Top.Mail.Ru

Чым здзівіць новая прэм’ера «Беларусьфільма»

Пераломны момант у нашым кіно?


Увечары 27 лістапада стартуе шырокі пракат спартыўнай драмы «Пераломны момант». Ігравы фільм рэжысёра Дзмітрыя Сарокі пакажуць у кінатэатрах па ўсёй краіне. Варта адзначыць, што першымі паглядзець кінаработу некаторыя змаглі ў рамках сёлетняга Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад», дзе «Пераломны момант» быў фільмам адкрыцця, а таксама ўдзельнічаў у конкурснай праграме «Кіно маладых». Кінастужка паспела ўжо не толькі скарыць сэрцы першых гледачоў, але і атрымала ацэнку прафесіяналаў. Так, на кінафоруме фільм адзначылі Спецыяльным прызам краін СНД «Кіно без меж», а ў конкурсе прафесійнае журы прысудзіла яму дыплом «За выхаванне волі і ўпартасці ў моладзі».

Глядзець глыбей і маштабней

— Мы з камандай зрабілі ўсё магчымае, каб здзівіць гледача. Наш фільм — гэта нетыповае кіно ад Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм». Мы зрабілі вялізны акцэнт менавіта на візуальным і эстэтычным складніку і паказалі тую Беларусь, якой яшчэ ніхто не бачыў, — падзяліўся напярэдадні прэм’еры рэжысёр Дзмітрый САРОКА. — З такой прэтэнзіяй мы падыходзілі да фільма ў тым, што датычыцца мастацкіх рашэнняў, колеравай карэкцыі, аператарскай работы і нават сюжэта. Атрымалася глыбокае кіно, якое разам з тым максімальна дынамічнае (жанр у нас спартыўная драма), і, спадзяюся, мы зможам здзівіць гледача. 

Фільм сапраўды ўражвае глыбінёй, танальнасцямі, атмасферай і асаблівым драйвам, які прысутнічае ў акадэмічным веславанні, як у спорце. І ўсё гэта па-майстэрску перададзена рэжысёрскай, аператарскай, акцёрскай работай... Але разглядаць «Пераломны момант» варта не толькі праз прызму «асоба ў спорце», а нашмат глыбей і маштабней, як само жыццё, дзе мы перамагаем і робім памылкі, страчваем і набываем, сталеем і змяняемся, але працягваем рухацца...

Радасна, што кінастужка зроблена ў Беларусі і поўнасцю беларускай камандай. Прычым здзейсніць задуманае ўдалося за дзесяць месяцаў. І можна гарантавана сказаць: дзве гадзіны за праглядам фільма праляцяць як адно імгненне, а асалоду вы адчуеце ад кожнага кадра. Бо эстэтычнае спалучэнне сюжэтных ліній, атмасферных лакацый і настрою ў кадры, якія маюць выдатнае музычнае суправаджэнне, палоняць і трымаюць у сваіх «абдымках» аж да фінальных цітраў.

Поспех — толькі тут і цяпер

І змяніцца ўсё можа ў любое імгненне. Што і здарылася з галоўным героем Арцёмам Савічам (Міхаіл Цуба) — 14-гадовым падлеткам, які вучыцца ў прэстыжнай гімназіі і з’яўляецца мясцовай зоркай акадэмічнага веславання. Але раптам — правал на спаборніцтвах, траўма і вось хлопец імгненна страчвае славу, каманду, сяброў. Аднак наш герой не страчвае веры ў свае сілы і ставіць сабе мэту — стварыць новую каманду з зусім, здавалася б, неспартыўных гімназістаў. Вось той самы наглядны прыклад, калі чалавеку лёс дае шанц, а далей ужо патрэбны выбар і канкрэтныя крокі па дасягненні пастаўленых мэт. Наглядна паказана ў фільме ў тым ліку тэндэнцыя ацэньваць падзею павярхоўна, не ўнікаючы ў сутнасць, на што вялікі ўплыў аказваюць сацыяльныя сеткі. Фільм адрасаваны ў першую чаргу падлеткавай аўдыторыі, і рэжысёр патлумачыў, што «Пераломны момант» ён з камандай імкнуўся максімальна наблізіць да тых праблем, якія ёсць у сучасных падлеткаў: «Мне ў гэтым вельмі дапамаглі мае акцёры на здымачнай пляцоўцы. Мы стараліся, каб усё было максімальна рэалістычна. Разам з тым імкнуліся ўзняць праблемы, якія хвалююць падлеткаў, але пра іх мала хто задумваецца. Ім складаней, чым дарослым, таму што ўсе іх паражэнні зараз публічныя, ва ўсіх на вачах. І няпроста знайсці сябе ў прасторы сацыяльных сетак, дзе ва ўсіх — поспех, а ў цябе — не».

Знайсці сваіх і зрабіць новы крок

Такая задачка з зорачкай, калі хочаце, у фільме паўстае перад шэрагам герояў. Назіраючы ў кадры за дзеяннямі персанажаў, прычым розных пакаленняў, глядач спачатку можа здзіўляцца, але пасля і натхніцца той самай упартасцю і смеласцю, якія бачыць на экране. У нейкі момант нават на адмоўных герояў ужо не так востра рэагуеш, разумеючы, што яны даюць стымул не сыходзіць з намечанага шляху. У гэтым сюжэтным супрацьстаянні задзейнічаны як маладыя акцёры, сярод якіх — Міхаіл Цуба, Дзяніс Серыкаў, Раман Навумовіч, Назар Рэут, Марыя Налецкая, так і іх вопытныя калегі па цэху — Павел Адамчыкаў, Валерыя Арланава, Віктар Рыбчынскі і іншыя таленавітыя артысты. Шукаць сваіх людзей, адстойваць тое, у што верыш, — гэта заўсёды адказнасць. Яе не пабаяліся ні героі кінастужкі, ні самі яе стваральнікі.

Фільм «Пераломны момант» — дэбютная работа рэжысёра Дзмітрыя Сарокі ў ігравым кіно, але гучыць яна як годны працяг гісторыі нашага кінематографа, які ўвайшоў у новы век свайго існавання. І гэта абнадзейвае, што ўбачым яшчэ кіно, зробленае беларусамі і ў Беларусі. Пакуль жа хочацца пажадаць кінастужцы шчаслівага пракатнага і фестывальнага лёсу. 

Алена ДРАПКО

Чытайце таксама: Аўтары фільма «Пераломны момант» рыхтуюць да шырокага паказу на вялікім экране больш удасканаленую версію

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю