Top.Mail.Ru

Чым здзіў­ля­лі на між­на­род­най вы­стаў­цы BTІ-2025, якая прай­шла ў ста­лі­цы?

Спад­чы­на і тэх­на­ло­гіі

Нават не ведала, што ў нас у Беларусі столькі стыльных прадстаўніц прыгожага полу. І гаворка не пра паказы на подыуме. Сярод наведвальніц Міжнароднай выстаўкі-кірмашу па аптовым продажы тавараў лёгкай прамысловасці сёлета канцэнтрацыя стылю проста зашкальвала. Зрэшты, здзіўляцца няма чаму: форум сабраў у Мінскім міжнародным выставачным цэнтры людзей, для якіх мода і стыль — прафесія (ну, або, прынамсі, сфера цікавасці і вывучэння): мадэльераў і дызайнераў, прадстаўнікоў вядучых брэндаў і студэнтаў творчых ВНУ, якія будуць развіваць гэтыя брэнды ў далейшым. 49-я Міжнародная выстаўка-кірмаш па аптовым продажы тавараў лёгкай прамысловасці BTІ-2025 аказалася шмат у чым непадобнай да папярэдніх.

Пад знакам супрацоўніцтва

Упершыню гэтая выстаўка праходзіла ў інавацыйным будынку ММВЦ. Сёлета гэта абноўлены праект з шырокай галерэяй новых калекцый, насычаным дзелавым кантэнтам і імкненнем зірнуць свежым поглядам на сусветныя тэндэнцыі і ўласны шлях развіцця ў сектары вытворчасці моднага адзення, абутку і аксесуараў. Пра тое, што выстаўка сёлета асаблівая, казала, адкрываючы форум, старшыня канцэрна «Беллегпрам» Таццяна ЛУГІНА: «Імкнуліся адлюстраваць дзве тэмы. Тое, што захоўваем традыцыі, беражом культурную спадчыну, і тое, як укараняем сучасныя тэхналогіі, выкарыстоўваем новыя тканіны. Лёгкая прамысловасць Беларусі разумее сваё месца ў гэтым высокаканкурэнтным свеце».

Дарэчы, аб канкурэнцыі, якая ў сферы лёгкай прамысловасці была заўсёды, а сёння як ніколі высокая. Сваю прадукцыю на ВТІ, акрамя беларускіх 

прадпрыемстваў, прэзентавалі вытворцы з Расіі, Кітая, Узбекістана — усяго больш за 70 экспанентаў. І прывезлі яны на выстаўку, зразумела, найлепшае. Так што прыдзірліваму і патрабавальнаму сучаснаму модніку было з чаго выбіраць і з чым параўноўваць. Зрэшты, дэвіз сёлета — «Дыялог бізнесу і моды»: форум прайшоў ў кантэксце не жорсткай канкурэнцыі, а пад знакам супрацоўніцтва і калабарацыі. Таму і адкрыў форум паказ калекцыі «Прамень сонца залатога», сумесная работа Беларускага цэнтра моды і расійскага брэнда «Таржокскія залаташвеі». Сярод іншых флагманскіх праектаў была калекцыя канцэрна «МАЗ-СПОРТаўта: экіпіроўка новага ўзроўню», мерч для фіналістак конкурсу прыгажосці «Міс Беларусь-2025», Famіly Look ад беларускіх вытворцаў. Упершыню кейс-сесія беларускіх брэндаў прайшла ў фармаце нон-стоп-прэзентацыі.

Быць першымі

У сваёй прывітальнай прамове міністр прамысловасці Беларусі Андрэй КУЗНЯЦОЎ назваў беларускую лёгкую прамысловасць адным з брэндаў дзяржавы. А знакамітыя бела-

рускія брэнды ў нашай краіне (ды і ў краінах СНД) пералічыць хто заўгодна: «Элема», «Камволь», «Мілавіца», «Камінтэрн», «Калінка», «Купалінка», «Славянка»... Але заставацца брэндам пры такім багацці прапаноў, зразумела, няпроста. Што для гэтага трэба?

— Быць першымі, — адзначае прадстаўнік ААТ «Камінтэрн» спецыяліст па продажах Вікторыя Каршанкова. — Сачыць за тэндэнцыямі, інавацыямі і, вядома, за якасцю тканін і вырабаў. Гэта велізарны аб’ём працы, якая складаецца з многіх кампанентаў.

Вельмі важна рабіць акцэнт на інавацыі, распавяла маркетолаг СП ЗАТ «Мілавіца» Наталля Мігановіч. Прыклад — адна з калекцый, дзе ў найтанчэйшыя карункі ўплецены мікрапаеткі. Яшчэ адна інавацыя — фэшн-калекцыя, дзе ў малюнак вышыўкі ўкладваецца фальгіраванае палатно, і атрымліваецца галаграфічны эфект.

Калі казаць пра аксесуары, то перавагі беларусак падобныя да выбару еўрапейскіх модніц, расказала начальнік аддзела рэкламы ААТ «Галантэя» Ганна Шастак. «У гэтым сезоне асаблівы акцэнт — матэрыялам, формам і колеравай гаме ў вінных, шакаладных, шэра-карычневых, аліўкавых тонах. Таксама ёсць велюры з фактурамі: пад пітона, з анімалістычнымі прынтамі.

Ноу-хау — «касматыя» велюры. Такія «хуліганскія» сумкі дадаюць вобразу моднай гранжавасці, ствараюць расслаблены і прадумана-нядбайны вобраз. «А яшчэ „касматы“ велюр вельмі прыемны тактыльна, — кажа суразмоўца. — Тое, што трэба ў восеньскі дэпрэсіўны перыяд: пагладзіш пальцамі такую сумку — і, глядзіш, настрой палепшыцца».

Што датычыцца вячэрняй калекцыі сумак, то сёння гэта не толькі клатчы. Вячэрнія сумкі становяцца ёмістымі, а святочная «накіраванасць» падтрымліваецца за кошт элементаў дэкору і акцэнтнай фурнітуры.

Новы погляд

Асаблівая ўвага сёлета на ВТІ была ўдзелена беларускім брэндам, якія раней спажывец мог ацаніць толькі ў трэнд-парках або анлайн. Іх калекцыі можна было ўбачыць «ужывую» і нават прымераць. Некаторыя дызайнеры працавалі ў фармаце шоу-рума, большасць — у межах паказаў на подыуме. Напрамкі калекцый былі самымі рознымі: ад цалкам «насібельных» вобразаў да фармату «Мода як від сучаснага мастацтва».

— Прывезла на выстаўку сваю калекцыю «Савіцкія мадонны», — расказала кіраўнік Тэатра моды «Новы погляд» Мінскага дзяржаўнага каледжа лёгкай прамысловасці і комплекснай лагістыкі Святлана Івашына.

Калекцыя з вышыўкай у тэхніцы алмазнай мазаікі прымеркавана да 80-годдзя Вялікай Перамогі, патлумачыла вядомы дызайнер.

— Гэта вобраз Перамогі ў маім асабістым «прачытанні». Прысвечана калекцыя народнаму мастаку Міхаілу Андрэевічу Савіцкаму, яго творчаму і жыццёваму шляху. Мне хацелася расказаць пра яго людзям — у першую чаргу маладым, некаторыя з якіх наогул «не ў тэме». На маіх вырабах — жаночыя партрэты з палотнаў Савіцкага. Менавіта жаночым выявам у яго творчасці мастацтвазнаўцы ўдзяляюць мала ўвагі, а, між тым, яны вартыя навуковых прац. Так што гэта маё прысвячэнне жанчынам Перамогі — тым, хто змагаўся з фашызмам і аднаўляў краіну.

Застаецца дадаць, што моладзь, узаемадзеянне з ёй — з будучымі прафесіяналамі моды, ад дызайнераў да швачак, — было адным з прыярытэтаў сёлетняй выстаўкі ВТІ. Для школьнікаў і студэнтаў арганізоўваліся сустрэчы з дызайнерамі і майстрамі, дыялогавыя пляцоўкі. Бо мода і стыль — гэта не толькі пра тое, «чым папоўніць гардэроб у новым сезоне». Як адзначыла на сваёй лекцыі ў межах дзелавой праграмы форуму прадстаўнік Беларускага саюза дызайнераў Таццяна Фядосава, мода ў яе культуралагічным сэнсе — гэта асаблівая мова. Мова, на якой гаворыць эпоха.

Аляксандра Анцэлевіч

Фота Андрэя Пугача

Чытайце таксама: Модныя паказы, продаж навінак. Чым здзівіць галоўная фэшэн-выстава Беларусі BTI-2025

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю