Top.Mail.Ru

«Чысціня і парадак сталі ўжо нацыянальным брэндам»

Указ кіраўніка дзяржавы аб абвяшчэнні 2025-га Годам добраўпарадкавання актыўна абмяркоўваецца ў рэальнай і віртуальнай прасторах. Галоўны пасыл гэтага ўказа блізкі без перабольшвання кожнаму чалавеку: мы ж хочам жыць у чыстай прыгожай краіне, ганарыцца ёй. Карэспандэнты «Звязды» сабралі меркаванні людзей, ад якіх у многім і залежыць, як будзе рэалізоўвацца ўказ. Зрэшты, добраўпарадкаванне — справа ўсіх і кожнага, а не толькі дзяржавы.


«Мы ўсе павінны зрабіць свой унёсак»

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка гаварыў аб указе на пачатку пасяджэння Палаты, акцэнтаваўшы на гэтым увагу дэпутацкага корпуса:

— Мы ўступілі ў новы заканадаўчы год, у якім трэба будзе вырашаць шмат найважнейшых дзяржаўных задач. Кіраўніком дзяржавы падпісаны Указ нумар адзін, у адпаведнасці з якім гэты год аб’яўлены Годам добраўпарадкавання ў нашай краіне. Задача дэпутатаў — не толькі самім актыўна ўдзельнічаць у навядзенні парадку на месцах, але і ўцягнуць грамадзян у гэты працэс. 

Мы ўсе павінны зрабіць свой унёсак ва ўладкаванне інфраструктуры населеных пунктаў (і гарадоў, і сельскіх населеных пунктаў), стварэнне камфортнага асяроддзя, развіццё пасёлкаў, вёсак, аграгарадкоў, азеляненне сквераў і двароў, паляпшэнне знешняга выгляду тэрыторый, добраўпарадкаванне вакол чыгуначных і аўтамабільных трас. 

Урадам будзе зацверджаны рэспубліканскі план правядзення мерапрыемстваў па тэматыцы года. Дэпутаты ўнясуць свае прапановы па мерапрыемствах, у якіх возьмуць удзел.

Ініцыятывы людзей у дапамогу

Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па экалогіі і прыродакарыстанні Жанна Чарняўская лічыць, што ў рэалізацыі ўказа актыўны удзел возьмуць грамадзянскія ініцыятывы:

— Мы ўсе павінны разумець, што трэба не толькі спадзявацца на бюджэт і дзяржаўнае фінансаванне, але і пачынаць з сябе. У першую чаргу, калі мы кажам аб добраўпарадкаванні і якасці нашага жыцця, мы маем на ўвазе камфорт, умовы, якія мы ствараем самі вакол сябе. І, натуральна, пачынаючы з маленькіх крокаў, забяспечваючы добраўпарадкаванне і камфортныя ўмовы пражывання для сябе, мы даём штуршок да развіцця і працы ў гэтым кірунку на сваіх прадпрыемствах, у працоўных калектывах. Апошнім часам вялікі ўпор робіцца на развіццё валанцёрскіх і грамадзянскіх ініцыятыў, калі людзі самі ініцыіруюць пэўныя праекты. Добраўпарадкаванне і навядзенне парадку вакол сваёй тэрыторыі, домаўладання і з’яўляецца такой ініцыятывай. Таму, упэўнена, Год добраўпарадкавання падштурхне развіццё грамадзянскіх ініцыятыў, да навядзення парадку вакол сябе.

Вопыт па добраўпарадкаванні назапашаны багаты

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Алег Дзячэнка падкрэсліў: дакумент носіць комплексны, усёабдымны характар і ўлічвае абсалютна ўсе кірункі: ад азелянення тэрыторый, асвятлення вуліц, рамонту вулічна-дарожнай сеткі, уладкавання прыпыначных пунктаў да падтрымання парадку ў лесе, уключэння ў гаспадарчы абарот зямельных участкаў, што не выкарыстоўваюцца, і санітарнай ачысткі паверхневых водных аб’ектаў.

— Пры гэтым вельмі важна, што ўказ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прадугледжвае рэалізацыю мерапрыемстваў і па іншых, не ўключаных у пералік аб’ектах, аб якіх найлепш ведаюць людзі і ўлады на месцах. Таму справа будзе адказная, — акцэнтаваў увагу парламентарый. — Нам усім неабходна мабілізавацца і, як кажуць беларусы, талакой, дружна ўзяўшыся за працу, зрабіць навакольны свет больш чыстым і прыгожым — для сябе, для нашых дзяцей і ўнукаў.

Дэпутат канстатаваў: чысціня і парадак сталі ўжо нашым нацыянальным брэндам:

Звярніце ўвагу, колькі карыснага для добраўпарадкавання краіны зрабілі нашы людзі ў папярэднія гады! Успомнім хаця б штогадовыя суботнікі, у якіх удзельнічалі, не пабаюся сказаць, абсалютна ўсе — ад малога да вялікага: ад кіраўніка беларускай дзяржавы, членаў урада, парламентарыяў, дэпутатаў мясцовых Саветаў да школьнікаў і студэнтаў.

Усе разам наводзілі парадак на зямлі, у гарадах і сельскіх населеных пунктах, аднаўлялі лясны фонд, ачышчалі ад дзікай саматужнай расліннасці старыя паркі і скверы, стваралі рэкрэацыйныя зоны, добра-ўпарадкоўвалі воінскія пахаванні, рэалізоўвалі грамадзянскія ініцыятывы па будаўніцтве спартыўных і дзіцячых гульнявых пляцовак на прыдамавых тэрыторыях. Усяго не пералічыш«.

Алег Дзячэнка падсумоўвае: таму зачын мы маем салідны. Ён таксама адзначае, што ў прэзідэнцкім указе атрымалі адлюстраванне ў тым ліку і прапановы, якія паступілі ад грамадзян, дзе тыя падказваюць, на якія аб’екты варта звярнуць павышаную ўвагу або дзе неабходна сумеснымі намаганнямі акультурыць навакольнае асяроддзе.

— З маёй Асіповіцкай выбарчай акругі № 89 ад неабыякавых людзей, якія хварэюць у прамым сэнсе слова за лёс сваёй малой радзімы, такія прапановы паступаюць рэгулярна, — прыводзіць прыклад дэпутат. — Яны датычацца, у прыватнасці, пытанняў распаўсюджвання сумніку ў нашых лясах, а таксама вядомага заразнага паразіта — амялы белай. Хвалюе людзей і праблема зносу старых жылых і гаспадарчых будынкаў у вёсках, утылізацыі старых яблыневых садоў. Вопыт па добраўпарадкаванні нашай краіны назапашаны багаты. Праблемы вызначаны, задачы пастаўлены. За працу!

Дэпутаты дапамогуць!

«У Гомельскай вобласці добраўпарадкаванне тэрыторый знаходзіцца на пастаянным кантролі органаў кіравання і самакіравання ўсіх узроўняў, бо парадак на зямлі — пастаянная і штодзённая праца, — звяртае ўвагу член Савета Рэспублікі, старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зенкевіч. — Адзін з фактараў яе паспяховасці — заахвочванне мясцовых жыхароў. У 2023 годзе на Гомельшчыне прайшоў першы конкурсны адбор ідэй і ініцыятыў грамадзян з улікам акрэсленага на заканадаўчым узроўні механізма рэалізацыі праектаў грамадзянскіх ініцыятыў. Вопыт паказаў, што жыхары вобласці прапануюць цікавыя ідэі для развіцця тэрыторый сваіх населеных пунктаў. У мінулым годзе Гомельскі абласны Савет дэпутатаў накіраваў у абласную асацыяцыю мясцовых Саветаў дэпутатаў 111 заявак на ўдзел у конкурсным адборы грамадзянскіх ініцыятыў. Пераможцамі было прызнана 25 праектаў рознай тэматыкі з усіх раёнаў вобласці. Цяпер праходзіць новы конкурсны адбор. Ініцыятывы, накіраваныя на паляпшэнне якасці жыцця людзей, добраўпарадкаванне населеных пунктаў і ўвогуле развіццё патэнцыялу той ці іншай тэрыторыі актыўна падтрымлівае дэпутацкі корпус Гомельшчыны. 

У кожным горадзе, раёне, сельсавеце, вёсцы ёсць актывісты, неабыякавыя жыхары, якія імкнуцца праяўляць ініцыятыву, дапамагаць органам мясцовай улады ў вырашэнні хвалюючых пытанняў. А менавіта дэпутаты на сваіх тэрыторыях вызначаюць такіх актыўных людзей, дапамагаюць праявіцца ў ажыццяўленні карыснай справы. Бо вельмі важна аб’ядноўваць намаганні дзяржавы і грамадства па далейшым паляпшэнні якасці жыцця ў нашай краіне».

На карысць малой радзімы

Старшыня Слаўгарадскага раённага выканаўчага камітэта Андрэй Кажамякін лічыць, што акцэнт на добраўпарадкаванні дапаможа істотна палепшыць стан сельскіх тэрыторый і прыцягнуць цікавасць да размешчаных на іх славутасцяў. У Слаўгарадскім раёне гэта ўнікальны помнік прыроды рэспубліканскага значэння «Блакітная крыніца», які вядомы далёка за межамі Беларусі і з’яўляецца аб’ектам турызму і паломніцтва.

— Гэты аб’ект адзін з самых значных на тэрыторыі раёна, — кажа Андрэй Кажамякін. — Больш чым чатыры гады таму дзякуючы Прэзідэнту краіны ў нас быў пабудаваны вельмі важны для эканомікі раёна мост праз раку Сож. Слаўгарадскі раён з’яўляецца адным з тых, на які распаўсюджваецца дзеянне дзяржпраграмы развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна. Стану гэтых зямель Аляксандр Лукашэнка заўсёды аддае вялікую ўвагу. Наш раён моцна пацярпеў ад аварыі на ЧАЭС, але тэрыторыі адраджаюцца. Дзякуючы спецыяльнай праграме сюды прыходзяць інвестыцыі і едуць людзі. Пуцеправод звязаў два берагі ракі, вырашыў праблему, якая існавала доўгі час. У зімовы перыяд трапіць у Засожжа было праблематычна, прыходзілася абслугоўваць населеныя пункты, якія там знаходзяцца, у аб’езд. А гэта звыш 100 лішніх кіламетраў. Наведваць і даглядаць «Блакітную крыніцу» наогул было амаль немагчыма. Цяпер усё гэта ў мінулым. Мост не толькі вырашыў праблему, але і даў магчымасць актыўна развіваць турызм, скараціў адлегласць паміж раёнам і расійскім прымежжам. Сёлета мы плануем правесці яшчэ больш маштабную работу для развіцця інфраструктуры і стварэння больш камфортных умоў для знаходжання паломнікаў і турыстаў на нашым помніку прыроды рэспубліканскага значэння «Блакітная крыніца».

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю