Top.Mail.Ru

Чым запомніцца XVІІІ Рэспубліканскі экалагічны форум

У імя экалагічна чыстай будучыні

У маштабным двухдзённым мерапрыемстве, якое арганізавана Мінпрыроды ў супрацоўніцтве з Мінаблвыканкамам і праходзіла ў Дзяржынскім раёне, прынялі ўдзел больш за 400 дэлегатаў ад рэгіёнаў, прадстаўнікоў прыродаахоўных ведамстваў, навуковых колаў, маладзёжных аб’яднанняў і іншых неабыякавых да прыроды грамадзян.

За час работы XVІІІ Рэспубліканскага экалагічнага форуму былі разгледжаны не толькі тэарэтычныя пытанні. У рамках другога дня быў адкрыты шэраг знакавых аб’ектаў раёна. Сярод іх — мадэрнізаваны гідралагічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння «Юцкаўская крыніца», рэканструкцыя якога была ініцыявана ў 2025 годзе з-за разбурэння моста да латкоў з крынічнай вадой.

— Гэта сапраўдны падарунак не толькі для жыхароў Дзяржынскага раёна, але і для мноства турыстаў з усёй Беларусі. Гэта крыніца не толькі чыстай пітной вады, але і частка нашай гісторыі, сімвал жыцця, прыроднай шчодрасці і дабрабыту, — падкрэсліў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей МАСЛЯК на цырымоніі ўрачыстага адкрыцця і асвячэння крыніцы. Ён таксама адзначыў, што ў добраўпарадкаванні яе тэрыторыі прынялі ўдзел працоўныя калектывы, прадстаўнікі дзяржаўных органаў і сілавых структур, а таксама неабыякавыя грамадзяне ўсіх узростаў.

  • Цяпер для наведвальнікаў экатурыстычнай жамчужыны Дзяржынскага раёна добраўпарадкавана аўтастаянка, устаноўлена крытая альтанка. Замест драўлянага насцілу — трывалая платформа, а латкі выкананы з нержавеючай сталі. На ўваходзе ў крыніцу з’явілася прыгожая каваная арка.

  • Былі адкрыты падчас форуму і экалагічная сцежка ў Дзяржынску, дзіцячая спартыўная пляцоўка «КРУТАгор’е», абноўлены экалагічны аб’ект «Гара Дзяржынская». Тут, на 345 м над узроўнем мора, на самым высокім месцы Беларусі, падвялі вынікі маштабнага рэспубліканскага мерапрыемства.

— Гэта былі добрыя два дні, напружаныя, поўныя цікавых дыскусій, сустрэч, уражанняў, эмоцый. Я ўпэўнены, што ўсе прапановы ў будучыні лягуць у аснову кіраўніцкіх рашэнняў, накіраваных на ахову навакольнага асяроддзя, — падзяліўся ўражаннямі аб форуме Сяргей Масляк і шчыра падзякаваў яго арганізатарам і ўдзельнікам.

— XVІІІ Рэспубліканскі экалагічны форум — гэта сапраўды значная старонка не толькі для Дзяржынскага раёна, але і для ўсёй Мінскай вобласці. Форум стаў пляцоўкай для канструктыўнага плённага дыялогу паміж прадстаўнікамі ўлады, бізнесу, навукі, грамадскіх арганізацый. Абмеркавалі актуальныя пытанні аховы навакольнага асяроддзя, захаванне біялагічнай разнастайнасці, наступствы змяненняў клімату і іншыя экалагічныя выклікі нашага часу, — адзначыў старшыня Дзяржынскага райвыканкама Мікіта РЭУТ. Ён падкрэсліў, што поспех агульнай місіі залежыць ад сумесных рашучых і скаардынаваных дзеянняў, і выказаў упэўненасць, што кожны ўдзельнік знайшоў новыя ідэі, карысныя ў яго практычнай дзейнасці.

Вызначана месца правядзення наступнага Рэспубліканскага экалагічнага форуму. У 2027 годзе яго прыме Магілёўская вобласць.

Александрына ПАРШЫНА

фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю