Начальнік галоўнага ўпраўлення раслінаводства Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Мікалай Лешык расказаў БелТА, чым заняты аграрыі Беларусі ў апошнюю дэкаду сакавіка.
Паводле слоў Мікалая Лешыка, аграрны сезон ужо адкрыты і ўсе рэгіёны пачалі актыўна сяўбу. «У першую чаргу ідзе сяўба ранняй групы збожжавых культур. Наш заходні рэгіён, Брэсцкая вобласць, пачаў ужо, а паўднёвая частка Мінскай вобласці цяпер пачынае сяўбу лёну, таму што гэта культура ранняга тэрміну сяўбы», — адзначыў ён.
Актыўна вядуцца падкормкі азімых. «Што датычыцца Брэсцкай і Гродзенскай абласцей, то яны ўжо больш як палавіну азімых падкармілі другі раз. Больш паўночныя, усходнія нашы рэгіёны і паўночная частка Мінскай вобласці на стадыі завяршэння першых падкормак, паколькі вегетацыя крыху пазней пачалася ў азімых, і толькі цяпер актыўна ідзе адрастанне карэньчыкаў і пачатак актыўнай вегетацыі», — падкрэсліў начальнік галоўнага ўпраўлення.
Паралельна ідзе падкормка траў, паколькі корманарыхтоўка — мерапрыемства працяглае. «Рыхтуемся да нарошчвання неабходнага ўраджаю. Паралельна ідзе работа па ўнясенні арганікі. Ёсць даручэнне, каб мы максімальна ўнясенне арганікі вызначылі на асенні перыяд, але вялікі яго аб’ём запланаваны на вясну, улічваючы той фактар, што восенню вялікі аб’ём работ уборачнай кампаніі, перавозкі ўраджаю, яго перапрацоўкі, а таксама азімая сяўба фактычна ў нас амаль раўназначна яравой. Мы запланавалі ўнесці каля 50 млн т. Работы актыўна вядуцца, арганіка ўносіцца, таму што ў поле ўжо, у прынцыпе, тэхніка можа выходзіць. І гэта работа энергаёмістая, яна практычна праводзіцца на працягу месяца», — звярнуў увагу Мікалай Лешык.