадзя Аўласенкі і Сяргея Белаяра, творы якіх таксама змешчаны ў дадзенай кнізе.
Выданне гэтай важнай з пункту гледжання развіцця беларускай літаратуры кнігі сведчыць: айчынная літаратура не стаіць на месцы, а актыўна развіваецца, творчы рухавік працуе ва ўсіх прыгодніцкіх жанрах не толькі ў сталіцы і на Міншчыне, але і ў іншых абласцях Беларусі — на Брэстчыне, Віцебшчыне.
Па сваім змесце гэтая кніга (а яе выпуск ажыццёўлены па заказе і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь), — той самы літаратурны маяк, які паказвае, куды варта рухацца маладым аўтарам, якія таксама хочуць развівацца ў прыгодніцкіх жанрах. І хто ведае, магчыма, у будучыні хтосьці з сённяшніх таленавітых маладых творцаў, выхаваны на гэтым выданні, таксама працягне традыцыі серыі «Бібліятэка беларускай аповесці»? Толькі натхняючыся найлепшымі ўзорамі літаратуры, можна стварыць нешта сваё, пераасэнсаваўшы творы папярэднікаў.
Творы аўтараў, змешчаных пад адной вокладкай, уздымаюць адвечныя тэмы ў літаратуры — сэнс і каштоўнасць жыцця, любоў да свайго бліжняга, што такое сапраўднае каханне і ці можна пераступіць межы дазволенага дзеля яго? Карацей, прачытаўшы гэтую кнігу, можна пафіласофстваваць, задумаўшыся аб самых розных рэчах, а хтосьці, магчыма, натхніцца на напісанне сваёй...
І ўсё ж ёсць што і пакрытыкаваць. Звычайна кнігі выдавецтва «Мастацкая літаратура» вылучаюцца сваімі прыгожымі і арыгінальнымі вокладкамі. Гэтая, канешне, таксама неблагая і сувязь са зместам адчуваецца. Але на думку аўтара, гэта якраз той выпадак, калі змест кнігі заслугоўвае яшчэ больш яркай вокладкі. Што ні кажыце, але сучасны чытач спачатку шукае сваю кнігу вачыма, і вельмі хочацца, каб гэтае выданне абавязкова прачытала як мага больш прыхільнікаў беларускай літаратуры.
Творчасць кожнага з дадзеных аўтараў можна рэкамендаваць да прачытання не толькі ўсім ахвотным, пачынаючы з 16 гадоў, але і студэнтам філалагічных і журналісцкіх факультэтаў беларускіх ВНУ, каб яны змаглі яшчэ лепш арыентавацца ў айчынным літаратурным працэсе.
Ірына ПРЫМАК