Барыса Васільевіча Стральцова, стагоддзе якога адзначаецца 1 сакавіка, у айчынную журналістыку і вышэйшую адукацыю спецыялістаў медыясферы Беларусі немагчыма пераацаніць. Адметна, што вядомы вучоны і публіцыст у 1953 — 1969 гадах працаваў у «Звяздзе», дзе ўзначальваў аддзел літаратуры і мастацтва. Затым выхоўваў пакаленні як звяздоўцаў, так і творчых асоб іншых рэдакцыйных калектываў ужо на факультэце журналістыкі БДУ.
Таленавіты і руплівы інтэлектуал
Прафесійныя кампетэнцыі журналіста Барыс Стральцоў загартаваў у раённай і маладзёжнай газетах, у рэспубліканскай «Звяздзе». Кандыдацкая дысертацыя ў манаграфічным аздабленні «Газета і мараль» падштурхнула яго да настаўніцтва. З 1968 года Барыс Васільевіч выбіраецца спачатку дацэнтам, затым загадчыкам кафедры. Сейбіт разумнага, добрага, вечнага на чатыры дзесяцігоддзі звязаў свае жыццё з БДУ. Маральныя каштоўнасці, якія Барыс Стральцоў абараняў у журналістыцы і студэнцкім асяроддзі, не выцвілі ад часу ў шматлікіх вучэбных дапаможніках і навуковых артыкулах. Рэфрэнам праз яго навуковую, педагагічную і публіцыстычную дзейнасць праходзіць думка «Журналістыка — гэта лад жыцця».

Барыс СТРАЛЬЦОЎ (у першым радзе, у цэнтры) сярод выпуснікоў журфака, сяброў і калег, 2003 г.
Сваю творчую ўвішнасць ён спаўна рэалізаваў у доктарскім даследаванні праблем мадыфікацыі прадмета і функцый журналістыкі ў жанравых формах. Стральцоўская сістэма інфармацыйных, аналітычных і мастацка-публіцыстычных жанраў дагэтуль запатрабавана ў акадэмічных колах, сярод журналістаў-практыкаў.
Засталася памяць пра цудоўнага чалавека. Асобу. Прафесіянала. Творцу. Журналіста. Даследчыка. Вучонага. Доктара філалагічных навук. Прафесара. Заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь. Асэнсоўваючы гэтыя і іншыя праявы характару таленавітага і руплівага інтэлектуала беларускай зямлі, прыходзіш да ўпэўненага пераканання — стрыжнем Барыса Стральцова была і застаецца місія Настаўніка. «Бывайце, Настаўнік», — напісалі «звяздоўцы» восенню 2009 года, калі прафесар пайшоў з жыцця.
Усе, каго жыццёвыя пуцявіны зводзілі з Барысам Стральцовым, памятаюць Настаўніка і пасля заканчэння яго зямнога шляху. Праз сорак дзён журналісты газеты «Рэспубліка» ў заметцы «Аўдыторыя імя Мэтра» паведамілі пра адкрыццё на факультэце журналістыкі імянной аўдыторыі знакамітага прафесара. Выпускнікі журфака розных пакаленняў не шкадуюць цёплых слоў, не скупяцца на эмацыянальныя ўспаміны, не абмяжоўваюцца ў слушных развагах рэтраспектыўным «быў». Часцей у настальгічных меркаваннях аб Настаўніку націскаюць на аптымістычнае «ёсць» — у журналісцкай творчасці кожнага паасобку і рэдакцыйных калектываў.
Настаўнік жыцця і лёсу
Даследчыцкая спадчына Барыса Стральцова багатая і разнастайная па кірунках і праблематыцы. Увага Настаўніка да працэсу развіцця здольных студэнтаў, падбор, замацаванне іх у даследчай майстэрні грунтаваліся на светапоглядным прынцыпе — наяўнасць абавязковага практычнага журналісцкага вопыту. Пад яго кіраўніцтвам былі абароненыя шматлікія кандыдыцкія дысертацыі.
У 1997 годзе Барыс Стральцоў узначаліў спецыялізаваны Савет па абароне доктарскіх дысертацый у галіне журналістыкі. Упершыню ў гісторыі журфака з’явілася магчымасць калектыўнай падрыхтоўкі кадраў вышэйшай кваліфікацыі. 4 дактары і 21 кандыдат навук, выпеставаныя з рэдактарска-кансультатыўным удзелам Барыса Васільевіча, і сёння вызначаюць даследчы патэнцыял інфармацыйнай галіны ведаў Беларусі.
«Каб быць паходняй, трэба свяціць» — ад гэтага прынцыпу Барыс Васільевіч не адступаўся ў жыцці ніколі. Гэтым друкаваным зваротам ён заклікаў журналістаў да прафесійнага, кваліфікаванага, творчага ўдасканалення інфармацыйнай прасторы Беларусі. Сваім газетным прыкладам паказваў узоры публіцыстычнага асэнсавання рэчаіснасці, а празаічнымі творамі пракладваў шляхі для дасягнення жаданага майстэрства і маральнага суладдзя з жыццём.
Васіль ВАРАБ’ËЎ, прафесар кафедры медыялогіі факультэта журналістыкі БДУ