Беларускія журналісты да адкрытасці і разгорнутых адказаў кіраўніка дзяржавы ў цэлым прывыклі. А вось для некаторых замежных журналістаў такая размова з Прэзідэнтам у навінку. Пацікавіліся ў калег іх уражаннямі ад вялікай прэс-канферэнцыі Аляксандра Лукашэнкі.
«Гэта цікавы фармат. Я раней глядзеў шмат выступленняў Аляксандра Лукашэнкі раней. Гэта мая першая сустрэча з ім ужывую. І вядома мне было цікава ўбачыць беларускага Прэзідэнта. Адзначу, што ён выступае вельмі энергічна. Мне спадабалася, што ён кажа тое, што хоча сказаць, нічога не ўтойвае. Прэс-канферэнцыя была доўгая, але насычаная і цікавая. Прэзідэнт удзяліў шмат часу журналістам, за што яму вялікі дзякуй. Я не магу сказаць задаволены я ці не адказамі Аляксандра Лукашэнкі, гэта яго думкі. І дзякуй, што ён імі падзяліўся. Наша задача — перадаць гэта сваёй аўдыторыі», — падзяліўся журналіст з Фінляндыі, карэспандэнт «Іелейс Радыё» Хэйкі Хейсканен. У цэлым, па яго словах, у іх няма ніякіх праблем з працай у Беларусі.
Карэспандэнт BBC Стыў Розенберг расказаў, што шмат выбараў бачыў, але беларусы яго здзівілі. «Я такога не ўзгадаю, каб у асноўны дзень выбараў адбылася больш за чатырохгадзінная прэс-канферэнцыя аднаго з кандыдатаў у прамым эфіры. Я рады, што я меў магчымасць задаць свае пытанні Прэзідэнту Беларусі і ён на іх падрабязна адказаў», — сказаў ён. Стыў Розенберг расказаў, што размаўляў і з іншымі кандыдатамі, і гэта таксама было цікава.
Журналіст кітайскага агенцтва Сіньхуа Чэнь Цін узгадаў сваю першую сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі на чэмпіянаце па колцы дроў сярод СМІ. Па яго словах, гэта было вельмі незвычайна. «Як карэспандэнт я таксама рабіў рэпартаж з выбарчага ўчастка. Усё ціха, спакойна, людзі прыходзяць як на свята, — падзяліўся ён. — Сёння Аляксандр Лукашэнка вельмі адкрыта адказаў на ўсе пытанні, у тым ліку вострыя. Такіх адкрытых Прэзідэнтаў вельмі мала».
«Заходнія медыя ўбілі ў галаву, што добра там, а тут дрэнна. Гэта насамрэч абсалютная хлусня. Нам падмяняюць каштоўнасці. Нас спрабуюць падмануць і павесці па няправільным шляху. Сёння, на вялікі жаль, Арменія, Малдова па гэтым шляху ідуць. Беларусі ўдалося гэтага пазбегнуць у 2020 годзе, інакш бы, магчыма, увогуле не існавала такой краіны», — адзначыў Мікаэл Бадалян, блогер з Арменіі, у эфіры тэлеканала «Першы інфармацыйны». Яшчэ на прэс-канферэнцыі з Прэзідэнтам ён расказаў, што ў дзяцінстве шмат часу праводзіў у Беларусі, вельмі любіць гэту краіну і ўдзячны кіраўніку дзяржавы за тое, што Беларусь выстаяла ў цяжкія часы.
Бразільскі журналіст Лукас Лейрас у эфіры «Першага інфармацыйнага» заўважыў, што Беларусь — вельмі адкрытая краіна, але на Захадзе меркаванне ўжо сфарміравана, і іншае яны чуць не хочуць. «Бачым некаторых заходніх журналістаў, якія спрабуюць зладзіць правакацыі. Гэта ўжо занадта. На жаль, у Еўропе аддаюць перавагу казаць пра Беларусь у негатыўным ключы. Ім папросту гэта выгадна. Насамрэч гэта адкрытая дэмакратычная краіна». — сказаў ён.