Культурная праграма ХХІV Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі шчыра парадавала насычанасцю і разнастайнасцю. Для дзяцей і дарослых быў распрацаваны шэраг мерапрыемстваў — ад майстар-класаў па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, цікавых гульняў і вясёлых імпрэз да пазнавальных выставачных праектаў, лірычных канцэртаў і цёплых сустрэч.
— Ужо другі год мы практыкуем перадфестывальныя тыдні, якія дазваляюць ахапіць больш шырокае кола людзей. Сёлета ўжо 10 чэрвеня стартавалі перадфестывальныя мерапрыемствы, самым запамінальным з якіх можна назваць «Майскі вальс» з удзелам як прафесійных духавых аркестраў, так і народных, аматарскіх калектываў. Лейтматывам імпрэзы стала тэма 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Адкрыццё і закрыццё фестывалю былі прысвечаны памяці выдатных беларускіх культурных дзеячаў — паэту-песенніку Алегу Елісеенкаву і мастацкаму кіраўніку ансамбля «Песняры» Уладзіміру Мулявіну,— расказала галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Маладзечанскага раённага выканаўчага камітэта Аксана Курчына.
Алег Елісеенкаў многа ўвагі надаваў фестывалю ў Маладзечна і ўсяму беларускаму музычнаму мастацтву. Са сцэны амфітэатра прагучалі вядомыя творы аўтара ў выкананні салістаў Будучыня за маладымі
Самай напружанай і багатай на інтрыгу часткай фестывалю стаў Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Рэпертуар удзельнікаў сёлета вылучыўся разнастайнасцю. Гледачы і журы пачулі як кампазіцыі сучасных беларускіх аўтараў, так і даўно забытыя матывы мінулага. Нагадаем, што ў абласным этапе ўзялі ўдзел 145 творцаў. Самымі актыўнымі канкурсантамі сталі прадстаўнікі Гродзенскай і Мінскай абласцей. У заключным этапе ў Маладзечне выступілі 20 выканаўцаў.
Па словах старшыні журы конкурсу, мастацкага кіраўніка і галоўнага дырыжора Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі імя М. Я. Фінберга Максіма Рассохі, удзельнікі сёлетняга музычнага спаборніцтва парадавалі разнастайнасцю твораў, але выбраць пераможцу было складана. Да апошняга захоўвалася інтрыга як сярод гледачоў, так і сябраў журы: ці будзе ў гэтым годзе прэтэндэнт на гран-пры?
Аднак сумненні не апраўдаліся, і гран-пры, а таксама галоўны прыз Уладзіміра Мулявіна — крыштальную гітару — атрымала ўдзельніца з Мінскай вобласці Ганна Варанко. Першае месца прысуджана канкурсантцы з Гомельскай вобласці Лізавеце Свірыдавай, другое — падзялілі Наталля Ігнатава і Віталь Дроб з Мінска, трэцяе месца занялі Ангеліна Самалётава (Гомельская вобласць) і Сяргей Ганак (Віцебская вобласць).
«Прыгожыя вершы павінны стаць песнямі»
Як адзначыў міністр культуры Беларусі Руслан Чарнецкі, няма добрых песень без добрай паэзіі, а ў Беларусі вялікая колькасць выдатных аўтараў, якія пішуць на роднай мове. Па словах выступоўцы, прыгожыя вершы павінны стаць песнямі і ісці ў народ, каб людзі слухалі і падпявалі.
Літаратурная частка фестывалю таксама не расчаравала аматараў прыгожага слова. Праграма была насычана цёплымі сустрэчамі, паэтычнымі чытаннямі, якія вылучаліся пераемнасцю традыцый былых пакаленняў. У Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя М. Багдановіча адбылася імпрэза «Паэтычнае сугучча Беларусі», дзе падвялі вынікі паэтычнага конкурсу імя Міколы Мятліцкага.
— Бібліятэка з’яўляецца важным удзельнікам фестывалю. Штогод мы ладзім сустрэчы з выдатнымі беларускімі пісьменнікамі, а галоўная мэта нашай дзейнасці — папулярызаваць сучасную беларускую кнігу, давесці яе да ўважлівага чытача. Дзякуючы перадфестывальным дням значна пашырыўся шэраг літаратурных мерапрыемстваў — ад майстар-класаў да сустрэч з пісьменнікамі. Мы стараемся ахапіць розныя аўдыторыі: і дзяцей, і дарослых, а колькасць наведвальнікаў нашых імпрэз паказвае, што гэта ў нас атрымліваецца, — падзялілася дырэктар Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя М. Багдановіча Марыя Стасяловіч.
Сумесны праект Саюза пісьменнікаў і Нацыянальнай бібліятэкі нашай краіны «Літаратурны алімп Беларусі» таксама быў прадстаўлены ў рамках Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі.
Творчасць без бар’ераў
У Палацы культуры Маладзечна адкрыўся ўнікальны праект «Мастацтва без меж» творцы Аляксандра Пакацілы ў супрацоўніцтве з грамадскім аб’яднаннем «Беларускае таварыства інвалідаў». У дзяцінстве з-за трагічнага выпадку Аляксандр страціў слых, аднак гэта не перашкодзіла мастаку развіваць свае творчыя магчымасці і дзяліцца светапоглядам з астатнімі. Галоўная мэта выстаўкі — папулярызацыя інклюзіўнага мастацтва. Сваім прыкладам Аляксандр Пакаціла паказвае, што ў творчасці таксама няма бар’ераў.
У экспазіцыі былі прастаўлены жывапісныя работы майстра ў жанры пейзажа. Мастак імкнецца адлюстраваць вясковы каларыт з бяскрайнімі палямі і магутнымі лясамі. Творы Аляксандра Пакацілы, напоўненыя любоўю да роднай старонкі з яе спакоем, дораць гледачам пачуццё гармоніі і цеплыню ласкавай беларускай прыроды.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА
Фота БелТА