У палескай сталіцы пройдзе II Брэсцкі абласны фестываль дзіцячай кнігі. Нагадаем, што першы прайшоў летась, у Баранавіцкім раёне, у вёсцы Новая Мыш.
На фестывалі ў Пінску збяруцца пісьменнікі, бібліятэкары, кнігавыдаўцы. А самыя галоўныя яго ўдзельнікі — юныя чытачы і іх бацькі, якія зацікаўлены, каб кніга з’яўлялася галоўным сродкам выхавання і адукацыі.
На свяце дзіцячай кнігі будзе наладжана шмат розных пляцовак, арганізаваных Брэсцкай абласной бібліятэкай імя Максіма Горкага, бібліятэчнымі ўстановамі Пінска і шэрагу рэгіёнаў Брэстчыны.
Мы плануем з дапамогай ААТ «Белкніга» арганізаваць кніжны гандаль, работу гульнявых пляцовак, дзе, зразумела, будзе гаспадарыць Яе Вялікасць Кніга, — дзеліцца планамі намеснік дырэктара Брэсцкай абласной бібліятэкі Ларыса Верамчук. — У арганізацыі фестывалю нас падтрымліваюць упраўленне культуры Брэсцкага аблвыканкама, Пінскі гарадскі выканаўчы камітэт, Пінская гарадская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма. Узнагародзім лепшых юных чытачоў, а таксама пераможцаў рэспубліканскага і абласнога конкурсаў чытальнікаў, якія прыедуць у Пінск з розных рэгіёнаў вобласці. Правядзём «круглы стол» «Чытанне дзяцей: партнёрскія адносіны пісьменнікаў, выдаўцоў і бібліятэкараў».
На фестывалі ў Пінску кнігагандаль, выдавецтвы прадставяць шмат кніжных навінак, якія адрасаваны юным чытачам. Іх будуць шырока прэзентаваць самі аўтары.
Мікола БЕРЛЕЖ