Top.Mail.Ru

Чым здзіўляе «Прадэкспа-2026»

Сярод тых, хто адкрываў выстаўку і ў ліку першых дэгуставаў на стэндах розныя прысмакі, быў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Юрый ГОРЛАЎ.



— З кожным годам нам адкрываюцца новыя экспартныя рынкі. Вядзецца таксама шчыльная работа з краінамі, якія на працягу многіх гадоў з’яўляюцца нашымі асноўнымі партнёрамі, а беларуская мяса-малочная прадукцыя прадаецца больш чым у 115 краін свету. Яе ведаюць усюды, таму сёння няма бар’ераў ці абмежаванняў па рэалізацыі, — падкрэсліў ён.

Міністр дадаў, што вялікая доля прадукцыі, якая рэалізуецца на экспарт, прыпадае на краіны СНД. Выбудаваны шчыльныя адносіны з Расіяй, таксама вядзецца работа па рэалізацыі мясной прадукцыі з Таджыкістанам, Узбекістанам, Кыргызстанам, Казахстанам і Грузіяй, дзе запатрабаваныя малочныя і сухія малочныя прадукты.

Акрамя таго, у распрацоўцы знаходзіцца шмат праектаў з Азербайджанам і іншымі краінамі, адзначыў Юрый Горлаў. Напрыклад, адна з беларускіх кампаній будуе птушкафабрыку ва Узбекістане, што сведчыць пра кааперацыю і стварэнне вытворчасцяў на тэрыторыі іншых дзяржаў. Гэта перспектыўны кірунак, які неабходна развіваць у далейшым, лічыць міністр.

Паводле яго слоў, летась па многіх пазіцыях былі дасягнуты рэкордныя паказчыкі як па раслінаводчай, так і па жывёлагадоўчай прадукцыі.

— І сёлета па асобных кірунках мы бачым далейшую станоўчую дынаміку. Па прагнозах, агульны намалот збожжа з улікам рапсу і кукурузы складзе больш за 11,5 мільёна тон. А тэмп росту валавой прадукцыі за 10 месяцаў бягучага года да ўзроўню мінулага года склаў больш за 105 працэнтаў. 

З улікам даручэнняў кіраўніка дзяржавы на наступныя гады выбудаваны стратэгіі па льнаводчай галіне, раслінаводчай і жывёлагадоўчай прадукцыі.


Салодкія эксперыменты

Традыцыйна адно з цэнтральных месцаў на выстаўцы займаюць экспазіцыі 15 падведамасных арганізацый канцэрна «Белдзяржхарчпрам». Сёлета такіх экспазіцый дзесяць.

— Мы з добрым настроем бяром удзел у гэтай падзеі, дэманструем свае найлепшыя напрацоўкі і асартымент прадукцыі, які традыцыйна радуе нашых пакупнікоў, а таксама навінкі, якія паказваем напярэдадні навагодніх свят і завяршэння сезона перапрацоўкі асноўных агароднінных культур і садавіны, — сказаў старшыня канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Алег ЖЫДКОЎ.

Паводле яго слоў, у працэсе перагавораў з партнёрамі канцэрн будзе шукаць новыя пункты росту, каб на наступны год атрымаць ад іх «дамашняе заданне» і далей працаваць над пытаннямі імпартазамяшчэння і выпуску прадукцыі з новымі смакамі. Таксама ў планах прадстаўнікоў «Белдзяржхарчпрама» — абмен інфармацыяй пра бягучы попыт на прадукцыю сярод спажыўцоў.

— Мы пастараемся для сябе яшчэ раз вызначыць тыя кірункі экспартных паставак, пакажам той экспартны патэнцыял, які існуе і якім мы валодаем, і, вядома, возьмем для сябе павышанае заданне, каб гэты рух пастаянна ішоў наперад як у колькасным, так і ў якасным выражэнні, — дадаў Алег Жыдкоў.


Ён таксама адзначыў, што кірунак па павышэнні ўдзельнай вагі айчынных тавараў у рэалізацыі на беларускім рынку — гэта асноўная задача, якая стаіць перад канцэрнам і прадпрыемствамі гандлю.

На стэндах арганізацый канцэрна можна знайсці шмат цікавых навінак. Так, «Чырвоны харчавік» прадставіў адразу некалькі нестандартных прысмакаў, сярод якіх два новыя віды зефіру: бруснічны з перцам і лімонны з імбірам, а яшчэ пасціла з пармезанам і грушай. «Спартак» таксама не адставаў ад трэндаў і здзівіў наведвальнікаў выстаўкі пячэннем з натуральным цёртым пармезанам.

— Тэхнолагі на прадпрыемствах усё больш і больш эксперыментуюць са смакамі, не баяцца гэтага рабіць. Гэта адбываецца пад уплывам трэндаў і модных кірункаў, якія сёння задаюцца ў сацыяльных сетках. Гэтыя смакі самі па сабе ці ў спалучэнні з’яўляюцца ўнікальнымі, таму выклікаюць дадатковую цікавасць да тых традыцыйных прадуктаў, якія мы вырабляем. Тым самым мы падтрымліваем трэнд, каб не адставаць ад таго, што адбываецца ў свеце харчовай індустрыі, — пракаменціраваў Алег Жыдкоў.


Экзатычныя акцэнты

Малочныя і мясныя прадпрыемствы Беларусі зрабілі акцэнт на здаровым харчаванні, функцыянальных прадуктах з высокім утрыманнем бялку і экзатычных навінках. Так, у малочным сектары галоўным адкрыццём стала рэдкае фермерскае кабылінае малако з Лагойскага раёна, а такія флагманы галіны, як «Малочны Мір», «Беллакт» і Мінскі малочны завод № 1, прэзентавалі безлактозныя і пратэінавыя лінейкі, вытрыманыя сыры. У мясной галіне вылучылася Гомельская птушкафабрыка, якая прадставіла парцыённую кансерву «Зарад бялку», што змяшчае 45 грамаў бялку ў адной бляшанцы!

Замежнікі з задавальненнем дэгуставалі нашу прадукцыю, рабілі фота і здымалі відэа. Нам удалося пагутарыць з супрацоўнікам гандлёвага прадстаўніцтва пасольства В’етнама ў Беларусі Нгуенам Хак Тай Анем.

— Я нарадзіўся ў Беларусі і цяпер фактычна жыву на дзве краіны. Вельмі люблю вашу малочную прадукцыю і каўбасы. Яны заўсёды вызначаюцца натуральным складам і нязменна высокай якасцю, аналагаў якой складана знайсці. Калі прыязджаю ў В’етнам, заўсёды стараюся прывезці родным і сябрам беларускія сыры ці сыравэнджаную каўбасу ў якасці найлепшага гасцінца. А на выстаўцы мы, у сваю чаргу, прадстаўляем шырокі асартымент традыцыйных тавараў з В’етнама, каб пазнаёміць з імі беларускіх спажыўцоў, — падзяліўся ён.


Дарэчы, в’етнамскі стэнд — толькі частка багатай замежнай палітры форуму. Азіяцкі каларыт на выстаўцы падтрымалі дэбютанты гэтага года з Кітайскай Народнай Рэспублікі і Рэспублікі Карэя. Госці з Азіі прывезлі ў Мінск традыцыйныя чаі і каву, аўтэнтычныя спецыі і соусы, бакалею, перапрацаваную садавіну і сучасныя харчовыя інгрэдыенты.

Самую маштабную замежную экспазіцыю традыцыйна разгарнулі 13 рэгіёнаў Расіі — ад Калінінграда да Омска, уключаючы Татарстан і Башкартастан. Расійскія вытворцы прадставілі рэгіянальныя далікатэсы, фермерскія сыры, натуральныя прысмакі і крафтавыя паштэты ручной работы.

Адметна і тое, што акрамя дэгустацый на стэндах запланавана насычаная дзелавая і конкурсная праграма. У іх ліку — форум «Кааперацыйнае ўзаемадзеянне ў рамках СНД», Міжнародны кулінарны кубак, чэмпіянат кандытарскага мастацтва, агляды якасці «Смаката» і «Кандытарскі Алімп», а таксама галоўная прэм’ера гэтага года — конкурс «Найлепшы торт роднай краіны» з адкрытай дэгустацыяй работ.

Лізавета ГОЛАД, фота аўтара


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю