На Дзень адкрытых дзвярэй ў Пінскі дзяржаўны аграрны тэхналагічны каледж прыйшлі вучні старэйшых класаў з Пінска і Пінскага раёнаў, былі таксама бацькі і настаўнікі патэнцыяльных абітурыентаў. Гасцей чакалі, таму загадзя падрыхтавалі праграму, якая нікому не дазволіла сумаваць.
Дырэктар навучальнай установы Мікалай Вакульчык выступіў з кароткай прэзентацыяй каледжа, які сёлета адзначыў 80-годдзе з дня ўтварэння. Равеснік Перамогі па праве ганарыцца выпускнікамі. У іх шэрагах — сотні людзей, што сваімі справамі стваралі і ствараюць дабрабыт нашай краіны. Сярод выпускнікоў — вучоныя, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый аграпрамысловага комплексу і перапрацоўчай прамысловасці, вядомыя не толькі ў Брэсцкай вобласці, але і ва ўсёй краіне. Напрыклад, гендырэктар ААТ «Савушкін прадукт» Аляксандр Саўчыц.
— Мы ажыццяўляем выпуск па пяці запатрабаваных на рынку працы спецыяльнасцях: «Ветэрынарная медыцына», «Вытворчасць прадукцыі жывёльнага паходжання», «Вытворчасць мясной і мясаўтрымліваючай прадукцыі», «Вытворчасць малочных прадуктаў», «Тэхнічная эксплуатацыя абсталявання харчовых вытворчасцяў». Акрамя таго вядзецца падрыхтоўка па шэрагу рабочых прафесій — паведаміў Мікалай Вакульчык. — Сацыяльнае партнёрства ажыццяўляецца з 19 арганізацыямі-заказчыкамі кадраў.
Дарэчы, два з іх, магчымых наймальнікаў, адкрытыя акцыянерныя таварыствы «Ласіцк» і «Ахова», прынялі ўдзел у мерапрыемстве. Сельгаспрадпрыемства «Ахова» нават дапамагло арганізаваць у гэты дзень лакацыю пад назвай «прафесійныя пробы». Аграрыі прывезлі карову, каб будучыя абітурыенты маглі ўявіць сабе некаторыя аспекты работы з жывёлай. Перад гэтым ім шмат чаго паказалі ў лабараторыі. А тут яны атрымалі магчымасць пад кіраўніцтвам спецыялістаў і студэнтаў пакарміць карову, ацаніць якасць корму, правесці прасцейшыя ветэрынарныя маніпуляцыі. Некаторых гэта прывяло ў захапленне, бо асобныя гарадскія старшакласнікі вось так блізка бачылі карову ўпершыню. Удзельнічалі ў гэтым майстар-класе таксама насельнікі жывога кутка — сабачка, кот, чарапаха.
На асобнай пляцоўцы пярвічная арганізацыя БРСМ каледжа арганізавала для гасцей прэзентацыю не толькі грамадскіх арганізацый, але і шэрагу добрых спраў, паказалі цікавае жыццё навучальнай установы, расказалі пра работу студатрадаў, мастацкую самадзейнасць, музейны пакой і пошукавую работу.
Як адзначыў намеснік дырэктара каледжа Вадзім Лекуновіч, старшакласнікаў, іх законных прадстаўнікоў вельмі зацікавіла экскурсія ў вучэбныя класы і лабараторыі: «Там ім расказалі пра сучасны працэс навучання, які абапіраецца на інавацыйную і эксперыментальную дзейнасць, супрацоўніцтва з іншымі навучальнымі ўстановамі, у тым ліку і міжнароднае. Напрыклад, на тэхналагічным аддзяленні навучэнцы пад кіраўніцтвам педагогаў распрацоўваюць новыя рэцэптуры мясных і малочных прадуктаў, выпрацоўваюць іх ва ўмовах лабараторыі і прадстаўляюць на дэгустацыях. Удзельнічаюць у розных конкурсах, прывозяць узнагароды».

За паступленне ў каледж агітаваў таксама дацэнт Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны Яраслаў Яромчык. Яраслаў Пятровіч — выпускнік Пінскага аграрнага тэхналагічнага каледжа. Ён згадаў, як навукова-даследчая дзейнасць у каледжы ў свой час дапамагла яму ў авалодванні спецыяльнасцю і паспрыяла вызначэнню шляху далейшай адукацыі і прафесійнага развіцця.
Дзень адкрытых дзвярэй на гэты раз сабраў у каледжы больш за 130 вучняў старэйшых класаў. Мерапрыемства атрымалася не толькі інфармацыйна-насычаным, але і напоўненым рознымі актыўнасцямі, таму прайшло на адным дыханні.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Фота Пінскага аграрнага тэхналагічнага каледжа