Паводле вынікаў пасяджэння Найвышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы ў Маскве, галоўны дырыжор Нацыянальнага Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь Віталь Кульбакоў адзначаны прэміяй Саюзнай дзяржавы за стварэнне канцэртных праграм, якія ўмацоўваюць сяброўства, культурныя сувязі і ўсебаковае супрацоўніцтва Беларусі і Расіі.

Статус Нацыянальнага Прэзідэнцкі аркестр атрымаў летась. Выступленні праходзяць з аншлагам, калектыў па-сапраўднаму любяць. Усё, што б ён ні ствараў, можна назваць адным словам — «прафесіяналізм». Дырыжыруючы «чароўнай» палачкай (падчас рэпетыцый і алоўкам, каб адразу нешта пазначаць у нотах), такі энтузіяст і фанат (у добрым сэнсе) музыкі, як Віталь Кульбакоў, зараджае музыкантаў новымі ідэямі і сваёй творчай энергіяй. Мы сустрэліся з лаўрэатам у Палацы Рэспублікі ў працоўным кабінеце, сцены якога ўпрыгожваюць афішы: спектаклі, канцэрты, сольныя праекты. На гэтым тыдні аркестр пачаў рэпетыцыі новай праграмы «Найлепшыя саўндтрэкі. Перазагрузка» (канцэрт запланаваны на 14 мая). А сёння бярэ ўдзел ва ўрачыстым мерапрыемстве ў сталіцы да 8 Сакавіка. Цікава, што на канцэрце Віталь Кульбакоў будзе дырыжыраваць пэндзлем, бо паўстане ў вобразе мастака і будзе... маляваць карціны. Пагадзіцеся, вельмі арыгінальна!
У чаканні юбілею...
— Не хачу пакрыўдзіць іншыя музычныя калектывы, але наш, на маю думку, самы сучасны і ўніверсальны, бо ў нас так шмат мерапрыемстваў (120 у год), што мы вельмі хутка перастройваемся і можам выканаць любую задачу, — з гонарам кажа дырыжор. — Музыканты нашы ўніверсальныя, бо мы выконваем самую розную музыку — і эстрадную, і акадэмічную. Думаю, усе яшчэ памятаюць навагодні літаратурны баль з удзелам кіраўніка дзяржавы ў Палацы Незалежнасці, дзе гучала класічная музыка ў нашым выкананні. А наперадзе нас чакаюць канцэрты «Музыка вялікага горада: Джаз»,
«Музыка вялікага горада: Атмасфера» (29 і 30 красавіка адпаведна). Наогул, на любыя сучасныя тэндэнцыі мы рэагуем адразу. Вельмі многа праграм ствараецца сумесна з тэатрамі, ёсць і ўласныя праекты. Сярод самых любімых — дзіцячыя канцэрты, бліжэйшы 21 сакавіка — «Чароўныя мелодыі: ад Саюзмультфільма да Дыснея». Заўсёды прыемна чуць дзіцячы смех і бачыць, як публіка рэагуе на нашы прыдумкі. І вядома, не магу не згадаць феномен рок-оперы «Граф Монтэ-Крыста», якую мы робім з Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатрам імя Горкага. Хоць гэта Палац Рэспублікі, дзе вельмі многа месцаў, білеты раскупляюцца за тыдзень, таму магу паставіць гэтую пастаноўку ў адзін рад з любімай многімі рок-операй «Юнона і Авось».
У наступным годзе аркестр будзе святкаваць 25-годдзе. І калектыў ужо рыхтуецца да гэтай падзеі. За час існавання ён набыў вялікі вопыт супрацоўніцтва як з беларускімі, так і замежнымі зоркамі, сярод якіх, напрыклад, Эніа Марыконэ, Мішэль Легран.
Калі казаць мовай лічбаў, на дадзены момант у Нацыянальным Прэзідэнцкім аркестры працуе 56 музыкантаў (наогул разам з адміністрацыяй, дырыжорамі, гукарэжысёрамі, касцюмерамі, машыністамі сцэны, рэдактарамі і іншымі супрацоўнікамі поўны штат складае больш за 70 чалавек).
— У нашым калектыве не бывае выпадковых людзей, бо так званыя «не свае» людзі не прыжываюцца. Рэдка, але здараюцца выпадкі, калі хтосьці проста не вытрымлівае нашага тэмпу, хоць да нас прыходзяць, вядома, самыя таленавітыя, — тлумачыць галоўны дырыжор. — Моладзь звычайна ўваходзіць у калектыў за пару месяцаў. Натуральна, хтосьці сыходзіць у дэкрэтны адпачынак, хтосьці пераходзіць у іншыя калектывы: самы зорны, куды адправіўся наш музыкант, — аркестр Марыінскага тэатра. Лічу гэта нармальным: творчы чалавек хоча развівацца. Але я ганаруся, што ў нашым калектыве ёсць і «дыназаўры», якія працуюць тут ужо больш за 20 гадоў: Алена Дулебянец, Ларыса Лапко (абедзве віяланчэль), Дзмітрый Пішчык (труба), Андрэй Маўрын (ударныя), Ганна Міркас, Ганна Тумаш (абедзве скрыпка), Сяргей Лапко (саксафон), Наталля Альфяровіч (альт) і іншыя.
Віталь Кульбакоў працуе ў аркестры амаль з моманту заснавання. Дату першай рэпетыцыі (20 студзеня 2003 года) помніць і сёння, бо лічыць яе знакавай — гэта дзень нараджэння маці.
— Спачатку быў трамбаністам, у 2005-м стаў дырыжорам, з 2019-га — галоўным дырыжорам, — згадвае музыкант. — Ганаруся, што ніводны канцэрт не падобны на іншы, мы робім розныя аранжыроўкі, імкнёмся прыдумаць нешта сваё. Карпатлівая праца, музычная дысцыпліна і жаданне не стаяць на месцы і адрозніваюць нас ад іншых калектываў. Як толькі завяршылі адну праграму, адразу пачынаю думаць пра іншую, у мяне вельмі многа ідэй.
Аб супрацоўніцтве ў межах Саюзнай дзяржавы
У Віталя Кульбакова на працягу пяці гадоў была мара — выступіць на адной сцэне з заслужаным артыстам Расійскай Федэрацыі, начальнікам аркестра — галоўным ваенным дырыжорам Прэзідэнцкага аркестра Службы каменданта Маскоўскага Крамля ФСА Расіі Яўгенам Нікіціным і яго калектывам. Аднак сумясціць графікі і стварыць сумесную праграму было не так проста. І нарэшце летась ідэю ўдалося ажыццявіць у межах гала-канцэрта «Саюзная дзяржава запрашае» з праграмай «Гэта наша перамога!» на «Славянскім базары ў Віцебску».

Знакавым праектам галоўны дырыжор называе і ўдзел у канцэрце, прысвечаным 83-годдзю Сталінградскай бітвы ў Валгаградзе, які на дзень зноў стаў Сталінградам.
— Гэта быў настолькі душэўны прыём, нас сустракалі з хлебам-соллю, вельмі душэўнай была і сама праграма, планку гэтай гасціннасці яшчэ не пераўзышоў, пэўна, ніхто, хоць мы вельмі многа гастралюем і шмат чаго бачылі, — прызнаецца Віталь Кульбакоў.
Сярод самых яркіх праектаў і Дні Мінска ў Маскве, канцэрты Алсу і Валерыі ў Мінску. Але па-сапраўднаму знакавым для папулярызацыі расійскай музыкі Віталь Рыгоравіч лічыць канцэрт да 150-годдзя Сяргея Рахманінава.
— У нашым калектыве працуе піяніст Аляксандр Данілаў, у рэпертуары якога Другі і Трэці канцэрты Рахманінава, таму ў нас і ўзнікла ідэя размеркаваць матэрыял такім чынам, каб атрымалася ажно два адзяленні, — распавядае
галоўны дырыжор. — Выканаць такое сапраўды вельмі няпроста маральна, бо там вельмі складаная партытура, дзе патрэбна пастаянна выкладвацца не толькі фізічна, але і энергетычна. І для нас гэта была новая высокая планка!
Віталь Кульбакоў адзначае і супрацоўніцтва з Сяргеем Валчковым, сольны канцэрт якога адбыўся ў Крамлёўскім палацы ў 2024 годзе.
— 16 красавіка мы пакажам праграму «Муслім Магамаеў. Памяці вялікага спевака. „Ты мая мелодыя“», і адным з салістаў якраз будзе Сяргей Валчкоў, наш зямляк і заслужаны артыст Расіі, — анансуе яшчэ адзін канцэрт дырыжор.

Вядома, супрацоўніцтва з расійскім бокам значна большае, таму відавочна, чаму Віталь Кульбакоў адзначаны на ўзроўні Саюзнай дзяржавы. Але сам ён лічыць: гэта ўзнагарода агульная з калектывам, бо аркестр не можа гучаць як адзіны арганізм без свайго дырыжора, а той не можа служыць музыцы без аркестра.
— Аб узнагародзе я даведаўся, калі ацэньваў выступленні самадзейнасці на МТЗ. Мне адзін за другім пачалі прыходзіць віншаванні, — згадвае Віталь Кульбакоў. — Спачатку нават не зразумеў, з чым віншуюць, бо творчы чалавек настолькі заняты, што не жыве чаканнямі прэміі, хоць пра намініраванне я, безумоўна, ведаў. Зразумела, вельмі ўдзячны і ганаруся тым, што дзейнасць нашага калектыву ацэнена на такім высокім узроўні. Буду чакаць, калі атрымаю ўзнагароду на «Славянскім базары ў Віцебску» ад кіраўніка нашай дзяржавы. Гэта сапраўды вельмі пачэсна!

Ірына ПРЫМАК
Фота даслана Нацыянальным Прэзідэнцкім аркестрам Рэспублікі Беларусь