Дыскурс аб ступені развіцця рынкавых прынцыпаў у эканоміцы, узроўні яе лібералізацыі з’яўляецца занадта абстрактным і, па сутнасці, бескарысным. Лібералізм памёр у другой палове XІX стагоддзя. І больш не адраджаўся. Ні ў Брытаніі, ні ў ЗША, ні, тым больш, у Еўропе. Пра гэта напісаў Фрыдрых фон Хаек, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па эканоміцы, яшчэ ў 1944 годзе. Ён быў прынцыповым апанентам іншага вядомага эканаміста — Джона Кейнса, які выступаў за рэгуляванне дзяржавай эканомікі. І тады ён перамог. З часоў дзікага Захаду эканоміка больш не вярталася да чыстых ліберальных асноў. Таму дыскурс на гэтую тэму з’яўляецца больш філасофска-гістарычным, чым практычным. І беларуская сацыяльна-эканамічная мадэль выбудоўвалася зыходзячы з зямных рэалій, а не абстрактных канцэпцый. А проза жыцця канстатуе: усе нацыянальныя эканомікі кіруюцца дзяржавай. Так адбываецца ў ЗША, ЕС і іншых дзяржавах. А рынак служыць толькі шыльдай для больш камфортнага пранікнення на чужыя рынкі.
Па вялікім рахунку, рынкавая эканоміка скончылася разам з прыходам новага курсу Франкліна Рузвельта. Яго эфекты і выніковасць выклікаюць шматлікія спрэчкі ў навуковай супольнасці. Але дзеянні адміністрацыі ў 30-х гадах былі далёкія ад свабод і дэмакратыі: усталёўваліся мінімальныя цэны, уводзіліся квоты на вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі, арганізоўваліся маштабныя грамадскія работы, каб павысіць занятасць і попыт на тавары... Пасля Другой сусветнай вайны ў эканоміцы капіталістычнага свету пераважала кейнсіянства. А гэтая тэорыя адхіляе самарэгулявальныя рынкавыя механізмы. Джон Кейнс краевугольным каменем у эканоміцы бачыў попыт, які дзяржава можа і павінна рэгуляваць.
А як жа рынкавая раўнавага, самарэгуляванне? Гэты механізм, па сутнасці, адмаўляецца. І ў нейкай ступені менавіта з гэтай прычыны ў кейнсіянскіх падыходах ёсць сур’ёзная супярэчнасць. Свабодны рынак XІX — пачатку XX стагоддзяў пакутаваў ад цыклічных крызісаў перавытворчасці, калі прапанова апярэджвала пакупніцкі попыт. У выніку тавары назапашваліся на складах, цэны на іх падалі, прадпрыемствам даводзілася закрывацца, звальняць рабочых, якія гублялі даход, і попыт станавіўся яшчэ ніжэйшы. Павелічэнне грашовай масы, а, кажучы прасцей, упырск у эканоміку грошай для стымулявання попыту, лагічна вырашае праблему попыту. Але не заўсёды і не ў поўнай меры. Патрэбы людзей не заўсёды супадаюць з прапановай. Скажам, склады могуць быць забітыя тэкстылем, а пакупнікі, атрымаўшы дадатковыя грошы, выстройваюцца ў чаргу па ноўтбукі або аўтамабілі, якіх не хапае, каб задаволіць усіх жадаючых. І рэзка павялічыць іх вытворчасць немагчыма. Таму цэны на гэтыя тавары пачынаюць расці. А неліквіды працягваюць заставацца незапатрабаванымі.
Праўда, гэтая праблема ярка выявілася ўжо пасля смерці вучонага ў 1946 годзе. Усё ж такі сто гадоў таму, калі зараджалася кейнсіянства, эканоміка была нашмат прасцейшая: і з пункту гледжання тэхналагічнага развіцця, і асартыменту прадукцыі. Жыхары той эпохі задавальнялі свае базавыя патрэбы: паесці, апрануцца, абставіць кватэру стандартнай мэбляй... Разам з ростам дабрабыту інтарэсы спажыўцоў становяцца больш шырокімі і разнастайнымі.
Вярнуцца да класічнай тэорыі свабоднага рынку паспрабавалі Маргарэт Тэтчэр і Рональд Рэйган у 1980-я. Праз некалькі дзесяцігоддзяў мы можам убачыць вынік: глыбокае прасяданне ўласнай вытворчасці і значны паток імпартных тавараў. Асноўны пастулат свабоднага рынку прадугледжвае, што ўсе вытворцы могуць выпускаць прадукцыі, колькі захочуць, а спажыўцы — набываць. І не існуе ніякіх перашкод для задавальнення іх амбіцый. Рызыкну выказаць здагадку, што такое магчыма пры рамесным вытворчым укладзе. Мноства шаўцоў, краўцоў, пекараў могуць больш ткаць, шыць або пячы. Могуць — менш. І свае вытворчыя магчымасці змяняюць у моманце. У прамысловай эканоміцы такая хуткасць рэакцыі не магчымая ў прынцыпе. Сучаснае прадпрыемства незалежна ад галіны патрабуе не толькі мільёнаў і мільярдаў інвестыцый, але яшчэ і 3-5 гадоў на будаўніцтва і запуск вытворчасці. І без планавання ўжо не абысціся. А таму свабодны рынак немагчымы. Альбо ён стане вельмі неэфектыўным.
Дарэчы, усе спробы лібералізацыі міжнароднага гандлю ў перыяд глабалізацыі прывялі да стварэння бясконцага збору правіл Сусветнай гандлёвай арганізацыі. І аўтарамі праекта былі менавіта капіталістычныя краіны. А як жа свабода рынку? Ды яна даўно існуе толькі ў тэорыі. І, уласна кажучы, апошнія сто гадоў эканамічная навука шукае найбольш эфектыўныя прылады кіравання эканомікай. І за гэты час былі выпрабаваны розныя інструменты. Якія з іх эфектыўныя? А гэта ўжо пытанне суб’ектыўнае з пункту гледжання мэт, якія ставяцца перад нацыянальнай эканомікай. А яны ў дзяржаў адрозніваюцца. Таму міжнародны вопыт, на які іншы раз модна спасылацца, можа з’яўляцца аб’ектам для вывучэння і аналізу, але не пераймання.
Уладзімір ВАЛЧКОЎ