«Вашу нялёгкую і высакародную працу заўсёды падтрымлівае Прэзідэнт»
Цэнтральнай падзеяй свята стала ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання найлепшых работнікаў аграпрамысловага комплексу і пераможцаў спаборніцтва па ўборцы ўраджаю, падчас якой прэс-сакратар Прэзідэнта Наталля Эйсмант зачытала віншавальны адрас ад кіраўніка дзяржавы.
Акрамя таго, Наталля Эйсмант адзначыла, што прайшло роўна 30 гадоў з таго часу, як Прэзідэнт прыняў рашэнне ўшаноўваць найлепшых працаўнікоў вёскі на маштабных святах такога кшталту.

— Першыя «Дажынкі» ў Беларусі адбыліся ў 1996-м годзе, — нагадала прэс-сакратар Прэзідэнта. — За гэтыя тры дзесяцігоддзі каласальныя інвестыцыі ў добраўпарадкаванне атрымалі многія гарады і пасёлкі, якія праводзілі гэтае свята. Вось і наш амаль 900-гадовы Дзяржынск сёння сустракае гасцей такім уладкаваным і абноўленым. Гэта вельмі прыемна. Як і тое, што няхай на адзін дзень, але вельмі заслужана Дзяржынск сёння стаў сталіцай Мінскай вобласці. А яшчэ за гэтыя тры дзесяцігоддзі мы даведаліся тысячы імёнаў сапраўдных герояў нашага часу. Вяскоўцаў, якія кормяць краіну, зарабляюць для яе валюту і ставяць алімпійскія рэкорды па намалотах. Вельмі шмат сярод іх прадстаўнікоў Мінскай вобласці.

Я ўпэўнена, вы цудоўна ведаеце, што вашу нялёгкую і высакародную працу заўсёды падтрымлівае Прэзідэнт. Падтрымлівае і вельмі шануе. А Мінская вобласць заўсёды навідавоку. У які бы рэгіён нашай краіны не ляцеў Прэзідэнт — гэта заўсёды над Мінскай вобласцю. Куды б ён не ехаў — маршрут заўсёды праз Мінскую вобласць.
Прэзідэнт назваў Мінскую вобласць стратэгічным рэгіёнам. І гэта асаблівае стаўленне, гэта каласальная адказнасць. Менавіта таму галоўнае, чаго сёння хочацца і трэба пажадаць, — гэта далейшых поспехаў. Дзяржынскаму раёну — толькі ўверх. Як можа быць інакш у раёне, дзе знаходзіцца самая высокая кропка Беларусі. Мінскай вобласці — заўсёды з гонарам трымаць вось гэтую найвышэйшую планку стратэгічнага цэнтральнага рэгіёна краіны! — сказала Наталля Эйсмант.
«Вы любіце сваю зямлю. Зямля аддзячыла — выдатны ўраджай!»
Намеснік Старшыні УНС, упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы ў Мінскай вобласці Аляксандр Косінец у сваім выступленні адзначыў, што ў свеце ёсць дзве самыя складаныя прафесіі — бацькоўская прафесія і праца селяніна.
— За ўсю ўборачную страду мне давялося пабываць у кожным з 22 раёнаў Мінскай вобласці, — сказаў Аляксандр Косінец. — Высокая арганізацыя з боку аблвыканкама, прыняцце адпаведных рашэнняў, работа раённых выканаўчых камітэтаў, кіраўнікоў сельскагаспадарчых арганізацый і прадпрыемстваў, самаадданая праца механізатараў, камбайнераў, іх памочнікаў, аператараў зернесушыльных комплексаў, вадзіцеляў, удзел ва ўборцы ўраджаю супрацоўнікаў Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства надзвычайных сітуацый, пракуратуры, Камітэта дзяржаўнага кантролю, школьнікаў, студэнтаў згулялі вельмі важную ролю. Вы любіце сваю зямлю. Зямля аддзячыла — выдатны ўраджай!

На наступны год, па словах Аляксандра Косінца, намечаны амбіцыйныя, але рэальныя планы.
— Поспехаў вам! Ні ў якім разе не сумняваюся — пастаўленыя мэты і задачы будуць вырашаны! — выказаў упэўненасць ён.
«Гаспадарскі падыход, захаванне тэхналогій і працавітасць аграрыяў дазволілі Міншчыне дабіцца сур’ёзнага выніку»
Старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей КУШНАРЭНКА, віншуючы хлебаробаў, падкрэсліў, што свята працы і хлеба за мінулыя дзесяцігоддзі ператварылася ў сапраўды ўсенародную традыцыю суверэннай дзяржавы.
— У розныя гады рэспубліканскія «Дажынкі» ў Мінскай вобласці прымалі Нясвіж, Слуцк і Маладзечна, якія далі магутны імпульс да развіцця гэтых гарадоў, павышэнню якасці жыцця, — адзначыў кіраўнік цэнтральнага рэгіёна. — А з 2015 года «Дажынкі» перайшлі ў абласны фармат. За гэты час нам удалося прывесці ў парадак дзесяць раёнаў і іх цэнтры: Вілейскі, Лагойскі, Смалявіцкі, Мядзельскі, Барысаўскі, Чэрвеньскі, Капыльскі, Стаўбцоўскі, Салігорскі, Валожынскі і Мінскі.
Сёлета гонар прымаць «Дажынкі» выпала Дзяржынску, якому споўнілася 880 гадоў. Тут разгарнулася сапраўдная маштабная работа па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку.

Аляксей Кушнарэнка звярнуў увагу, што новая Плошча, Цэнтральны парк і гарадскі стадыён сталі сапраўднымі жамчужынамі горада.
— Шмат сіл і сродкаў было затрачана на інжынерныя камунікацыі, абнаўленне жылфонду, стварэнне гістарычных муралаў. У горадзе з’явіліся цэнтры прыцягнення для гараджан і гасцей: сучасны фантан, дзіцячыя атракцыёны, кніжныя і выставачныя павільёны, — дадаў губернатар.
Асаблівы каларыт святу, па яго словах, дадалі абласныя конкурсы: саламяных фігур, малых архітэктурных формаў, добраўпарадкавання і ўтрымання аграгарадкоў, вёсак і асабістых падворкаў.
—Паважаныя аграрыі! — звярнуўся Аляксей Кушнарэнка да хлебаробаў. — На ганаровых месцах сёння вы — героі жніва, людзі, шчыра адданыя сваёй справе, прафесіяналы з вялікай літары.

Год быў няпросты, з пераменлівымі ўмовамі надвор’я, але гаспадарскі падыход, захаванне тэхналогій і працавітасць аграрыяў дазволілі Міншчыне дабіцца сур’ёзнага выніку. Хоць аграсезон яшчэ не скончаны, але мы ўжо ганарымся сваім караваем і рэкорднай ураджайнасцю збожжавых і рапсу.
Лічбы і факты
Па словах старшыні Мінскага аблвыканкама, сёлета палова раёнаў Мінскай вобласці пераадолелі намалот у 100 тысяч тон, а Слуцкі і Капыльскі рэгіёны і зусім перасягнулі мяжу ў гістарычныя 200 тысяч тон збожжа!
На палях Міншчыны сёлета 1020 экіпажаў сабралі больш за 1000 тон ураджаю, 242 — сабралі больш за 2000 тон, 44 — намалацілі больш за 3000 тон, 10 — больш за 4 тысячы тон і 1 — звыш 6 тысяч тон.
Гонар усёй Беларусі, адзначаны асабіста Прэзідэнтам краіны, — механізатар з сельгаспрадпрыемства «Кухчыцы» Клецкага раёна Павел Шуціла, які сабраў 7 тысяч 43 тоны збожжа на беларускім камбайне.
723 кіроўцы цэнтральнага рэгіёну перавезлі больш чым па 1000 тон збожжа, 181 — больш за 2000 тон, 74 — больш за 3000, 11 — больш за 4000, 6 — больш за 5000 тон, 2 — больш за 6000 тон.

Асабліва вызначыўся прадстаўнік гаспадаркі «Кухчыцы» Клецкага раёна Віталь Кішко, які перавёз на айчынным аўтамабілі МАЗ 8 тысяч 532 тоны збожжа цяперашняга ўраджаю.
У Год беларускай жанчыны вызначыліся і прадстаўніцы прыгожага полу. Таццяна Пячурка з сельгаспрадпрыемства «Дзераўное» Стаўбцоўскага раёна і Марына Пенязь з сельгаспрадпрыемства «Вясейскі Пакроў» Слуцкага раёна ў гэтым годзе ўпершыню селі за штурвалы сваіх, «жаночых камбайнаў», і паказалі годны вынік, увайшоўшы ў лік камбайнераў-тысячнікаў.
Аляксей Кушнарэнка асабліва адзначыў пераемнасць у прафесіі камбайнёра: 72 маладзёжныя экіпажы намалацілі больш за 1000 тон збожжа, а ў тысячнікі сярод кіроўцаў увайшлі 37 чалавек. Найлепшымі сярод іх сталі Сяргей Дубень з намалотам больш за 4 тысячы тон збожжа і Арцём Сіцько з больш чым 6 тысяч тон на перавозцы.

Завяршаючы сваё выступленне, Аляксей Кушнарэнка падкрэсліў, што сельскагаспадарчы год яшчэ не завершаны.
— Нашы аграрыі і ў гэтыя хвіліны працуюць у палях, фарміруюць зачын на будучы год, — дадаў ён. — І мы бачым, што запаветная лічба ў 3 мільёны тон ураджаю збожжавых і зернебабовых з улікам рапсу і кукурузы, якая адносна нядаўна здавалася фантастычнай, блізкая да дасягнення.
Віншуючы хлебаробаў Міншчыны з паспяховым завяршэннем уборачнай, Намеснік Прэм’ер-міністра Віктар Каранкевіч адзначыў, што сёлета яны паказалі годныя вынікі.
— Хацелася б выказаць словы падзякі ўсім аграрыям за вашу каласальную працу і важкі ўклад у агульны каравай і засекі нашай краіны, — сказаў Віктар Каранкевіч. — Вы сваімі рукамі робіце галоўны прадукт для беларусаў — хлеб. А гэта аснова дабрабыту і харчовай бяспекі дзяржавы.
За высокімі вынікамі знаходзіцца і каласальная падтрымка з боку кіраўніка дзяржавы. Гэта (паспяховыя вынікі ва ўборачнай. — «Зв. ») дасягнута дзякуючы вашаму прафесіяналізму і працавітасці, захаванню дысцыпліны і тэхналогіі, а таксама цеснаму ўзаемадзеянню з арганізацыямі розных сумежных галін, што ў комплексе дазволіла забяспечыць значнае павышэнне ўзроўню механізацыі і эфектыўнасці работы аграрнага комплексу. Але, напэўна, сакрэт поспеху заключаецца яшчэ і ў тым, што ўсе вы ставіцеся да роднай зямлі з вялікай любоўю. Працуючы на зямлі, вы не толькі рэалізуеце свой прафесіяналізм, — гэта, хутчэй за ўсё, ваш сэнс жыцця.

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Леанід Заяц павіншаваў хлебаробаў Міншчыны з паспяховым завяршэннем уборкі збожжавых, зернебабовых культур і рапсу.
— Вы, як і раней, сёння забяспечылі лідарства сярод абласцей Рэспублікі Беларусь і зноў даказалі сваю прафесійную прыдатнасць. Вы лідзіруеце сёння ва ўсім, — звярнуў увагу ён. — Правільна было сказана, што вы займаеце першае месца па ўзроўні развіцця грамадскай жывёлагадоўлі, уносіце важкі ўклад у экспартны патэнцыял Рэспублікі. І сёння тут сабраліся найлепшыя з лепшых працаўнікоў Мінскай вобласці, каб сказаць адзін аднаму добрыя словы.
Сенатар яшчэ раз падзякаваў працаўнікам вёскі за іх подзвіг і гераізм у імя харчовай бяспекі нашай краіны.
— На світанку станаўлення нашай рэспублікі ў 1994 годзе ў нас быў вельмі сур’ёзны перыяд жыцця. Мы намалацілі менш за 5 мільёнаў тон хлеба, адчувалі каласальны дэфіцыт прадуктаў харчавання. Мы куплялі іх за мяжой, у еўрапейскіх краінах, каб накарміць людзей і выжыць, — нагадаў Леанід Заяц. — Сёння, па заканчэнні 30 гадоў, мы з дэфіцыту выйшлі ў прафіцыт, маем багаты стол і паспяхова прадаем сваю прадукцыю за межы нашай дзяржавы. Гэта было б неймаверна без падтрымкі Прэзідэнта нашай краіны, без згуртаванасці нашых людзей, без працавітасці беларускага народа. І сёння я хачу ўсіх вас павіншаваць з гэтым выдатным святам. Хай будзе на беларускай зямлі заўсёды так.
Старшыня Пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Іван Маркевіч падкрэсліў, што традыцыю святкавання «Дажынак» 30 гадоў таму заклаў кіраўнік дзяржавы. І сёння, паводле яго слоў, гэтае свята стала не толькі ўсенародным, а міжнародным.
— Сёння многія краіны бяруць з нас прыклад. І сёння вобласці, рэгіёны праводзяць «Дажынкі» на самым высокім узроўні, тым самым падцягваючы вёскі, аграгарадкі. Усюды ідзе добраўпарадкаванне, і самае галоўнае — гэта ўсё для людзей, гэта застаецца людзям, — акцэнтаваў увагу Іван Маркевіч.
Парламентарый адзначыў, што наша сіла — у адзінстве, а ў хлебе наша жыццё:

— Міншчына — гэта сэрца нашай краіны, і сэрца заўсёды дорыць цяпло. У свяце прымаюць удзел усе працаўнікі вёскі. Я сёння з асаблівымі словамі падзякі хачу адзначыць нашых губернатараў, якія ў ранейшыя гады закладвалі аснову і падмурак гэтых вынікаў. Нашых ветэранаў працы, якія ўкладвалі сілы, розум, энергію ў развіццё Мінскай вобласці.
Іван Маркевіч заўважыў, што сёння маладое пакаленне глядзіць на сваіх папярэднікаў. Пераймаючы веды і вопыт, маладыя людзі дасягаюць высокіх вынікаў.
Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ
Фота Валерыя КАРТУЛЯ і БелТА