Top.Mail.Ru

Да 2029 года ў Беларусі плануецца распрацаваць 153 новыя стандарты ў высокіх тэхналогіях

У 2026 годзе Дзяржстандарт працягвае пачатую яшчэ ў 2021-м тэму «Агульнае бачанне для лепшага свету. Стандарты для дасягнення Мэт устойлівага развіцця». Бо стандартызацыя сёння — адзін з ключавых элементаў падтрымкі прамысловасці і асваення новых вытворчасцяў.


Заўсёды на крок наперадзе 

Таму нядзіўна і тое, што ў апошнія гады апераджальная стандартызацыя, асабліва ў высокатэхналагічных галінах, іграе важную ролю ў паслядоўным развіцці нашай краіны. Прычым апярэджанне датычыцца як вырабу ў цэлым, так і яго найбольш важных якасных паказчыкаў, а таксама спосабаў і сродкаў вытворчасці, выпрабаванняў і кантролю.

— Дзяржстандартам сумесна з галіновымі рэгулятарамі і практыкамі, Нацыянальнай акадэміяй навук распрацавана і рэалізуецца праграма апераджальнай стандартызацыі ў прыярытэтных сферах нацыянальнай эканомікі да 2029 года. Прынятая ў канцы 2025 года, яна ўжо двойчы дапаўнялася, — адзначыў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Аляксандр БУРАК.



Так, са 126 колькасць стандартаў у праграме вырасла да 153. Сярод ключавых кірункаў — лічбавыя тэхналогіі і штучны інтэлект, інавацыйныя тэхналогіі ў прамысловасці і аграпрамысловым комплексе, біялагічныя, хімічныя тэхналогіі, навуковае і навукова-тэхнічнае забеспячэнне бяспекі чалавека, грамадства і дзяржавы.

Увогуле праграма апераджальнай стандартызацыі ў прыярытэтных сферах нацыянальнай эканомікі выконваецца даволі інтэнсіўна. Напрыклад, сёлета было выканана звыш 40 % тэм, якія прадугледжаны ў праграме, зацверджана 11 стандартаў у сферах штучнага інтэлекту, аптычных і лазерных тэхналогій, робататэхнікі, прамысловых пагрузчыкаў, абсталявання ў металургіі і не толькі.

І штучны інтэлект, і робаты

Апераджальная стандартызацыя спрыяе выкананню адной з ключавых стратэгічных задач — сістэмнаму падыходу да асваення робататэхнікі ў краіне. Для гэтага распрацоўваюцца стандарты па яе праектаванні, патрабаваннях бяспекі, метадах тэсціравання сістэм і іншых кірунках. Як падкрэсліў Аляксандр Бурак, усяго ў гэтай сферы плануецца стварыць 22 ДАСТы, у тым ліку на аснове міжнародных патрабаванняў і нацыянальных стандартаў Кітайскай Народнай Рэспублікі. На сённяшні дзень ужо распрацаваны і зацверджаны тры з іх. План дзяржаўнай стандартызацыі на 2026 год прадугледжвае і распрацоўку пяці ДАСТаў у галіне штучнага інтэлекту.


Але, каб стандарты не заставаліся на паперы, патрэбна яшчэ і надзейная выпрабавальная база, звярнуў увагу дырэктар Беларускага дзяржаўнага інстытута стандартызацыі і сертыфікацыі (БелДІСС) Аляксандр СКУРАТАЎ. У прыватнасці, інстытут завяршае стварэнне базы для выпрабаванняў зарадных станцый пастаяннага току. Яшчэ адзін перспектыўны кірунак, над стандартамі ў якім установа актыўна працуе, — кібербяспека беспілотнага электратранспарту. Тэма зараз актуальная ва ўсім свеце з прычыны актыўнага пранікнення лічбавых тэхналогій у сферу:

— Еўрапейскі саюз, Рэспубліка Карэя і Японія ўжо ўвялі такія патрабаванні і такім чынам стварылі сур’ёзную абарону для свайго ўнутранага рынку, — адзначыў дырэктар БелДІСС. — Таму што забеспячэнне кібербяспекі аўтамабіля мае вырашальнае значэнне для бяспекі дарожнага руху ў цэлым.

Не застаюцца па-за ўвагай і адытыўныя тэхналогіі (вытворчасць па прынцыпе 3D-друку): на працягу некалькіх гадоў БелДІСС разлічвае завяршыць будаўніцтва буйнога выпрабавальнага комплексу, у якім спецыялісты будуць правяраць як матэрыялы для такіх вытворчасцяў, так і гатовыя вырабы з іх.


Высокатэхналагічныя планы

Дарэчы, план дзяржаўнай стандартызацыі на 2027 год ужо знаходзіцца на разглядзе і дапрацоўцы. «На сённяшні дзень ён уключае 739 тэм. Акцэнт будзе зроблены на распрацоўцы стандартаў у высокатэхналагічных галінах, якія змяшчаюць сучасныя патрабаванні ў падтрымку развіцця прамысловасці, сацыяльнай сферы, якасці і бяспекі прадукцыі, работ і паслуг», — патлумачыла начальнік упраўлення тэхнічнага нарміравання і стандартызацыі Дзяржстандарта Аксана ГРЫШКЕВІЧ. Таксама, па яе словах, да канца года плануецца завяршыць стварэнне тэхнічнага камітэта па атамнай тэхніцы.

Аміна НАЗАРАВА
Фота БелТА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю