Ахвярай чарговай фэйкавай крамы па рэалізацыі чырвонай рыбы стала 35-гадовая жыхарка Барысава. Жанчына паведаміла ў РУУС, што праз папулярную сацсетку хацела набыць 5 кг рыбных далікатэсаў па прывабнай цане. Пакупніца ацаніла прыгожую карцінку, звярнула ўвагу на значную колькасць падпісчыкаў і водгукі, якія ўсыпілі пільнасць. Гараджанка пералічыла грошы па прадстаўленых рэквізітах, пасля чаго прадавец перастаў выходзіць на сувязь. Узбуджана крымінальная справа.
У міліцыі нагадалі, што ашуканцы арыентуюцца на павышаны попыт грамадзян пры падрыхтоўцы да Каляд і Новага года, асабліва ў частцы святочнага меню. У прыватнасці, гаворка аб дарагой рыбе, ікры і іншых марскіх далікатэсах.
«Каб абараніцца ад падману, варта купляць прадукты толькі на правераных сайтах буйных гандлёвых сетак або ў афіцыйных крамах з аплатай пры атрыманні. Галоўная прыкмета падману — занадта нізкая цана на далікатэсы, а таксама маркеры „распродаж“ або „ліквідацыя склада“. Неабходна захоўваць пільнасць у сацсетках: акаўнты з тысячамі падпісчыкаў і прыгожымі карцінкамі лёгка купляюцца або накручваюцца — гэта не гарантыя сумленнасці. Не пераходзьце па падазроных спасылках: калі прадавец адпраўляе вас у месенджары па спасылцы для „афармлення бяспечнай дастаўкі“ або „аплаты“, з вялікай верагоднасцю гэта фішынг», — падкрэслілі ва УУС.