Top.Mail.Ru

«Да 15:00 яшчэ можна спакойна паехаць, а потым...» Пасажырка маршруткі да Фаніпаля аб праблеме дабрацца дадому

Людзі, якія чакаюць маршрутак у Мінску, расказалі БелТА аб цяжкасцях, з якімі часам сутыкаюцца пры паездках на гэтым відзе транспарту.


Раніцай у суботу на прыпынку маршрутак побач са станцыяй метро «Малінаўка» чэргаў амаль няма. Мікрааўтобусы рэгулярна прыязджаюць і забіраюць усіх ахвочых. Аднак, паводле слоў людзей, якія тут знаходзяцца, так адбываецца не заўсёды. «Да 15:00 яшчэ можна спакойна паехаць. А потым ужо не хапае транспарта. І калі маршруткі ідуць з „Плошчы Леніна“ ці „Інстытута культуры“, то на „Малінаўцы“ яны ўжо не спыняюцца, таму што запоўнены поўнасцю. Гэта ў асноўным у буднія дні так, але і ў выходныя таксама бывае. Пасля 15:00 ужо цяжка паехаць, бо ўсе едуць з работы», — расказала Ксенія, якая чакала маршрутку да Фаніпаля.

У тым жа ключы выказалася і навучэнка каледжа Валерыя, якая разам з сяброўкай чакала маршрутку да Дзяржынска. «Самы вялікі паток людзей раніцай і калі ўсе вяртаюцца з працы, прыкладна ў 15-16 гадзін, а таксама ў пятніцу і нядзелю, калі ўсе едуць на дачу і назад. З Дзяржынска ў Мінск таксама не заўсёды проста дабрацца. Раніцай у мяне маршрутка ў 6:50, і я ўвесь час не магу паехаць, таму што шмат людзей. І вось так кожны дзень мне ездзіць даводзіцца», — адзначыла Валерыя.

Пры гэтым на некаторых іншых напрамках такіх праблем людзі не адчуваюць. «Я езджу на маршрутцы прыкладна раз у тыдзень да сваёй мамы. У мяне праблем з транспартам не ўзнікае. Сказаць, што маршрутка цалкам пустая, нельга, сядзячыя месцы занятыя, але няма і такога, каб не праціснуцца было», — падкрэсліла Кацярына, якая чакае маршрутку да аграгарадка Дворышча.

Не так шмат людзей было раніцай у суботу і на прыпынках маршрутак на дыспетчарскай станцыі «Дружная». «Мікрааўтобусы ходзяць дастаткова часта. Вядома, у гадзіну пік, прыкладна з 17 да 19 гадзін, на Мачулішчы едзе шмат людзей. А ў зваротным напрамку больш людзей раніцай едзе, там і школьнікі, і студэнты, і астатнія. Я кожны дзень так езджу і не магу сказаць, што доўга даводзіцца чакаць ці што чэргі вялікія. Маршруткі ходзяць кожныя восем хвілін, так што дастаткова зручна дабірацца», — расказала Святлана Аляксандраўна, якая чакае маршрутку да Мачулішчаў.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю