Наступны тыдзень для школьнікаў нашай краіны доўгачаканы — пачнуцца вясновыя канікулы. У бацькоў штогод напярэдадні ўзнікае адно пытанне: як забяспечыць любімаму дзіцяці не толькі камфортныя, але і бяспечныя ўмовы для тыднёвага адпачынку і аздараўлення? Чым заняць школьнікаў, калі ўрокаў няма, расказалі спецыялісты.
Адной з самых запатрабаваных формаў занятасці ў перыяд канікул з’яўляецца работа аздараўленчых лагераў для дзяцей з дзённым знаходжаннем на базе ўстаноў адукацыі. Стан гатоўнасці лагераў вызначаецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі бяспекі, уключаючы пажарную і санітарна-эпідэміялагічныя нормы, а таксама іншыя патрабаванні, устаноўленыя заканадаўствам у сферы адукацыі. Пра гэта распавяла начальнік аддзела метадычнага суправаджэння выхаваўчага працэсу ва ўстановах адукацыі цэнтра сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Акадэміі адукацыі Алена Міхалевіч: «У сталіцы больш за 13 тысяч бацькоў выказалі жаданне аб арганізацыі адпачынку іх дзяцей у такой форме. З 24 да 28 красавіка будзе арганізавана работа 262 аздараўленчых лагераў, паўнавартаснае харчаванне і, вядома, змястоўны вольны час».
Пры планаванні мерапрыемстваў заўжды ўлічваецца каляндар дзяржаўных свят, памятных і святочных дат. Напярэдадні святкавання 80-годдзя гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне на наступным тыдні для школьнікаў арганізуюць прагляды мастацкіх і хроніка-дакументальных кіна- і відэафільмаў аб Вялікай Айчыннай вайне з наступным абмеркаваннем. Акрамя таго, плануецца турысцка-экскурсійная дзейнасць для навучэнцаў, якая будзе прысвечана захаванню памяці аб ахвярах беларускага народа ў Айчыннай вайне.
Год добраўпарадкавання таксама не абмінулі ўвагай. «Запланаваны комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на стварэнне і падтрымку зручнага, бяспечнага, сучаснага і эстэтычна арганізаванага асяроддзя», — паведаміла спікер.
Для абітурыентаў на наступным тыдні будуць праводзіцца дні адчыненых дзвярэй ва ўстановах вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі — самы час старшакласнікам вызначацца ў выбары будучай прафесіі. Гэта дапаможа дзецям азнаёміцца з найбольш запатрабаванымі на сёння спецыяльнасцямі, па якіх вядзецца падрыхтоўка ў гэтых установах адукацыі. Сустрэчы пройдуць з удзелам прадстаўнікоў прадпрыемстваў — заказчыкаў кадраў. Да пазанавучальнай дзейнасці будуць прыцягнуты і бацькі. «Канікулы нацэлены на тое, каб вольны час дзяцей быў цікавы і даў ім магчымасці праявіць сябе ў розных кірунках», — падкрэсліла Алена Міхалевіч.
Без фізкультурна-аздараўленчых і спартыўных масавых мерапрыемстваў уявіць школьныя канікулы немагчыма. Традыцыйнай ужо стала круглагадовая спартакіяда для выхаванцаў ваенна-патрыятычных класаў і для дзяцей, у дачыненні да якіх праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа. Цыкл мерапрыемстваў сумесна з праваахоўнымі органамі таксама пойдзе на карысць: варта яшчэ раз нагадаць дзецям пра абавязак выконваць заканадаўства і паводзіць сябе адказна пры любых абставінах. Арганізуюцца таксама сустрэчы з прадстаўнікамі дзяржаўных грамадскіх арганізацый — воінскіх падраздзяленняў, МНС і іншымі. І гэта толькі частка праграмы, адзначыла начальнік аддзела выхаваўчай і ідэалагічнай работы камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Ганна Рысявец: «Сацыяльныя педагогі, педагогі-псіхолагі прадоўжаць работу па прававой і псіхалагічнай асвеце ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу, уключаючы і бацькоў».