Моладзь памятае
З самай раніцы па горадзе пайшло маштабнае шэсце пад назвай «Марш пераможцаў», прысвечанае 80-годдзю Вялікай Перамогі — яркі і патрыятычны пачатак Дзён моладзі.
І гэта лагічна і зразумела, бо «Славянскі базар» — фестываль культур, традыцый і павагі да гістарычнага мінулага. І нядзіўна, што ў гонар 80-годдзя Вялікай Перамогі моладзь вырашыла пачаць мерапрыемствы свайго дня з шэсця ў рамках акцыі «Беларусь памятае» з партрэтамі родных і блізкіх, пераможцаў. Маладыя людзі таксама ўсклалі кветкі да падножжа мемарыяльнага комплексу «Вызваліцелям Віцебска — савецкім воінам, партызанам і падпольшчыкам» на плошчы Перамогі. Гэта шчыры знак павагі да подзвігу тых, хто захаваў нашу Беларусь, прыкмета таго, што цяперашняе пакаленне разумее каштоўнасць гістарычнай праўды і ўскладае на сябе адказнасць за яе захаванне.
Далей па праграме моладзь чакаў сямейны марафон «Сям’я пераможцы», які аб’яднаў маладыя сем’і з усіх рэгіёнаў краіны. Падчас мерапрыемства ўдзельнікі размаўлялі і дзяліліся ўнікальнымі гісторыямі аб сваіх прадзедах-героях.
Прыемным падарункам для Віцебска ад байцоў студэнцкіх атрадаў у Год добраўпарадкавання таксама стала ўстаноўка ў батанічным садзе бюста яго заснавальніка — Леаніда Дзмітрыевіча Нікольскага, вядомага беларускага батаніка.
Мы разам!
А на Пушкінскай плошчы грыміць музыка і кружаць танцы. У рамках адкрыцця Дзён Саюзнай дзяржавы тут праходзіла свята казацкіх культуры і традыцый «Гуляй, фестывальная сталіца!»
Гарачы опэн-эйр прыйшоўся гасцям «Славянскага базару» да душы. Яны атрымалі вялікае задавальненне ад выступленняў беларускіх і расійскіх калектываў. Была магчымасць яшчэ паспрабаваць традыцыйныя казацкія стравы і ўбачыць адзенне і зброю розных часоў.
Перад выступленнем народнага ансамбля казацкай песні «Любо» ўдалося пагаварыць з яго салісткай Валянцінай ПІНАЕВАЙ з Луганскай Народнай Рэспублікі.
— Наш калектыў мае доўгую гісторыю — у снежні споўніцца 25 гадоў. Мы прывезлі свае аўтарскія казацкія песні, якія нараджаюцца ў ансамблі: у нас ёсць і аўтары, і выканаўцы гэтых песень. Музыку ў нас піша кіраўнік. Вельмі прыемна было ўбачыць Віцебск. Сустрэлі тут вельмі шмат цудоўных людзей. Фестываль — сапраўднае ўпрыгожванне горада, — сказала госця.



Заслужаныя ўзнагароды

Разам з тым учора адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў XXІІІ Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу «Віцебск», у якім сёлета ўдзельнічалі вакалісты з 14 краін.
Гран-пры конкурсу атрымала Амалія Сухан. Галоўны прыз ёй уручыў Прэзідэнт на ўрачыстым адкрыцці фестывалю. Першая прэмія дасталася ўдзельніку з Казахстана Мірасу Нагашыбаю. Другое месца падзялілі паміж сабой Мірэйль Макей з Мальты і Заур

Барагунаў з Расіі. Трэцюю прэмію журы прысудзіла Мацею Бешанджыеву з Балгарыі і Льву Смерціну з Малдовы. А спецыяльны прыз Выканаўчага камітэта СНД «Крыштальная нотка Садружнасці» — у Міланы Ардакян з Арменіі.
Паводле слоў першага намесніка Генеральнага сакратара СНД Ігара Петрышэнкі, фестываль «Славянскі базар» — самае знакавае мерапрыемства ў рамках супрацоўніцтва Садружнасці Незалежных Дзяржаў у сферы культуры.


Культурны код

Для аматараў больш сур’ёзных, акадэмічных мерапрыемстваў і проста знаўцаў айчыннай культуры ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, які размяшчаецца ў гарадской ратушы, адкрылася выстава «Культурная спадчына Беларусі» ад Музея беларускага мастацтва і культуры
Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У экспазіцыі — старажытныя праваслаўныя, каталіцкія і ўніяцкія іконы, традыцыйныя беларускія касцюмы, а таксама ручнікі.
Па словах загадчыка аддзела старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Барыса ЛАЗУКІ, работа над экспазіцыяй вялася каля паўгода.

— Калі мы вырашылі прыняць удзел у «Славянскім базары», то сутыкнуліся з пэўнымі цяжкасцямі. Гэта свята, дзе шмат песень і танцаў, а мы збіраліся паказаць сур’ёзныя акадэмічныя
рэчы. Тым не менш усё атрымалася, і цяпер вы можаце азнаёміцца з найбольш важнымі і знакавымі з’явамі ў нашай культурнай традыцыі, — адзначыў ён.
Акрамя таго, 11 ліпеня ў Віцебску пачаўся двухдзённы Фэст вулічнага мастацтва «На сямі вятрах», у праграме якога — безліч яркіх мерапрыемстваў. Завяршыўся ж чацвёрты фестывальны дзень гала-канцэртам «Гэта наша перамога» з удзелам Нацыянальнага Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь і Прэзідэнцкага аркестра Службы каменданта Маскоўскага Крамля Федэральнай службы аховы Расійскай Федэрацыі.

Фота аўтара і БелТА.